Сальфеджыа пад новым «соусам». Чаму ў аб’яднанні «Разумнікі і разумніцы» ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў любяць тэорыю?

Як запаліць любоў да сальфеджыа ў дзяцей, добра ведаюць у Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў. Там упэўнены: тэорыю настаў час падаваць пад новым “соусам”. Так ва ўстанове ўзнікла музычна-тэарэтычнае аб’яднанне “Разумнікі і разумніцы”.

Адкрытае паседжанне юныя знаўцы музычных азоў правялі ў форме салона, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Педагогі Таццяна Кулак, Святлана Гавіна, Вольга Несцер, Вольга Улан і Валерыя Гавіна напоўнілі вечар непаўторнымі спевамі і мелодыямі са спадчыны выдатнага беларускага кампазітара, а выхаванцы ўстановы расказалі ад імя творцы яго біяграфію.

Фарбамі шэдэўраў Станіслава Манюшкі падзяліліся на выставе “Малюючы музыкі чароўную краіну” выхаванцы мастацкага аддзялення.

Настаўнікі Таццяна Запаснік і Таццяна Барысік падчас салона выступілі ў ролі вядучых і правялі ўдзельнікаў інтэлектуальнай гульні Міраславу Первянкову, Вікторыю Дрык, Аляксандра Шабана, Віктара Дзмітровіча, Міхаіла Манкевіча і Станіслава Макарчыка адразу праз некалькі выпрабаванняў. Спачатку юныя разумнікі і разумніцы разабраліся з няпростымі пытаннямі па асобе Станіслава Манюшкі, затым трымалі адказ перад супернікамі і, нарэшце, адолелі музычную віктарыну, дзе ім давялося па ўрыўках пазнаць творы кампазітара. Лепш за ўсіх выступіла каманда ў складзе Міхаіла Манкевіча і Станіслава Макарчыка.

Але адзначым, што ўсе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў, дзякуючы стараннай вучобе ў сваіх педагогаў па тэорыі Рыты Вілімовіч, Ігара Арцімені і Таццяны Запаснік. Таму кожны з дзяцей атрымаў граматы, медалі “Разумнікі і разумніцы” і салодкія падарункі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара