Почувствовать себя Радзивиллом можно в агроусадьбе «Мирское подворье»

На працягу некалькіх гадоў у Беларусі актыўна развіваецца аграэкатурызм. На самой справе суперпомнікі і велічныя замкі ёсць у многіх краінах, а такая аўтэнтычнасць, душэўнасць толькі ў нас. Карэліцкаму раёну таксама ёсць што паказаць, куды адвесці, чым пачаставаць і як пацешыць. Журналіст «Полымя» пабываў у гасцях у Пятра Нарбутовіча ў яго сядзібе «Мірскі падворак» і пераканаўся: калі верыць у тое, што робіш, усё атрымаецца.

Аграсядзіба «Мірскі падворак» знаходзіцца ў атмасферным месцы, якраз на скрыжаванні паміж Мірскім замкам і касцёлам Святога Мікалая, можна сказаць, паміж небам і зямлёй. Калі выйсці на балкон другога паверха «маёнтка», як яго называе сам Пётр, лепшага месца для душэўнай рэлаксацыі не знайсці. Мірскі замак і Святамікалаеўскі касцёл тут як на далоні, і на некалькі хвілін можна адчуць сябе кімсьці з Радзівілаў.

Непадалёк ад яблыневага саду апетытна хрумстаюць сенам коні, каля альтанкі спее вінаград, пад лёгкім ветрыкам пагойдваюцца арэлі, якія змайстраваў гаспадар падворка.

? — Пётр, Вы першапачаткова хацелі займацца агратурызмам ці гэта атрымалася спантанна?

— Першым, хто ў Міры пачаў займацца агратурызмам, стаў Сяргей Пісклоў. Потым да гэтай справы падключыўся мой бацька Нікадзім Барысавіч Нарбутовіч. Я падумаў, што гэта нядрэнная ідэя і вырашыў паспрабаваць сам. Аднойчы да мяне падышла мясцовая жыхарка і прапанавала купіць яе дом. Пабудова нагадвала хутчэй не дом, а хляўчук, дзе не было ні вады, ні газу. Я замовіў праект будучай аграсядзібы. Аднак не ўсё аказалася так проста. Дом знаходзіўся ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Міра, і мы не мелі права яго ні павялічваць, ні рабіць нейкія прыбудовы. У Міністэрстве культуры, вядома, мой першапачатковы праект перакрэслілі, зрабілі новы, гістарычна абгрунтаваны.

? — Якія якасці патрэбныя чалавеку, каб займацца такім бізнесам?

— Пра ўсіх сказаць складана, скажу пра сябе. У пасёлку Мір усяго 2,5 тысячы насельніцтва. Калі параўноўваць з сядзібамі, размешчанымі, напрыклад, пад Мінскам, там, безумоўна, паток гасцей большы. Навошта людзям ехаць далёка ад дома? Таму тым, хто вырашыў займацца аграсэрвісам у маленькім гарадку, патрэбны мэтанакіраванасць, жаданне зрабіць на малой радзіме нешта добрае, вера ў тое, што ты робіш.

? — Цяжка было пачынаць бізнес?

— Я зарэгістраваў будучую аграсядзібу на сябе як на фізічную асобу. Пачаў афармляць дакументы. Паралельна вывозіў адсюль смецце, праводзіў камунікацыі: ваду і газ. Каб падключыць дом да газазабеспячэння, тры гады таму атрымаў крэдыт на 3 тысячы долараў. Вядома, на ўсё не хапала грошай і сіл, але вось ужо другі год прымаем гасцей.

? — Чымсьці яшчэ, акрамя агратурызму, займаецеся?

— З задавальненнем працую з дрэвам, вырабляю сувеніры з сімволікай Міра і замка. Ёсць макеты агнястрэльнай і халоднай зброі, магніты і таблічкі. Мае вырабы можна купіць не толькі ў нашым пасёлку, але і ў Брэсцкай крэпасці, музеі Вялікай Айчыннай вайны. Увогуле па прафесіі я інжынер, але жыццё прымусіла заняцца будоўляй і рамесніцтвам. Напрыклад, сядзібу абшываў сваімі рукамі.

? — Хто вашы госці і адкуль яны прыязджаюць?

— Наша аграсядзіба прымае турыстаў другі год. У 2018 годзе, напрыклад, каля 90% ад прыехаўшых складалі расіяне. У гэтым годзе ў нас пабывалі госці з розных краін. Упершыню прыехалі турысты з ЗША і Арабскіх Эміратаў. Прымалі таксама англічан, французаў, немцаў і палякаў. Нашых суайчыннікаў няшмат, дзесьці 10-15%. А так, вядома, у асноўным едуць расіяне.

? — Хто з турыстаў больш патрабавальны?

— Англічане, італьянцы і галандцы вельмі патрабавальныя. Французы звычайна з катэгорыі людзей «душа наросхрыст». Заўважыў, што замежныя турысты любяць пакідаць водгукі. Пры гэтым калі англічанін здымаў нейкі пэўны пакой, то яго суайчыннікі ў свой прыезд папросяць гэты ж нумар. Палякі тое ж самае. Пачыталі водгук земляка — калі ён сказаў, што ўсё добра, значыць тут і будуць жыць.

? — Як прыцягваеце турыстаў?

— Невысокім коштам і камфортным знаходжаннем. У сядзібе размешчана 7 пакояў, у якіх могуць жыць 14 чалавек. Ёсць лазня. Прапануем турыстам натуральныя прадукты, вырашчаныя на мірскіх агародах і ў садах. Мясцовыя жыхары прадаюць хатняе малако і яйкі. Ёсць магчымасць пакатацца на конях, пастраляць з арбалета. Шмат што прадугледжана для дзяцей, бо ездзяць у асноўным сем’ямі: аэрахакей, батуты, цацкі, арэлі.

Таксама арганізоўваем міні-туры на конях па Міры. Маршрут пралягае паўз замак і спіртзавод да крыніцы. Дарэчы, вясельныя агенцтвы арандуюць у нас коней і праводзяць фотасесіі ля сцен замка.

? — Якія бачацца перспектывы ў агратурызме?

— Многія з падарожнікаў цікавяцца, ці можам мы забяспечыць іх транспартам, каб паглядзець замкі Беларусі, памятныя мясціны. Бо недалёка ад нас Навагрудак, Ліда, Ружанскі замак, Косава, Лаўрышаўскі манастыр. Таму трэба заключаць дамовы з турагенцтвамі на арганізацыю экскурсій для дарослых і дзяцей і закальцоўваць маршрут. У Міры досыць сядзіб і гасцініц, гатовых прыняць турыстаў.

? Гэта цікава

На тэрыторыі Карэліцкага раёна працуюць 16 аграсядзібаў, 7 з іх знаходзяцца ў г.п. Мір.

? Даведка «Полымя»

Для ўладальнікаў аграсядзібаў дзейнічае льготнае падаткаабкладанне. Яны плацяць адну базавую велічыню ў год.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара