Какие красоты может предложить Кореличчина туристам?

Калісьці прыезд у Беларусь без візы быў чымсьці недасяжным, а ўжо з лістапада гэтага года ўся Гродзенская вобласць стане бязвізавай зонай. 200 тысяч бязвізавых турыстаў за два гады наведалі Гродна, Гродзенскі і Свіслацкі раёны. Зараз з падпісаннем Указа №300 у бязвізавую зону ўвайшлі Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі, Шчучынскі раёны, і ўжо з 10 лістапада, калі новы дакумент уступіць у сілу, яны будуць адкрыты як для групавых турыстаў, так і адзіночных замежных падарожнікаў. Што ж Карэліччына гатова прапанаваць замежным гасцям? Пра гэта гаварылі ў Карэліцкім райвыканкаме на пасяджэнні каардынацыйнага савета па стварэнні і развіцці сферы турызму пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Руслана Абрамчыка.

На Карэліччыне распрацавана некалькі насычаных і цікавых турыстычных маршрутаў. Адзін з іх пралягае праз Карэлічы, Лукі, Турэц, Першамайскі, Ярэмічы, урочышча Лузінаўка і г.п. Мір. У Карэлічах экскурсаводы раскажуць пра тое, што да вайны мястэчка засялялі ў асноўным яўрэі, пакажуць іх дамы, якія добра захаваліся да нашых дзён, нягледзячы на сваю 100-гадовую гісторыю. Лукі, Турэц і Ярэмічы славяцца сваімі цэрквамі, а пасёлак Першамайскі — сядзібай Кашчыцаў і капліцай-пахавальняй. У гэтых месцах нарадзіліся і жылі вядомы навуковец Барыс Кіт, мастак Валянцін Рамановіч, паэт Анатоль Дзяркач, спявак Пятро Конюх, пісьменнікі Янка Маўр, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік і многія іншыя.

Яшчэ адзін аўтобусна-пешаходны маршрут правядзе турыстаў праз Мір, Вялікую Мядзвядку, Малыя Жухавічы, Цырын, сядзібу «Свіцязянка», Варончу, Райцу, Малюшычы, Карэлічы, Дольную Руту, Горную Руту, сядзібу «Амневічы». Тут можна пачуць шмат цікавых гісторый з жыцця сусветна вядомага вучонага Ігната Дамейкі, паэтаў Адама Міцкевіча і Яна Чачота, наведаць цэрквы і старыя могілкі, убачыць абарончыя збудаванні першай сусветнай вайны.

На тэрыторыі Карэліцкага раёна працуюць 16 аграсядзіб. Многія з іх кормяць у лепшых традыцыях беларускай кухні, прапануюць камфартабельнае пражыванне, лазню, адпачынак на прыродзе. Разнастайныя сельскія забавы гараджане прымаюць на «ўра»: з задавальненнем сякуць дровы, катаюцца на конях, носяць ваду з калодзежа і нават дояць кароў. Калі і гэтага падасца мала, можна заняцца вытворчым турызмам. Напрыклад, на ААТ «Карэлічы-Лён» правядуць экскурсію і пакажуць, як пад рукамі працаўнікоў нараджаецца льновалакно і вырабляюцца кастрабрыкеты. Цікавая і гісторыя Мірскага спіртзавода, якая пачынаецца з 1893 года, калі на месцы сучаснай вытворчасці знаходзіўся бровар князёў Святаполк-Мірскіх. Сёння ж прадукцыя прадпрыемства запатрабавана не толькі ў Беларусі, але экспартуецца ў Расію, Украіну, Літву, Азербайджан і Туркменістан.

Для сапраўдных гурманаў заўсёды адчынены дзверы слімаковай фермы ў вёсцы Даўгінава Ярэміцкага сельсавета. У мінулым годзе фермеры атрымалі першую партыю слімаковай ікры. Акрамя таго, гаспадары гатовы арганізаваць і дэгустацыю.

Раённы Дом рамёстваў гатовы прадэманстраваць майстар-клас па саломапляценні, роспісу і разьбе па дрэве, вырабе льняных лялек-мотанак, ганчарстве. Раённы краязнаўчы музей — сапраўдная скарбніца найцікавейшай інфармацыі пра Карэліччыну і яе знакамітых людзей.

Ініцыятыву па захаванні гісторыі малой радзімы праяўляюць і мясцовыя жыхары. Так, Антон Крывапуст запусціў некамерцыйны праект «Музей добрых спраў». Карэліччанін кажа, што хоча стварыць экспазіцыю, у якой былі б сабраны экспанаты, якія сведчаць аб добрых справах землякоў. Гэта могуць быць асабістыя рэчы, узнагароды, лісты гэтых людзей, але самае галоўнае — успаміны пра іх ад родных, суседзяў, сяброў. У дадзены момант ідзе збор матэрыялаў, усю неабходную інфармацыю можна даведацца, напісаўшы на электронны адрас museumgooddeeds@gmail.com.

Даўно сталі папулярнымі і не толькі сярод жыхароў Карэліцкага раёна брэндавыя мерапрыемствы: свята-фэст «Улассе ў Луках», фестываль масак «Ярэміцкія маскі запрашаюць», фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Мір-1812», яблычны і мядовы фэсты.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Абрамчык адзначыў, што зацікавіць турыстаў Карэліччына, безумоўна, можа. Але трэба ствараць і прасоўваць новыя прапановы – зараз гэта задача пад нумарам адзін. Будуць фарміравацца экскурсійныя туры сумесна з тураператарамі. Але апошніх таксама яшчэ трэба зацікавіць, паказаўшы і даказаўшы, што супрацоўніцтва абяцае выгаду. Для гэтага плануюць праводзіць рэкламныя туры не толькі для СМІ, але і для прадстаўнікоў турфірм. Важны момант, як адзначылі на нарадзе, моўная адаптацыя турыстычнай інфраструктуры: інфармацыя на знаках маршрутнага арыентавання, таблічкі з назвай вуліц, білборды і друкаваная рэклама для замежных гасцей, падзейныя календары, якія размяшчаюцца ў інтэрнэце, меню ў кафэ і рэстаранах будуць перакладацца на замежныя мовы.

Іна ЛЕЙКА
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ