Год працы — і ў пяцёрцы лепшых маладых педагогаў Гродзеншчыны. Карэліччанка Наталія Макарэвіч ведае сакрэт паспяховага старту ў прафесіі

Маладосць, энергія і талент бяруць любыя вяршыні. Выхавальнік ДУА “Яслі-сад №1 г.п. Карэлічы” Наталія Макарэвіч увайшла ў пяцёрку лепшых педагогаў першай рэгіянальнай прэміі “Паспяховы старт”, арганізаванай абласнымі арганізацыямі РГА “Белая Русь” і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

– Мы са старэйшай сястрой у дзяцінстве гулялі ў школу. Ужо тады я зразумела, што мне падабаецца адчуваць сябе педагогам, – пачынае размову наша гераіня. – А калі прыйшоў час паступаць, адразу вызначылася з накірункам. “Хачу працаваць з самымі маленькімі дзеткамі”, – сказала я сабе і паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на дашкольную адукацыю. Была магчымасць застацца ў Мінску, бо праходзіла там некалькі практык, але выбрала Карэліччыну – маю малую радзіму.

Вырасла Наталія Макарэвіч у аграгарадку Жухавічы. Артыстычная і энергічная, з прыгожым голасам ды яшчэ з мамай-культарганізатарам, яна з дзяцінства звыкла да сцэны і лёгка знаходзіць агульную мову з самымі рознымі людзьмі. Гэтыя якасці і зараз дапамагаюць маладому педагогу ў працы. Тым больш, яна занятая адразу ў дзвюх групах: у старэйшай інтэграванага навучання і выхавання, а таксама ў другой малодшай.

– Жыццё ў нашых яслях-садзе, у тым ліку і культурнае, надзвычай насычанае. Выхавальнік – яшчэ абавязкова і артыст. На тых жа ранішніках мы выконваем самыя розныя ролі. Я нават не заўважыла, як праляцеў мой першы год працы, – усміхаецца Наталія Макарэвіч.

Злёгку пагадзілася малады спецыяліст і на прапанову выставіць сваю кандыдатуру на абласную прэмію “Паспяховы старт”:

– Я ўспрыняла гэта як цікавы выклік. Ведала, што будзе складана, але ж мяне падтрымалі старэйшыя калегі. Пры падрыхтоўцы партфоліа шмат мудрых і каштоўных парад мне дала намеснік загадчыка нашай установы Наталія Скок. Так што гэта наша агульная перамога.

Хваляваліся за дачку і бацькі, з якімі падчас уручэння прэміі “Паспяховы старт” у Гродне малады педагог вяла актыўную перапіску ў мэсэнджары.

– Мы – дружная сям’я і заўжды на сувязі. Нават стварылі агульны чат, каб заўжды быць у курсе падзей у жыцці кожнага з нас. А яшчэ бацькоўскі дом – месца маёй сілы. Я шчаслівая, што магу часта наведваць родныя Жухавічы, вельмі люблю іх. Здаецца, нідзе так добра мне не адпачываецца. Я нанова адраджаюся тут душой. Радуюць мяне і новыя сябры, з некаторымі з іх я, дарэчы, пазнаёмілася ў раённым клубе “Малады спецыяліст”. Ды яшчэ трымаюць у тонусе мае маленькія выхаванцы. Дзеткі ўсе ў нас розныя, вельмі цікавыя і разумныя. Часам думаю, што неўзабаве прыйдзецца выпускаць сваю старэйшую групу. Гэта для мяне будзе ўпершыню, таму ўжо пачынаю сумаваць па сваіх хлопчыках і дзяўчынках. Увогуле, я адчуваю сябе ў прафесіі выдатна і настрою змяняць яе – няма. Старт – паспяховы, будзем рухацца наперад!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара