«Ой, добра цячэ наша «Рэчанька»!» У рэдакцыі газеты «Полымя» сустрэліся карэліцкія паэты

Лепшы рэцэпт ад восеньскай хандры і дажджлівага надвор’я – любоў, творчасць і размовы за гарбатай з блізкімі сэрцу людзьмі, упэўнены ўдзельнікі літаратурнага аматарскага аб’яднання “Рэчанька”.

20 лістапада творчая гасцёўня газеты “Полымя” па добрай традыцыі сабрала разам карэліцкіх паэтаў – Антаніну Аўчыннікаву, Ганну Козел, Святлану Моніч, Марыю Палуян, Эму Русак, Аляксандру Панасенка, Леанілу Дзянькевіч і Ірыну Бусько.

Напачатку сустрэчы кіраўнік аб’яднання “Рэчанька” Галіна Калтунова падзякавала прысутным за плённую і шчырую творчасць: “У кожнага з вас свая накіраванасць. Камусьці бліжэй лірыка, іншыя абіраюць жартаўлівы стыль, другіх вабяць пейзажныя замалёўкі альбо філасофскія роздумы. І ў той жа час вас усіх яднае майстэрства трапна валодаць мастацкім словам, перадаваць яго адценні багатымі фарбамі паэзіі. Вы заўважаеце асаблівыя імгненні жыцця і ствараеце імі палотны. Кожны з вас асабіста для мяне і, думаю, для чытачоў, для землякоў – асоба, велічыня, таямніца”.

На такія цёплыя словы аўтары “Рэчанькі” адказалі сваімі творамі – пранізлівымі, кранальнымі, глыбокімі, напоўненымі сапраўдным жыццём і дарагімі сэрцу вобразамі роднага краю і яго людзей. А напрыканцы сустрэчы карэліцкія паэты, расчуленыя да слёз, натхнёныя размовамі, заўважылі: “Ой, добра цячэ наша “Рэчанька”! Ды выдатна, што пішуцца вершы. З імі душа не старэе!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара