Гармонично и достойно: книга жизни бывшего зоотехника колхоза имени Чапаева Софии Лопато

Мабыць, кожны з нас, ідучы на сустрэчу з незнаёмым дагэтуль чалавекам, заўсёды адчувае сябе ў ролі чытача, якому ўпершыню трапляе ў рукі кніга невядомага аўтара. І ты, перагортваючы яе старонкі, міжволі задаешся пытаннем: ці спадабаецца твор, ці ўсхвалюе, ці пакіне незабыўны след у душы, або, наадварот, знешне глянцава-прыгожы, акажацца папсовым выданнем, далёкім ад рэальнага жыцця, разлічаным на непатрабавальную катэгорыю людзей. Жыццё чалавека, на мой погляд, накшталт кнігі: альбо нікчэмнае і пустое, альбо цікавае, напоўненае незабыўнымі шчаслівымі момантамі, сярод якіх і выпрабаванні не ўспрымаюцца як непераадольваемыя цяжкасці.

Кніга жыцця Соф’і Давыдаўны Лапата, былога заатэхніка калгаса імя Чапаева, пазней увайшоўшага ў склад калгаса “Маяк”, — якраз з ліку незабыўных, таму што ў ёй гарманічна ўвасобіліся прыроджаная знешняя, не знікшая з узростам, прыгажосць, невычэрпнае духоўнае багацце, неверагодная любоў да людзей, адданасць зямлі, вёсцы, нялёгкай для жанчыны прафесіі заатэхніка, чалавекалюбства. А гэта выклікае шчаслівае разуменне: не, не зніклі ў нашым асяроддзі людзі, якія з годнасцю множылі і множаць славу роднага краю і могуць служыць прыкладам для пераймання, аб чым яскрава сведчаць старонкі лёсу цудоўнейшай жанчыны — Соф’і Давыдаўны Лапата.

СТАРОНКА ПЕРШАЯ:

ДЗЯЦІНСТВА.

Нарадзілася Соф’я Давыдаўна ў 1938 годзе на хутары непадалёку ад вёскі Ігольнікі Навагрудскага раёна ў вялікай дружнай сям’і Шынтароў. У ёй было адзінаццаць дзетак, праўда, двое з іх памерлі яшчэ немаўляткамі, астатнія ж дзевяць раслі здаровенькімі, паважлівымі, працавітымі, на радасць бацькам. Дзіцячая памяць не захавала ўспамінаў аб даваенным часе, але аб тым, як жылося сям’і на хутары, не раз расказвалі тата і мама сваім падросшым сынам і дачушкам. Па іх словах, мелі нямала зямлі, вялі вялікую гаспадарку, працавалі ад рання да цямна, прывучалі і дзетак да працы, дзякуючы гэтаму жылі няблага. Палітыка раскулачвання, пад якую трапіла і сям’я Шынтароў, пазбавіла людзей усяго нажытага, многіх саслалі з родных месцаў у чужыя далёкія краі. Шынтароў ад высылкі выратавала тое, што гадавалі шмат дзяцей. Прыйшлося пакінуць апусцелы хутар, пераехаць у в. Ігольнікі і пачынаць жыццё з нуля. Неяк справіліся, пабудавалі ў вёсцы новую хату, займелі сякую-такую гаспадарку. І працавалі, працавалі, працавалі… Здавалася, усе цяжкасці засталіся ў мінулым, а тут яшчэ больш страшнае выпрабаванне — вайна… Маленькай Сафійцы на той час споўнілася тры гады. І хоць бацьку не прызвалі ў армію, нацярпеліся ўдосталь, адно толькі радавала: засталіся жывымі і бацькі, і дзеці. Пачуццё ж голаду і страх, разгубленасць перад пачарнелымі ад гора ўдовамі, усведамленне горкага сэнсу слоў “сірата”, “смерць ад кулі і ран” — гэта лягло на сэрцы таго пакалення назаўжды… Пасляваенныя гады таксама былі няпростымі.

Адным словам, дзяцінства Соф’і Давыдаўны не назавеш бязвоблачным. Гэты перыяд стаў для яе свайго роду школай, дзе нараджалася прага да ведаў, да вучобы, дзе гартаваўся характар, шліфаваліся каштоўныя чалавечыя якасці ў ім, вызначаліся правільныя жыццёвыя арыенціры.

СТАРОНКА ДРУГАЯ:

ШЛЯХ ДА ПРАФЕСІІ

Бацькі хацелі бачыць сваіх дзяцей адукаванымі, таму прыкладвалі ўсе намаганні, каб яны вучыліся. Здольная Соф’я, скончыўшы ў родных Ігольніках сямігодку, прадоўжыла адукацыю ў Кашалеўскай СШ, што ў 10 км ад дома. Як можна было, адмерваючы пехатою штодзень 20-кіламетровую адлегласць, паспяваць дапамагчы матулі па гаспадарцы і падрыхтаваць дамашнія заданні! Спраўлялася, імкнулася быць у класе лепшай, каб тата і мама ганарыліся дачкой. Атрымаўшы атэстат аб сярэдный адукацыі, Соф’я без ваганняў падала дакументы ў Шчучынскі сельгастэхнікум на заатэхнічны факультэт, і ўсе тры гады вучобы лічылася адной з лепшых студэнтак. Пасля заканчэння тэхнікума прыехала па размеркаванні ў Клецкі раён, але так атрымалася, што малады спецыяліст там не спатрэбіўся. Таму паспрабавала працаўладкавацца ў г. Навагрудак, а ў выніку апынулася ў в. Горная Рута ў калгасе імя Чапаева ў Карэліцкім раёне, стаўшым для яе другой малой радзімай. “У склад калгаса ўваходзілі тады, — успамінае Соф’я Давыдаўна, — шэсць вёсак, гаспадарка была адной з самых адстаючых у раёне, а мяне, маладога, нявопытнага работніка, адразу ж прызначылі на пасаду галоўнага заатэхніка! Уявіце сабе мой адчай, бо не ведала, з чаго пачаць!”

СТАРОНКА ТРЭЦЯЯ:

ПРАФЕСІЙНАЕ СТАНАЎЛЕННЕ

Пачала ж малады заатэхнік выкананне сваіх абавязкаў з загаду… самой сабе: не апускай рукі, не здавайся, не панікуй, дакажы, што вучылася нездарма. Перш-наперш вырашыла пазнаёміцца са становішчам спраў на фермах, іх у калгасе налічвалася шэсць, у кожнай вёсцы — свая. Абысці пешшу за дзень 6 вёсак было немагчыма, таму прыйшлося вучыцца ездзіць на кані. Навучылася! Як і пазней вадзіць машыну, здаўшы на правы. Уражанні ад убачанага на фермах не ўзрадавалі, узнікла шмат пытанняў, вырысаваліся праблемы, вырашаць якія патрэбна было неадкладна: накіраваць заатэхнічную службу калгаса ў правільнае рэчышча, прадумаць і ўкараніць сістэму матэрыяльнага заахвочвання работнікаў фермаў, у першую чаргу даярак, дабівацца высокай працоўнай дысцыпліны ў калектыве, вялікую ўвагу ўдзяляць нарыхтоўцы кармоў. Колькі бяссонных начэй прайшло ў роздумах, турботах! Калі зразумела, што не хапае дастатковых ведаў, завочна скончыла Гродзенскі сельгасінстытут. Дасціпная, упартая ў дасягненні мэты, патрабавальная да сябе і іншых і ў той жа час паважлівая ў адносінах да людзей, у хуткім часе заваявала ў іх зайздросны аўтарытэт.

Праз некаторы час калгас імя Чапаева ўвайшоў у склад калгаса “Маяк”, спраў прыбавілася. З вялікай цеплынёй успамінае Соф’я Давыдаўна той перыяд: “Пасля аб’яднання калгасаў усё стала па-другому. Гаспадарку ўзначаліў Уладзімір Максімавіч Сатыга, незвычайны па сваёй натуры чалавек, цудоўнейшы кіраўнік. Сапраўдны сын зямлі, ён валодаў ад Бога дадзеным дарам: умеў любіць людзей, цаніць іх, берагчы, таму яны стараліся не падвесці старшыню. Бывала, даяркі ноччу па сваёй ініцыятыве хадзілі на ферму, падкормлівалі сіласам кароў, каб павысіць надой малака. Карацей кажучы, ад мудрых кіраўнікоў, ад простых працаўнікоў калгаса атрымоўвала каштоўнейшы вопыт у прафесійным станаўленні. Іменна ім, з кім не адзін пуд солі з’ела, як кажуць, я ўдзячна за тое, што мая праца ў лютым 1975 года была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, знакам “Ударник десятой пятилетки”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” (1973 г.). За ўсё на свеце, добрае і радаснае, я абавязана людзям, сваёй сям’і”.

СТАРОНКА ЧАЦВЁРТАЯ:

СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ

Замуж Соф’я выйшла, па вясковых мерках, позна — у 27 гадоў. Прычына адна: не да хлопцаў было, работа адымала ўвесь свабодны час, але дзяўчына паспявала ў калгасным хоры спяваць, бывае, удавалася збегаць у кіно ды на вясковыя танцы. Іменна на танцах сустрэла Соф’я сваё шчасце: гарнаруцкага хлопца Васіля Лапату. Ён толькі адслужыў армію, вярнуўся ў родную вёску, прыйшоў з сябрамі на танцы і там прыкмеціў незнаёмую прыгажуню. “Хлопцы, — аб’явіў на ўвесь пакой Васіль, — гэтую дзяўчыну на вальс не запрашайце: яна — мая і будзе маёй жонкай!” Як прыгаварыў, бо так і здарылася. У хуткім часе сыгралі вяселле, сціплае, па-вясковаму шчырае.

Васіль Мікалаевіч спачатку працаваў у Навагрудку, абслугоўваў халадзільныя канструкцыі ў арганізацыях горада і раёна, пасля жаніцьбы пераехаў у родны калгас, уладкаваўся у мехмайстэрню, быў майстрам на ўсе рукі. “Харошым быў мой Васіль, — усхвалявана дзеліцца ўспамінамі Соф’я Давыдаўна, — я за ім адчувала сябе як за каменнай сцяной. І вяскоўцы яго любілі за залаты характар, залатыя рукі. Дапамагаў мне літаральна ва ўсім, дачушку Леначку пеставаў неверагодна, у 64 гады згарэў ад цяжкай хваробы, хавалі яго як вялікага чалавека. Я была шчаслівай жонкай, а гэта вельмі дапамагала ў працы. Сям’я — гэта вяршыня шчасця кожнай жанчыны. Мы з Васем пачыналі сумеснае жыццё з нуля, жылі спачатку ў выдзеленай нам кватэры ў Горнай Руце, у 1986 г. перабраліся ў новы дом з ліку 11, пабудаваных калгасам для спецыялістаў у в. Паланая, там планаваўся аграгарадок. Так радаваліся, калі пераехалі, з такой любоўю набывалі мэблю, неабходныя рэчы. Жылі дзеля шчасця. На вёсцы, калі любіш зямлю, не цураешся працы, можна дабіцца многага: і дастатку, і кар’ернаа росту, таму крыўдна, што моладзь скептычна адносіцца да прапаноў асталявацца ў сельскай мясцовасці. Мы з мужам дабрабыт ладзілі сваімі рукамі, трымалі вялікую гаспадарку, было чым сустрэць і пачаставаць гасцей. Цяпер вось жыву ў доме дачкі і зяця ў г.п. Карэлічы. Магла

заставацца ў Паланой, але вырашылі ўсе разам, што мне з імі будзе лепей, ды й зразумела: пакуль маю сілы дапамагаць, трэба дапамагаць. І дачка, і зяць Валерый — залатыя людзі, мяне берагуць, паважаюць, цэняць. Цешу душу ўнукамі, праўнучкай, радуюся жыццю, а што другое патрэбна для шчасця?” І сапраўды, хіба можна ў нечым запярэчыць жанчыне, твар якой, погляд маладых сініх вачэй вылучае такое святло, якое дае права сказаць: “Вось так і выглядае шчаслівая старасць шчаслівага чалавека”.

Пры размове прысутнічала дачка Соф’і Давыдаўны, абаяльная, прывабная Алена Васільеўна Лісоўская, якая працуе намеснікам дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі. З першых хвілін можна было зразумець, наколькі цесная роднасная сувязь існуе паміж матуляй і дачкой, на жаль, рэдкая ў наш час! Гэта чыталася ў пяшчотным выразе вачэй, манеры гаварыць, у словах, за кожным з якіх свяціліся павага, шчырая любоў, зайздроснае яднанне душаў і сэрцаў.

“Мама мая — неардынарны чалавек, у яе многаму навучылася і вучуся па сённяшні дзень, імкнуся многае пераняць, асабліва ў рысах характару, ва ўменні ладзіць узаемаадносіны з людзьмі. У мамы ёсць дзіўная рыса характару: усё павінна мець сваё месца ў хаце, у двары, усё трэба трымаць у парадку! Яна вельмі добры, мяккі чалавек пры наяўнасці камандзірскіх задаткаў. Ніколі ні на кога не хавае крыўды, умее дараваць, ненавязліва даць параду. Вельмі любіць гаспадарку, агарод, раней шмат вязала: спаднічкі для мяне, шкарпэткі, рукавіцы для ўсёй сям’і. І сёння яна знаходзіць справу для рук, хоць мы з мужам пярэчым, бо ж напрацавалася ўдосталь за 82 гады. А яна і курачак хоча пакарміць, і свінак, якіх трымаем. Пасля выхаду на пенсію па просьбе старшыні калгаса яшчэ два гады ўзначальвала свінакомплекс у в. Стрэльнікі. Дзякуй калгасу, не забываюць маму, запрашаюць на розныя мерапрыемствы, дораць падарункі. Часта заязджаюць старшыня Красненскага сельсавета Т. М. Лейка, намеснік старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце В. Я. Грыгаровіч, цікавяцца станам здароўя мамы, заўсёды адгукаюцца на просьбы, калі яны ўзнікаюць. Тата таксама застанецца ў маёй памяці як найдабрэйшы чалавек. Ніколі ў хаце не чула скандалаў, мае залатыя бацькі падарылі мне шчаслівае дзяцінства, дапамаглі знайсці сябе ў жыцці. У мяне — незвычайныя бацькі, цудоўная мама, я вельмі ёй і тату за ўсё ўдзячна, я люблю іх бясконца”.

На гэтай старонцы заканчваю гартаць Кнігу жыцця Соф’і Давыдаўны Лапата, хоць засталіся і другія, не менш цікавыя. Але і прачытаных, на мой погляд, дастаткова, каб сказаць: “Жыццё пражыта Вамі, дарагая Соф’я Давыдаўна, хораша і дастойна, за яго не сорамна ні перад людзьмі, ні перад дачкой, ні перад унукамі і праўнукамі. Свае ж пажаданні Вам выказваю Вашымі ж словамі, якія Вы адрасавалі жыхарам Карэліччыны: няхай спрыяе Вам здароўе, няхай заўсёды існуюць побач з Вамі Дабрыня, Чалавечнасць, Мір і Спакой!”

 

Галіна КАЛТУНОВА

Фота Іны ЛЕЙКА