Карэліцкі спартыўны дайджэст: названы пераможцы раённага чэмпіянату па міні-футболе і спартакіяды сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі

Каманда СВК «Маяк-Заполле». Фота з архіва пераможцаў.

🏆 Восень вялікіх перамог

19 і 26 кастрычніка карэліцкіх спартсменаў і балельшчыкаў сабраў раённы чэмпіянат па міні-футболе.

Кіраўнік Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вячаслаў Царук падкрэсліў, што традыцыйна нашы футбалісты выклаліся падчас гульні на 100 адсоткаў. Усяго ўдзельнічалі 11 каманд. Першае месца занялі спартсмены з СВК “Маяк-Заполле”, другое – з СВК “Свіцязянка-2003”, трэцяе – з КСУП “Лукі-Агра”.

Сёлетняя восень, увогуле, спрыяе карэліччанам, дадаў Вячаслаў Царук. Так, у верасні на вобласці ў межах спартакіяды “Залаты колас” зборная раёна заняла трэцяе месца ў спаборніцтвах па футболе. Нашы валейбалісткі таксама вярнуліся са змаганняў з бронзай.

🎯 Да абароны Радзімы гатовы!

24 кастрычніка адбылася спартакіяда па летнім мнагабор’і комплексу “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі.

Як адзначыла метадыст Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Тамара Ляўковіч, спаборніцтвы выдаліся цікавымі і сабралі 10 каманд: дзевяць прадстаўлялі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і адна – Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй. 47 юнакоў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў чакала насычаная праграма. На базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы змагаліся за званне лепшых у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і падцягванні, а на стадыёне сярэдняй школы № 2 райцэнтра спаборнічалі ў кіданні гранаты і бегу на 100 і 3000 метраў. У агульнакамандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у сярэдняй школы г.п. Мір, другое – у сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, трэцяе – у Турэцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ