«Сладкий» конвейер работает слаженно. В СПК «Свитязянка-2003» активно идет уборка сахарной свеклы

Людзям сталага ўзросту добра зразумела слова “дзялка”, якое асацыюецца з доўгімі радамі буракоў і выключна ручной працай. Сучаснае пакаленне наўрад ці дакладна зразумее сэнс паняцця, бо сёння працэс вырошчвання і капання салодкіх караняплодаў поўнасцю аўтаматызаваны.

Менавіта на ўборку цукровых буракоў давялося трапіць у СВК “Свіцязянка-2003”. На полі каля в. Падгайна спраўна выкопвае салодкія караняплоды гатунку “Лаціфа” магутны буракаўборачны камбайн “Rexor-620”, які адначасова захоплівае шэсць радоў буракоў і закопвае пасля сябе здробненае бацвінне. Яно стане добрым арганічным угнаеннем. Увогуле, такая тэхніка мае шэраг пераваг, сярод якіх – высокая вытворчасць працы і праходнасць камбайна, хуткасць руху, павялічаны аб’ём бункера і інш. Наяўнасць навігатара ў кабіне палягчае працу механізатара.

Як і ў мінулым годзе, адказную работу ў “Свіцязянцы” даверылі вопытнаму і стараннаму трактарысту-машыністу Віктару Чубрыку, які ўмела кіруе надзейным камбайнам “Rexor”.

– Да ўборкі прыступілі з першых дзён верасня, як толькі пачаў працаваць Гарадзейскі цукровы камбінат, – адзначае аграном участка № 2 СВК “Свіцязянка-2003” Іван Ліхута. – Сёлета караняплоды не дабралі ў вазе, ім не хапіла вільгаці, што адчуваецца перш за ўсё на ўзгорках. Ход далейшай уборкі будзе залежыць ад вывазкі сыравіны на перапрацоўку. А капаць буракі і складваць іх у бурты – сэнсу ніякага няма.

На раніцу 1 кастрычніка ў СВК “Свіцязянка-2003” убрана 140 гектараў цукровых буракоў, альбо 28% ад неабходных 500 га. Ураджайнасць на дадзеным этапе на ўзроўні 550 ц/га. Валавы збор на ўчарашнюю раніцу складае 7700 тон, з якіх 6958 тон адпраўлена на цукровы камбінат. Увогуле, напружаная праца на бурачных плантацыях будзе працягвацца яшчэ як мінімум месяц. На працягу ўсяго перыяду сельскагаспадарчых работ механізатары, вадзіцелі і іншыя працаўнікі будуць забяспечаны гарачым харчаваннем з дастаўкай на поле.

Сёлета раённыя плошчы пад цукровыя буракі складаюць 3550 га. На раніцу 1 кастрычніка ўбрана 1145 га, з якіх накапана 59925 тон караняплодаў пры сярэднераённай ураджайнасці 523 ц/га. На перапрацоўку вывезена 48824 тоны сыравіны.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара