107 тысяч кур и 17 миллионов яиц. Чем сегодня живет КСПУП «Птицефабрика «Красноармейская»?

Думаю, мала хто з нас не ўжывае ў паўсядзённым жыцці прадукт, узбагачаны шматлікімі амінакіслотамі, бялкамі і вітамінамі. Ён танны па сваім кошце, але не па тых уласцівасцях, якія спакон веку закладвала ў яго прырода. Некаторыя ўжываюць яго ў складзе іншых страў, а некаторыя ўвогуле аддаюць перавагу прадукту ў сырым выглядзе. Так ці іначай, гэта не апельсін і не яблык – гэта звычайнае курынае яйка.

Дырэктар Дзмітрый Махіна

Адным з накірункаў дзейнасці КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” з’яўляецца вытворчасць яек. На дадзены момант колькасць птушкі ў гаспадарцы складае 62273 галавы. Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Махіна, пагалоўе месціцца ў трох птушніках, якія размешчаны на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір. На мінулым тыдні гэтая колькасць павялічылася яшчэ на 45640 маладых курачак, якія пачнуць несціся ўжо праз паўтара месяца. Дарэчы, апошнія два гады новыя жыхары птушнікаў прыбываюць да нас са Шчучына, бо менавіта там вырошчваюць якасны амерыканскі тып “Hi-Line”, які характарызуецца моцным імунітэтам і высокай прадуктыўнасцю.

Знаходзяцца куры ў спецыяльных клетках, у кожнай па восем галоў. Унутры для іх абсталявана паілка, а звонку – спецыяльная прылада, у якой месціцца камбікорм, які, дарэчы, вырабляецца ў самой гаспадарцы. Калі птушкі перастаюць выконваць сваю асноўную функцыю, іх выстаўляюць на продаж насельніцтву. Прытым рэалізуюцца куры не толькі ў Карэліцкім раёне, але і па ўсёй рэспубліцы.

– Прадукцыя нашай птушкафабрыкі яўляецца адной з лепшых у краіне, таму і мае адпаведны кошт, – расказвае Дзмітрый Махіна. – Мы цалкам забяспечваем Карэліцкі, Навагрудскі, Нясвіжскі і Дзятлаўскі раёны, пастаўляем яйкі ў кафэ і рэстараны, школьныя сталовыя і бальніцы. За апошнія дзесяць месяцаў мы атрымалі 16853,5 тысяч яек. Рэалізавалі з гэтай колькасці 16809,7 тысяч. Агульная выручка склала 2316,2 тысячы рублёў.

Сартыроўшчыца яйкасклада Марыя Пяткевіч

Амаль увесь працэс на прадпрыемстве аўтаматызаваны: харчаванне, узровень тэмпературы і святла, сартыроўка. Спецыяльная машына сама адбірае вялікія і малыя яйкі – іх патрэбна толькі перакласці ў латкі. Калі адбываецца так, што яйка разбіваецца, з яго фарміруецца яечная маса, якая спачатку замарожваецца, а потым ідзе на зверагаспадарку ў Гродна. Як бачым, працэс гэта безадходны.

Больш за пятнаццаць гадоў даглядае птушку Марына Камароўская, якая хоць і атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы, але знайшла сябе менавіта ў працы на птушкафабрыцы. Жанчына прызнаецца, што адразу было страшна нават падысці да курыцы, але, як звычайна гэта бывае, час усё расставіў на свае месцы.

Што тычыцца іншых накірункаў дзейнасці КСУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, то сёлета было намалочана 9986 тон зерня, што на 3875 тон больш за паказчык мінулага года. Вырасла ў гаспадарцы і колькасць сабранага рапсу: 772 тоны ў параўнанні з 329 тонамі у 2018 годзе. Таксама гаспадаркай плануецца сабраць 14000 тон цукровых буракоў. Летась гэта лічба засталася на ўзроўні 12152 тон.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара