Для іх няма нічога немагчымага. Работнікі культуры Карэліччыны дапамагаюць юным і дарослым землякам жыць ярка і цікава

?? Ператвараць будні ў святы, абуджаць у сэрцах людзей лепшае, несці ў масы святло мастацтва – здаецца, для работнікаў культуры няма нічога немагчымага. Напярэдадні прафесійнага свята юныя і дарослыя карэліччане накіроўваюць ім шчырыя словы падзякі і захаплення.

?? Там, дзе радасці крыніцы

Ураджэнка вёскі Антанёва Лілія Жук не ўяўляе сябе без карэліцкай зямлі. І хоць з мужам Мікалаем яны пастаянна жывуць у Бабруйску, але, як толькі выдаецца вольны час, адразу прыязджаюць на малую радзіму ў Ярэмічы. Тут іх чакае не толькі бацькоўская хата, але і мясцовы Дом культуры.

– Відаць, артыстычныя схільнасці закладзены ў генах нашай сям’і. Ці, можа, тутэйшая зямля асаблівым чынам спрыяе гэтаму? Калісьці маляўнічы Прынёманскі край абудзіў у браце майго мужа – знакамітым беларускім акцёры, празаіку, паэце і сцэнарысце Анатолію Жуку – творчыя здольнасці. А цяпер і мяне лёс менавіта тут звязаў са сцэнай, – звонкім, поўным радасці голасам расказвае Лілія Жук. – Ужо тры гады я – удзельніца вядомага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” пры Ярэміцкім Доме культуры. І хоць усё працоўнае жыццё прысвяціла сферы адукацыі, а на культурных падзеях была звычайна гледачом, вельмі радая такому павароту.

“Закрытыя твары” падарылі мне столькі яскравых і незабыўных момантаў! Памятаю, як толькі ўбачыла іх выступленні, падышла да кіраўніка калектыву Марыі Крэнь і папрасілася ў артысты. Так у Ярэмічах у мяне пачалося новае жыццё, я нібы скінула багата гадоў.

Цікава, што ў нашай творчай камандзе – людзі залатога ўзросту. Але калі мы надзяваем маскі (якіх, да слова, хутка ўжо будзе каля сотні), то нашы гледачы думаюць, што перад імі маладыя артысты. Сапраўды, у людзей, якія займаюцца творчасцю, няма ўзросту. Ва ўсе вякі для чалавека галоўнае, ці захаваў ён у сваёй душы бадзёрасць, цікавасць да жыцця, жаданне дзяліцца з іншымі чымсьці добрым і светлым. Таму я, як і ўсе ўдзельнікі калектыву, заўжды з нецярпеннем чакаю нашу кожную сустрэчу. Мы часта збіраемся, абмяркоўваем былыя выступленні, дзелімся ўражаннямі, разам знаходзім ідэі для будучых нумароў. Да слова, зараз ідзе актыўная праца над навагоднімі персанажамі, але ёсць даўняя мара зрабіць “Брэменскіх музыкаў”.

Асобна хачу сказаць пра ядро калектыву – нашу шаноўную Марыю Крэнь. Гэта ўнікальны чалавек, майстар з залатымі рукамі, энтузіяст сваёй справы. Яна так зараджае нас сваёй энергіяй! Адразу з’яўляецца натхненне жыць і тварыць далей.

Увогуле, з Ярэміцкім Домам культуры ніколі не засумуеш. Тут у чалавеку ўмеюць убачыць іскры творчасці і распаліць агонь. Так, у многіх сельскіх населеных пунктах ёсць установы культуры, але не ўсюды праца ідзе так хораша і ладна, як у Ярэміцкім Доме культуры. Гэта месца як магніт для ўсіх – і дзяцей, і дарослых. Тут для кожнага знойдзецца занятак і мерапрыемства па душы. Я, апроч “Закрытых твараў”, з радасцю наведваю жаночы клуб “Алеся” пад кіраўніцтвам чалавека з вялікім сэрцам і мноствам ідэй – загадчыка Ярэміцкага Дома культуры Людмілы Кавалеўскай. Якія душэўныя ў нас праходзяць вечарыны! На адной з іх я, дарэчы, дзялілася сакрэтамі хатняй гарбаты з зёлак.

Атмасфера Дома культуры настолькі плённая, што нават дома рукі цягнуцца рабіць нешта асаблівае: вышываць альбо ствараць незвычайныя рэчы. Вялікі дзякуй за гэтыя моцныя эмоцыі! Жадаю нашым дарагім работнікам культуры і надалей абуджаць сэрцы людзей да мастацтва і прыгажосці!

?? За мудрасцю кніг і цеплынёй сустрэч

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Карэлічы-Лён” Наталія Дасько як толькі ўваходзіць у Карэліцкую раённую бібліятэку, пачынае ўзгадваць мінулае. Памятае нават, дзе і з якімі кнігамі стаялі сцелажы ў яе маленстве. Асабліва цёплая атрымоўваецца экскурсія па дзіцячай бібліятэцы. Тут нашу суразмоўцу чакае настальгічная сустрэча. Бібліятэкар Марына Вярбіцкая памятае Наталію Дасько яшчэ школьніцай і рада бачыць, што і зараз жанчына актыўна чытае.

– Некаторыя кажуць, што праз пэўны час людзі будуць наведваць не бібліятэку, а толькі інтэрнэт. Але мне адразу ўзгадваецца цытата з фільма “Масква слязам не верыць” пра тое, што “не будзе ні кіно, ні тэатра, ні кніг, ні газет, адно тэлебачанне”. Як бачым, прайшлі дзесяцігоддзі, а гэта ўсё існуе. І бібліятэкам, упэўнена, наканавана доўгае і цікавае жыццё. Тым больш, такім цудоўным, як наша, – упэўнена Наталія Дасько. – Я іду сюды не толькі за кнігамі, але і за асаблівымі сустрэчамі. Для мяне наша бібліятэка нібы блізкі чалавек, і ўжо шмат гадоў нас звязваюць самыя шчырыя адносіны. І гэта не толькі маё меркаванне. Вы толькі паглядзіце навокал: багаты кніжны фонд, прафесіяналізм і добразычлівасць калектыву, запамінальныя мерапрыемствы і праекты, заўжды цікавыя госці. Як можна не любіць гэта месца! Так, унаш век гаджэтаў я сама часам звяртаюся да электронных кніг. Але нішто не заменіць для мяне пахода ў бібліятэку. Гэта, мусіць, сямейнае. Мой тата не паспеў выйсці на заслужаны адпачынак, як першай справай папрасіў запісаць яго ў бібліятэку. Бо з ёй жыць весялей, тут ёсць непаўторная магія, душа. А нашы бібліятэкары, якія, заўважу, зусім не выпадковыя людзі ў сваёй прафесіі, так добра ведаюць густы карэліччан, што заўжды падкажуць вартую ўвагі кнігу і здзівяць цікавым мерапрыемствам. Няхай прафесійны і асабісты поспех стане для калектыву бібліятэкі верным спадарожнікам, каб усе планы і мары лёгка ўвасабляліся ў жыццё!

?? Калыска мірскіх талентаў

Мірская дзіцячая школа мастацтваў сустракае рознагалоссем музыкі і дзіцячым смехам. Дар’я Пенкрат тут займаецца на цымбалах ужо шосты год. Усе педагогі ў адзін голас кажуць, што дзяўчынка – выдатніца, надзвычай актыўная, таленавітая, выхаваная і добрасумленная. Да таго ж, Дар’я актыўна займаецца спортам, спявае ў царкоўным хоры, задзейнічана ў танцавальным і вакальным калектывах пры Мірскім Доме культуры. Увогуле, бачыць і развіваць у сваіх вучнях лепшае, ведаць, чым яны жывуць, – асноўны прынцып працы мясцовай школы мастацтваў.

– Я ўдзячная за тое, як шмат сіл і ведаў у мяне тут укладваюць і вераць у мой поспех. У нашай школе мастацтваў кожны вучань для свайго педагога – зорачка. Таму сюды заўжды мы спяшаемся з радасцю і нецярпеннем, – з запалам расказвае пра любімую ўстанову Дар’я Пенкрат. – Я пачынала займацца ў Дар’і Дзмітрыеўны Малышчык, зараз мой педагог – Галіна Міхайлаўна Шах. Я ведаю, што яна вучыць дзяцей ужо больш за сорак гадоў. Гэта вялікі вопыт, і з Галінай Міхайлаўнай усе нашы заняткі праходзяць лёгка і цікава. Вядома, у нашай школе мастацтваў ёсць з чаго выбраць. Тут вам і баян, і балалайка, і фартэпіяна, і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, і музычная тэорыя. Але для мяне цымбалы – самы чароўны інструмент. Тым больш, ён блізкі беларусам. Люблю выконваць на цымбалах розныя кампазіцыі: народныя, сучасныя, класіку. Прычым, не толькі для сябе, але і для шырокай публікі. Я часта выступаю на канцэртах і конкурсах. Асабліва запомніліся такія раённыя падзеі, як фестывалі “Сузор’е талентаў” і “Галасы традыцый”, конкурс “Маладыя выканаўцы”. Прызнаюся, я заўжды хвалююся перад выхадам на сцэну, але падтрымка педагогаў і вучняў школы мастацтваў дапамагае пераадолець страх і добра выступіць. Упэўнена, наперадзе нас усіх чакае шмат дзівосных падзей і перамог!

?? Спадчыны найвялікшы скарб

За тры дзесяцігоддзі сяброўства і плённага супрацоўніцтва з Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы №1 райцэнтра Ала Маслоўская ведае тут кожны куток, але не перастае адкрываць для сябе нешта новае.

– Заходжу сюды і заўжды здзіўляюся, як у адным невялікім будынку змясцілася гісторыя карэліцкай зямлі, – у чарговы раз з цікавасцю аглядае экспазіцыю педагог. – Хочацца выказаць словы падзякі супрацоўнікам музея за мноства мерапрыемстваў, змястоўныя музейныя ўрокі, пазнавальныя сустрэчы. Дзякуючы іх нястомнай працы і жаданню ісці ў нагу з часам, карэліцкія хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з гісторыяй роднай зямлі, вучацца шанаваць спадчыну беларусаў. А ўтульная і па-хатняму цёплая атмасфера музейных залаў спрыяе шчырай размове і павышэнню пазнавальнай актыўнасці дзяцей. З вялікім задавальненнем школьнікі слухаюць аповеды пра мінулае, быт і культуру нашых продкаў, славутых землякоў. У музеі дзецям таксама дапамагаюць рабіць першыя крокі ў навукова-даследчай дзейнасці. Калі бы мы не звярнуліся з просьбай адшукаць пэўны краязнаўчы матэрыял, параіць патрэбны накірунак для работы, то заўжды маем станоўчы адказ. Тут працуюць граматныя, творчыя і таленавітыя людзі. З такой камандай мы здольныя выхаваць не адно пакаленне юных карэліччан, якія шчыра любяць свой родны край.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара