Проект «Земляки» путешествует по Жуховичскому сельсовету

? Сучасны воблік Жухавіч

Старшыня сельскага Савета на вёсцы — фігура значная. Менавіта да яго ў першую чаргу звяртаюцца жыхары вёсак і аграгарадкоў са сваімі праблемамі. І сельскі кіраўнік робіць усё магчымае, каб пытанні жыццезабеспячэння вырашаліся хутка і эфектыўна. Пра гэта і не толькі наша размова са старшынёй Жухавіцкага сельскага Савета Аляксандрам Уладзіміравічам ІВАШКА.

✅ — Жухавіцкі сельскі Савет другі па велічыні ў Карэліцкім раёне і досыць перспектыўны. Але ж статыстыка бязлітасна сведчыць пра тое, што сельскае насельніцтва скарачаецца.

— У цэнтральнай сядзібе, вёсцы Малыя Жухавічы і аграгарадку Вялікія Жухавічы, жыве 1273 чалавекі, а на тэрыторыі сельсавета — 1977. З іх 250 чалавек — гэта дзеці, 1022 працаздольных і 705 пенсіянераў. Як бачыце, наш сельсавет не вельмі стары і моладзі ў нас шмат. Жывуць і працуюць у нас не толькі мясцовыя, але і прыезджыя. У асноўным едуць з Расіі і Казахстана. Усяго ў сельгаскааператыве працуюць 490 чалавек. Вакансій у нас амаль няма, але добра было б, каб на змену працуючым пенсіянерам прыходзіла моладзь.

У 2018 годзе зарэгістравана 7 нараджэнняў і 7 шлюбаў, у бягучым годзе нарадзілася 6 дзяцей. Радуе, што зменшылася колькасць смерцяў: 52 супраць 60 у мінулым годзе. Дэмаграфічны мінус дае не толькі натуральнае змяншэнне па прычыне старасці і невылечных хвароб, але і тое, што ў сельскай гаспадарцы моладзі застаецца ўсё менш. Маладыя людзі аддаюць перавагу гарадскому жыццю. Няхай там здымнае жыллё, не самая высокая заработная плата, але ўсё ж не вёска. Канешне, вялікія гарады маюць шмат магчымасцяў для цікавага вольнага часу, але часцей за ўсё жыццё ў горадзе ідзе па адным і тым жа коле “дом-работа-дом”. А з вёскі пры наяўнасці аўто можна хутка дабрацца да тэатра, музея ці гіпермаркета.

Сельгаскааператыў “Жухавічы” з задавальненнем прымае на работу маладых спецыялістаў. Тут ім дапамагаюць вырашыць кватэрнае пытанне, робяць даплаты да заработнай платы. Дарэчы, сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы за 9 месяцаў гэтага года складае каля 700 рублёў. У гэтым годзе пабудавалі 12-кватэрны жылы дом, а гэта значыць, што 12 сем’яў атрымалі ключы ад жаданых квадратных метраў.

Так што маючы моцныя рукі і галаву на плячах і ў вёсцы можна жыць прыпяваючы. Да таго ж ёсць уся неабходная інфраструктура: агульнаадукацыйная і музычная школы, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, філіял АСБ “Беларусбанк”, аддзяленне паштовай сувязі.

Толькі цэнтральную сядзібу абслугоўваюць 7 магазінаў: 3 дзяржаўныя і 4 прыватныя. Усяго ў сельсавеце размешчана 10 гандлёвых кропак. Безумоўна, па графіку курсіруюць і аўталаўкі.

87% нашых жыхароў жывуць у населеных пунктах, дзе праведзены прыродны газ. Гэта Радунь, Трашчычы, Уша, Кожава, Малыя і Вялікія Жухавічы.

✅ — Аляксандр Уладзіміравіч, якую дапамогу сельвыканкаму ў вырашэнні праблем людзей аказваюць старасты вёсак? Што Вы можаце сказаць пра іх?

— На 12 вёсак сельсавета працуюць 9 старастаў. Так склалася, што ў асноўным гэта былыя работнікі сферы культуры. Яны паважаныя сярод людзей, заваявалі свой аўтарытэт, калі яшчэ працавалі. Старасты сочаць за захаваннем законнасці, прадухіляюць выпадкі парушэння грамадскага парадку, працоўнай дысцыпліны, пажарнай бяспекі. Аказваюць дапамогу ў правядзенні грамадскіх, культурна-масавых і гаспадарчых мерапрыемстваў, арганізуюць удзел насельніцтва ў рабоце па добраўпарадкаванні, паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў, могілак. Напрыклад, у гэтым годзе мы праводзілі свята вёскі Кожава. Вельмі вялікую падтрымку аказала стараста гэтай вёскі Святлана Абламейка. Стараста Радуні Валянціна Манюк садзейнічала правядзенню прыроднага газу ў вёску. Святлана Абламейка збірала грошы на тое, каб агарадзіць могілкі ў Кожаве. Людзі вельмі ахвотна дапамаглі фінансава. Яўгенія Ялак клапоціцца аб стане дарог. Яна пастаянна на сувязі з нашай дарожнай службай. Карацей, нашы старасты нікому не даюць слабінкі.

✅ — Важнае месца ў дзейнасці сельскага выканаўчага камітэта займаюць пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку ў населеных пунктах. Што зроблена ў гэтым годзе?

— Традыцыйна, пачынаючы з вясны, па ўсёй Беларусі праводзяцца суботнікі. Наш сельсавет не выключэнне. Працуем з насельніцтвам, наведваем вяскоўцаў, нагадваем ім, што пара брацца за венікі і граблі. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 6 помнікаў воінам і мірным жыхарам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны знаходзяцца на балансе сельгаскааператыва, які штогод выдзяляе матэрыялы для іх рамонту. Агульнымі намаганнямі мы падтрымліваем памятныя месцы ў дастойным стане. СВК “Жухавічы” ў час правядзення суботнікаў дапамагае і тэхнікай, і рабочай сілай. У 2019 годзе на тэрыторыі сельсавета знесена 4 пустуючых дома. У лістападзе гэтыя тэрыторыі будуць добраўпарадкаваны і ўнесены ў пералік участкаў для будаўніцтва. Усяго на тэрыторыі сельсавета знесена 65 старых і пустуючых дамоў. Будзем працаваць з 18 дамамі: устанаўліваць спадкаемцаў, а потым у залежнасці ад таго, будуць яны выкарыстоўваць жыллё ці не, прымаць рашэнне аб яго зносе. Хачу адзначыць, што за ўвесь час толькі адзін чалавек пачаў будаўніцтва дома на месцы знесенага. У асноўным людзі купляюць дамы, каб потым іх перабудаваць і жыць або выкарыстоўваць як дачу.
Асаблівы наш клопат — гэта могілкі. Іх на тэрыторыі сельсавета 9. У мінулым годзе сельсаветам зроблена дакументацыя на 4 пагоста, адзін перадалі на баланс жылкамунгаса. У бягучым годзе сельсаветам спілена 10 аварыйных дрэў у Трашчычах, Бурдзевічах і Радуні на суму 750 рублёў.

✅ — Стан дарог і вулічнае асвятленне заўсёды найбольш хвалююць вяскоўцаў.

— Так, гэта адно з найбольш важных пытанняў, бо не заўсёды ў час праводзіцца іх грэйдзіраванне і ямачны рамонт, а гэта клопат ДРБУ-158. Зімой па ачыстцы дарог ад снегу сельгаскааператыў працуе ў камандзе з дарожнай службай.
Зараз у Вялікіх Жухавічах ідзе замена апораў ліній электраперадачы, устанаўліваюцца энергазберагальныя лампы.

✅ — Што Вы можаце сказаць пра водазабеспячэнне?

— Водаправод у вёсках Малыя і Вялікія Жухавічы знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ, у Бурдзевічах, Кожаве і Радуні яго абслугоўвае СВК “Жухавічы”. Зараз сельгаскааператыў рыхтуе дакументы, каб перадаць яго профільнай арганізацыі, г. зн. камунгасу.

✅ — Якіх змен чакаць жыхарам Жухавіцкага сельсавета ў гэтым годзе?

— Зараз у нас ідзе добраўпарадкаванне цэнтральнай пляцоўкі ў аграгарадку Жухавічы. На месцы былога фантана будуць пасаджаны блакітныя елі і іншыя дэкаратыўныя расліны. Ідзе капітальны рамонт Жухавіцкага Дома культуры, дзе адрамантаваны дах, праводзяцца ўнутраныя работы, будзе закуплена новая мэбля ў глядзельную залу і рабочыя кабінеты.
На працягу гэтага года, як і ў папярэднія, сельвыканкамам праводзілася сур’ёзная работа па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Асноўныя з іх — водазабеспячэнне, вулічнае асвятленне, дастаўка і набыццё дроў, а таксама работа аўтамагазінаў, добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілкаў. Безумоўна, засталіся і нявырашаныя задачы. Але мы далей будзем працаваць для таго, каб задзейнічаць усе рэзервы для вырашэння праблем.

? Дзеля сябе і сваёй Радзімы

Прыехаўшы ў аграгарадок Вялікія Жухавічы, вуліцу Палявую мы адшукалі не адразу. Калі ўсё ж такі звярнулі ў патрэбны бок і адчынілі веснічкі, на парозе нас сустрэлі ўжо не маладыя, але прыемныя і ветлівыя людзі – Аляксей Андрэевіч Богуш і яго жонка Соф’я Іосіфаўна. З усмешкай на вуснах мужчына запрасіў у хату, дзе і распавёў сваю гісторыю жыцця.

Нарадзіўся Аляксей Андрэевіч у 1940 годзе ў вёсцы Негнічы, што ў чатырох-пяці кіламетрах ад Вялікіх Жухавіч. Мнагадзетная сям’я Богуш жыла на хутары.

– Мне было тры гады, калі ў нашай вёсцы апынуліся немцы, – дрыготкім голасам прыгадвае той страшны час мужчына. – Маці абвінавацілі ў тым, што яна дапамагае партызанам, і таму разам з дзецьмі загадалі расстраляць. Але нам пашанцавала: адзін з паліцаяў быў наш, жухавіцкі, таму нас і адпусцілі…

Пазней з Негніч сям’я пераехала ў Вялікія Жухавічы, дзе малады чалавек скончыў дзесяць класаў. Потым была служба ў арміі: спачатку пад Мінскам, а потым у Германіі. Адслужыўшы, Аляксей Андрэевіч вярнуўся ў родны куток, атрымаў прафесію агранома, а потым сустрэў каханне ўсяго свайго жыцця – Соф’ю Іосіфаўну.

Працоўны шлях ураджэнца Карэліччыны пачаўся з пасады начальніка ваенна-ўліковага стала, а затым – рахункавода-касіра. Працаваў таксама сакратаром у Жухавіцкім сельсавеце, пасля чаго яго запрасілі ў мясцовы калгас на пасаду брыгадзіра.

– Вядома, такая раптоўная змена дзейнасці далася мне нялёгка, – працягвае размову Аляксей Богуш. – Памятаю, як пасля двух тыдняў працы я напісаў заяву аб звальненні, бо не мог уліцца ў такі тэмп працы. Але мне яе не падпісалі і сказалі, каб я не займаўся глупствам і ішоў працаваць (усміхаецца). Ведаеце, гэта цяпер работа брыгадзіра стала лягчэйшая, а ў тыя часы ўсё было зусім інакш…

Тым не менш, працы ў калгасе Аляксей Андрэевіч аддаў ні многа ні мала – больш за чвэрць стагоддзя. За значныя поспехі на карысць дзяржавы ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а таксама шматлікімі граматамі праўлення калсага імя Жалезняковіча. Сярод узнагарод Аляксея Богуша і Дыплом пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, які быў уручаны яму за высокія паказчыкі ў раслінаводстве. А ў 1987 годзе прозвішча мужчыны было занесена на раённую Дошку пашаны перадавікоў народнай гаспадаркі.

Зараз жухавіцкі працалюб знаходзіцца на пенсіі, але склаўшы рукі не сядзіць. Дзеля таго, каб уласны ўчастак не пуставаў і не зарастаў пустазеллем, ён засеяў яго збожжавымі, у чым значную дапамогу аказалі работнікі калгаса. Маюцца ў гаспадарцы і куры, якіх, па словах гаспадароў, каля трох дзясяткаў…

За агульны стаж працы, які налічвае сорак тры гады, мужчына ніводнага разу не задумваўся аб тым, каб здрадзіць сельскай гаспадарцы і змяніць прафесію – вось яна, сапраўдная самаадданасць людзям і краю, у якім жывеш.

? Вялікі шанец у маленькіх Жухавічах

Часам самым хвалюючым падчас вучобы ва ўстановах адукацыі з’яўляюцца не залікі і экзамены, а працэс размеркавання. Выпускнікі, падыходзячы да фіналу свайго студэнцкага жыцця, перажываюць і гадаюць, куды ж закіне іх лёс на бліжэйшыя два гады… Адныя гэта плануюць адразу і бяруць мэтавае накіраванне, другія пачынаюць працаваць ужо на старэйшых курсах, а трэція чакаюць, якія варыянты ім прапануюць непасрэдна ў ліцэі, каледжы ці ўніверсітэце. Менавіта так здарылася з Палінай Грыгалец, якая нарадзілася ў Скідзелі, вучылася ў Гродне, а працаваць прыехала ў Вялікія Жухавічы.

– З лічбамі ў мяне звязаны маці і бабуля, – пачынае сваю размову малады спецыяліст. – Але сказаць, што пайшла вучыцца на эканаміста толькі па гэтай прычыне, я не магу. У школе мне вельмі падабалася матэматыка, таму выбар быў дастаткова відавочны. Ды і ўвогуле, я вельмі люблю лічыць, вось і ўсё (усміхаецца).

А лічыць Паліну вучылі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, які дзяўчына паспяхова скончыла ў 2018 годзе. Тады, дарэчы, лёс яе і звязаў з аграгарадком Вялікія Жухавічы, дзе ўжо другі год запар дзяўчына працуе бухгалтарам у адной з лепшых гаспадарак раёна – СВК “Жухавічы”.

– У адрозненне ад сваіх аднагрупнікаў, я не надта перажывала, што маё размеркаванне прыйшлося на невялікае мястэчка, пра якое дагэтуль я ўвогуле не чула, – працягвае Паліна. – Я была гатова ехаць не тое што ў Карэліцкі раён, а нават у Гомельскую вобласць – лічу, што на гэтым жыццё не заканчваецца. А зараз дык увогуле магу з упэўненасцю сказаць: мне пашанцавала.

Пашанцавала дзяўчыне не толькі з працоўным калектывам, але і з месцам пражывання: з самага пачатку малады бухгалтар дзеліць квадратныя метры з сяброўкай у адным з новых домікаў, які ім прапанавала кіраўніцтва гаспадаркі.

– Ужо з самых першых дзён да меня пачалі адносіцца як да дачкі або ўнучкі, –
не ўтойваючы радасці, расказвае Паліна. – Дапамагалі, тлумачылі – здаецца, рабілі ўсё, каб я хутчэй улілася ў працоўныя будні. Зараз, напрыклад, мае больш дарослыя калегі хочуць выдаць мяне замуж, каб я нікуды адсюль не з’ехала (смяецца).

Не забывае нагадаць малады спецыяліст і пра зарплату, якая стала для яе прыемным адкрыццём. Увогуле кіраўніцтва СВК “Жухавічы” старанна клапоціцца пра работнікаў, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях. Так, напрыклад, згодна з калектыўным дагаворам, усе маладыя спецыялісты маюць грашовую надбаўку, а таксама забяспечваюцца жыллём і могуць бясплатна атрымаць тавары першай неабходнасці: халадзільнік, ложак, шафу, стол і нават паўнавартасную кухню.

Як бачым, магчымасць добра ўладкавацца і знайсці сябе можна не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў аграгарадках, пасёлках, вёсках. Галоўнае – гэта прафесіяналізм, аптымізм і вера ў лепшае, як і сталася ў выпадку з дваццацідвухгадовай Палінай Грыгалец.

? “Жывём і працуем з добрым настроем”

Для сучаснага чалавека, асабліва маладога, жыллёвае пытанне стаіць даволі востра, а ў СВК “Жухавічы” яго ўжо на працягу дзесяцігоддзяў паспяхова вырашаюць.

– Памятаю, калі я прыйшоў сюды яшчэ ў савецкія часы маладым спецыялістам, то мяне ўразіла, якімі тэмпамі вялося на жухавіцкай зямлі будаўніцтва жылля. Гэта, можна сказаць, тутэйшая традыцыя і адметнасць, – з гонарам падкрэслівае старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі. – Таму з 2003 года, калі я ўзначаліў гаспадарку, працягнуў справу папярэднікаў. Так, за 16 гадоў у аграгарадку з’явіліся тры новыя вуліцы і дзесьці каля 50 адзінак жылля. Зараз мы маем у гаспадарцы больш за 220 кватэр. Добры паказчык, калі ўлічваць, што ўсяго ў СВК “Жухавічы” працуюць 480 чалавек. З жыллём, у першую чаргу, імкнёмся дапамагчы маладым спецыялістам і тым работнікам, каму гэта сапраўды патрэбна. Наш галоўны праект на сёння — шматкватэрныя дамы ў аграгарадку Жухавічы. На дадзены момант 8 з 12 кватэр заселены, а 4 мы пакуль пакінулі ў рэзерве для моладзі і жывёлаводаў. Адзначу, што там усё зроблена ў сучасным стылі і згодна з прынятымі стандартамі, з газавым ацяпленнем і цэнтральнай каналізацыяй. Адным словам, “пад ключ” – засяляйся і жыві. Таксама вялікую ўвагу мы надзяляем старым і пустуючым дамам: пасля шэрагу працэдур на іх месцы ўзводзім новае жыллё. Усе заўважылі, што пасля такіх зменаў наш населены пункт займеў зусім іншы выгляд. Дастаткова жылля купляем і ў насельніцтва. А новаму гаспадару, нашаму работніку, прадастаўляем пэўную суму на пакупку такога дома, якую ён выплачвае пад сімвалічны працэнт на працягу 10 гадоў.

У гаспадарцы такой жыллёвай палітыкай задаволеныя. Сярод нядаўніх навасёлаў – галоўны энергетык СВК “Жухавічы” Мікалай Крывіцкі:

– Сам я родам з Райцы. Там жа праходзіў практыку падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Я ведаў, што СВК “Свіцязянка-2003” актыўна будуецца. А калі прыехаў па размеркаванні ў 2014 годзе ў СВК “Жухавічы”, то ўбачыў, што і тут гэта справа добра наладжана. Мяне адразу забяспечылі жыллём, а калі сёлета я ажаніўся, то нам з жонкай Юліяй, якая працуе ў гаспадарцы ветэрынарным урачом, прадаставілі трохпакаёвую кватэру. Раён выдатны, малады, дом знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка, побач – усё неабходнае. Так што жывём і працуем з добрым настроем!

✅ Кампетэнтна

Ірына МАЛЫШАВА,
начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама:

— Кожны год нам даводзіцца план па будаўніцтве жылля, які мы ў цэлым выконваем. Калі звярнуцца да лічбаў за перыяд з 2015 па 2018 год, то ў Карэліцкім раёне было пабудавана жылых памяшканняў агульнай плошчай 17006 кв. м (159 кватэр), у тым ліку сельгасарганізацыямі – 2002 кв. м (27 кватэр). Са студзеня па кастрычнік бягучага года мы маем усяго новага жылля 2004 кв. м. (24 кватэры), з іх – 926 кв. м (12 кватэр) у сельгасарганізацыях. У бліжэйшых планах – будаўніцтва дваццацікватэрнага дома па вуліцы 8 Сакавіка ў г.п. Карэлічы і трох аднакватэрных дамоў у аграгарадку Райца СВК “Свіцязянка-2003”.

Матэрыялы падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА, Вікторыя КАСЦЮК, Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтараў