Моц агульнай памяці. На Карэліччыне на воінскіх пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны прайшлі мерапрыемствы ў межах рэспубліканскага праекта “Дзеля славы агульнай Перамогі”

6 лістапада жыхары Карэліцкага раёна далучыліся да ўнікальнага рэспубліканскага праекта “Дзеля славы агульнай Перамогі”, прымеркаванага да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

На Карэліччыне ў межах маштабнай акцыі на 35 воінскіх пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны прайшлі цырымоніі забору зямлі з удзелам падрастаючага пакалення, прадстаўнікоў мясцовых улад, працоўных калектываў і пярвічных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама духавенства і жыхароў населеных пунктаў. Кульмінацыяй падзеі стала ўрачыстасць на мемарыяльным комплексе “Зорка” у райцэнтры, куды з заборамі зямлі прыехалі экіпажы з усіх сельвыканкамаў. Далей капсулы з зямлёй з абласных гарадоў і раёнаў нашай краіны, у тым ліку Карэліцкага, 9 мая 2020 года ў дзень 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрачыста закладуць у крыпце Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

На брацкай магіле ў аграгарадку Турэц аддаць даніну памяці салдатам Перамогі прыйшлі і дарослыя, і дзеці. Важнасць падзеі ў звароце да прысутных падкрэсліў старшыня Турэцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі, а настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Турцы іерэй Андрэй Абрамовіч у малітве ўзгадаў загінулых герояў. Таксама ў памяць аб воінах запалілі лампадкі і ўсклалі да помніка кветкі, пасля чаго адбыўся забор зямлі з брацкай магілы для капсулы ад Карэліцкага краю.

Імёны мужных салдат і іх бессмяротны подзвіг у чарговы раз успомнілі на брацкай магіле ў вёсцы Тударава. Старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка падкрэсліла, што час ідзе, але слава народа Перамогі не гасне. Благачынны Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса трапна заўважыў, што самы вялікі подзвіг — той, які ідзе ад самаахвярнага сэрца, ад пачуцця моцнай любові да бліжніх і да роднай зямлі. І гэтыя словы варта аднесці да загінулых, але вечна жывых у нашай памяці салдатаў той страшнай вайны. Іх след захоўвае і тудараўская зямля, горстка якой таксама цяпер ёсць у капсуле ад нашага раёна.

Цырымонія забору зямлі з удзелам старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў» Вячаслава Дробнага і начальніка адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргея Шаліна адбылася і на вайсковых могілках у райцэнтры.

Завяршыла знакавы дзень для нашага краю ўрачыстасць на мемарыяльным комплексе «Зорка». Агульная памяць сабрала разам думкамі і сэрцам дзясяткі юных і дарослых карэліччан. «Зямля, якую мы сабралі на воінскіх пахаваннях, нясе ў сабе вялікі сэнс, гэта масіў нашай слаўнай гісторыі, сімвал нашай бясконцай падзякі і вечны напамін пра тое, як шмат Беларусь заплаціла за Перамогу і што мы сёння павінны прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць мір і ўзмацніць нашу радзіму», — намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Руслан Абрамчык адзначыў важныя для кожнага беларуса каштоўнасці. Пра неабходнасць рабіць правільныя высновы з урокаў былога ўзгадаў і благачынны Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса, які звярнуўся да цытаты Міхаіла Ламаносава: «Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні». А старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Яфрэмава выказала ўпэўненасць, што падрастаючае пакаленне карэліччан заўжды будзе годна прадстаўляць сваю малую радзіму і любімую Беларусь.

Асаблівай часткай урачыстасці стаў момант, калі прадстаўнікі сельвыканкамаў разам з ваенна-патрыятычным клубам “Віцязь” ДУА “Лукская сярэдняя школа” высыпалі сабраную на воінскіх пахаваннях Карэліччыны зямлю ў агульную капсулу. Адразу яна была перададзена на часовае захаванне ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей. Пасля чаго прысутныя запалілі лампадкі і традыцыйна ўсклалі кветкі да мемарыяла.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

P.S. Мірскі сельсавет