Сумесны рэйд з ДАІ не выявіў парушэнняў пры перавозцы пасажыраў на карэліцкіх дарогах

З 26 верасня па 2 кастрычніка супрацоўнікі ДАІ засяродзілі максімум увагі на прафілактычных мерапрыемствах за выкананнем перавозчыкамі пасажыраў патрабаванняў Правілаў дарожнага руху.

– Калі кожны з нас адпраўляецца ў паездку, то, вядома, ён хоча без усялякіх непрыемных прыгод дасягнуць пункта прыбыцця. Таму асноўнай мэтай дадзеных мерапрыемстваў з’яўляецца павышэнне бяспекі дарожнага руху і недапушчэнне здарэнняў пры ажыццяўленні дзейнасці, звязанай з перавозкай пасажыраў. Мы кантралюем, у тым ліку сумесна з Транспартнай інспекцыяй, выкананне ПДР вадзіцелямі таксі, маршрутак і рэйсавых аўтобусаў, – адзначыў начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка.

Рэйд у г.п. Карэлічы паказаў, што перавозчыкі добрасумлена ставяцца да сваіх абавязкаў. Усімі запыненымі транспартнымі сродкамі кіравалі вадзіцелі з вялікім стажам. Пры гэтым праверку яны праходзілі сур’ёзную. Агляду належыла ўсё: дакументы, стан транспартнага сродку, рамяні бяспекі, пуцёўкі, рэжым працы і адпачынку, вогнетушыцелі, знакі аварыйнага прыпынку, супрацьадкатныя ўпоры, аптэчкі. У поле зроку трапілі і два карэліцкія школьныя аўтобусы. Да іх вадзіцеляў таксама не знайшлося прэтэнзій, ды і ў пытаннях бяспекі пры перавозцы дзяцей інакш быць і не павінна.

Вядома, адзін рэйд з добрымі вынікамі – не паказальнік. На жаль, па ўсёй рэспубліцы супрацоўнікамі ДАІ фіксуецца шэраг парушэнняў перавозчыкамі пасажыраў патрабаванняў Правілаў дарожнага руху. Але, дзякуючы комплексу прафілактычных мерапрыемстваў, апошнім часам іх колькасць трымае вектар на зніжэнне.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара