Шаг в будущее. Как в Кореличах проходит досрочное голосование по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания?

З самага ранку ў фае выбарчага ўчастка № 42, што месціцца ў Карэліцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, шматлюдна – у аўторак, 12 лістапада, пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Першым аддаць голас за самага годнага кандыдата прыйшоў жыхар райцэнтра Іван Каўбаска, які лічыць, што выбары – гэта абавязак кожнага. “Так склалася, што ў асноўны дзень галасавання, 17 лістапада, у нас запланавана сямейная ўрачыстасць, таму я вырашыў падстрахавацца і прыйсці раней, – тлумачыць мужчына. – Вядома, справа гэта адказная, таму я загадзя падрыхтаваўся, вывучыў перадвыбарчыя праграмы і абсалютна ўпэўнены ў тым, што мой голас акажацца не дарэмным. Выбары, на маю думку, фарміруюць тую будучыню, якая чакае не толькі нас, але нашых дзяцей і ўнукаў”.

Па словах старшыні выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 42 Валянціны Сіўко, прагаласаваць датэрмінова прыходзяць у асноўным тыя, хто па пэўных прычынах не зможа зрабіць гэта ў асноўны дзень, а таксама пенсіянеры. “Можна з упэўненасцю сказаць, што на Карэліччыне жывуць людзі з вельмі актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, – расказвае Валянціна Міхайлаўна. – Што тычыцца асноўнага дня, то для многіх сем’яў выбары – гэта не толькі абавязак, але і пэўная традыцыя. Скажыце, хіба дрэнна прыйсці на ўчастак са сваімі роднымі, паглядзець канцэрт і паласавацца чымсьці смачным? Гэта падзея – свята для ўсёй краіны, таму цудоўна, што выбары становяцца для многіх не толькі дзяржаўнай неабходнасцю, але і нейкім сваім, асаблівым святам…”

Дарэчы, асаблівае свята сёння і ў тых, хто ўпершыню пераступіў парог выбарчага ўчастка. Пяцёра навучэнцаў Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя таксама прыйшлі дакладна да 10.00, каб першы раз у сваім жыцці зрабіць важны ўклад у будучыню Беларусі.

Жаданыя васямнаццаць год навучэнцу трэцяга курса Руслану Крапіўніцкаму споўніліся ў лютым, таму цяпер ён – паўнавартасны ўдзельнік выбарчай кампаніі. “З бацькамі на выбары я не хадзіў, але сам працэс часта бачыў па тэлевізары. Да гэтай падзеі я падышоў адказна і прагледзеў перадвыбарчыя праграмы ўсіх трох кандыдатаў, таму ўпэўнены, што мой выбар будзе правільным, – з хваляваннем у голасе расказвае малады чалавек. – На маю думку, дэпутат павінен быць шчырым і адказным, таму і справы ў краіне пойдуць найлепшым чынам”.

Амаль за тыдзень да выбараў паўналетнім стаў і трэцякурснік Дзмітрый Дубешка, на думку якога дэпутат – гэта той, хто ў поўнай меры разумее наступствы сваіх рашэнняў.

Яшчэ адзін юны выбаршчык, Аляксандр Беняш, пра выбары ў Парламент чуў даўно. Да таго ж яму пра гэта нагадвалі бацькі, якія запэўнівалі хлопца ў тым, наколькі перад ім стаіць важная і адказная справа. Сам працэс галасавання, як і яго аднакурснік, Саша назіраў па тэлевізары, таму асаблівых праблем непасрэдна на ўчастку не ўзнікла.

А сачыць за тым, каб выбары ўвогуле прайшлі без эксцэсаў, – прэрагатыва наглядальнікаў, якія разам з выбарчай камісіяй распачалі сваю працу ў 10.00. Наглядальнік ад працоўнага калектыву ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Марыя Тананка расказвае, што гэтыя выбары ў яе далёка не першыя: “У асноўным усё праходзіць вельмі спакойна. Праўда, часам бывае, што хто-небудзь забудзе свой пашпарт або не да канца разумее, як правільна запаўняць бюлетэнь. Грубых парушэнняў у маім вопыце не было, таму, думаю, і гэтыя выбары пройдуць як мае быць.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара