В Кореличском районе будет осуществлен проект Евросоюза по раздельному сбору мусора

Пад дэвізам “Думай пра будучыню — дзейнічай сёння” стартаваў новы сумесны праект прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь і 4 раёнаў Гродзенскай вобласці: Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Іўеўскага. Праект называецца “Раздзельны збор адходаў і рэцыклінг палімераў у Беларусі”. Нязвыклае для нас слова “рэцыклінг” азначае вяртанне адходаў у вытворчаць, іх другасная перапрацоўка.

Не сакрэт, што глабальнай праблемай для ўсяго чалавецтва з’яўляецца растучая штогод на 3% колькасць адходаў, якія ствараюць пагрозу для навакольнага асяроддзя і саміх людзей. Адзіным выйсцем з’яўляецца перапрацоўка адходаў. Рэцыклінг дазваляе значна зменшыць колькасць цвёрдых камунальных адходаў, зменшыць ужыванне прыродных рэсурсаў і нагрузку на экалогію, вярнуць другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў сферу спажывання.

У ліпені бягучага года ў Навагрудку адбыўся ўстаноўчы семінар, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза, кіраўніцтва і прадстаўнікі 4 раёнаў Гродзенскай вобласці, супрацоўнікі праекта, іншыя зацікаўленыя асобы. Саветнік-пасланнік, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Беранд дэ Гроот падкрэсліў, што еўрапейскія партнёры зацікаўлены ў такой сумеснай працы, бо яна мае канкрэтныя вынікі ў экалагічнай сферы.

Падрабязней пра новы праект, які разлічаны на тры гады, распавёў менеджар праекта Уладзімір Кузьміч. Інвестыцыі складуць 740 тысяч еўра, доля фінансавання раёнаў складае каля 10 тысяч еўра. На тэрыторыі раёнаў будзе арганізаваны збор палімерных адходаў, а ў Навагрудскім раёне плануецца пабудаваць прадпрыемства па вырабе прадукцыі з палімерна-пясчаных адходаў. Усё гэта дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, зменшыць нагрузку на экалогію 4 раёнаў. Таксама будзе арганізавана адукацыйная праца з рознымі групамі насельніцтва ў сферы раздзельнага збору і перапрацоўкі цвёрдых бытавых адходаў, павышэння экалагічнай культуры.

Кіраўніцтва праекта запрашае ўсіх жыхароў раёнаў, арганізацыі і індывідуальных прадпрымальнікаў да сумеснай працы. Калі мы хочам захаваць бяспечнай нашую зямлю, забяспечыць камфортныя ўмовы для жыцця нашых дзяцей і ўнукаў, праблема цвёрдых бытавых адходаў, іх утылізацыі і перапрацоўкі павінна стаць надзённым клопатам кожнага з нас. Зямля не можа пачакаць. Далучайцеся да нас! Удзельнічайце ў нашых акцыях, конкурсах, публічных мерапрыемствах. Мы чакаем вашых ідэй і прапаноў.

Нашыя кантакты: E-mail: novreenergy@gmail.com. Адрасы ў сацыяльных сетках: Укантакце public185133011, Фэйсбук https://www.facebook.com/groups/novogrudok1044/.

Міхаіл ЗІЗЮК,
эксперт праекта