«Святло вечнае няхай ім свеціць…» Напачатку лістапада хрысціяне ўшаноўваюць спачылых родных і блізкіх

? Сёлета для хрысціянаў пачатак лістапада асабліва адметны. 2 лістапада праваслаўныя адзначаюць Дзімітрыеўскую бацькоўскую суботу, а католікі – успамін Усіх памерлых вернікаў.

У сівую даўніну нашы продкі на працягу года святкавалі Дзяды – асаблівыя дні ўшанавання памерлых. Галоўнымі лічыліся восеньскія, а дакладна – Вялікія Дзяды. Яны прыпадалі на пятніцу і суботу перад Змітрам, які святкаваўся 8 лістапада. Гэтыя дні вылучаліся шэрагам павер’яў і звычаяў (людзі пакідалі ў лазні ваду для продкаў, а на прыбраных да свята і абкладзеных дзірваном могілках – пачастункі, раскладалі вогнішчы, адчынялі коміны, вешалі чыстыя ручнікі, устрымліваліся ад працы), прыгатаваннем памінальнага стала з куццёй, мядовай вадой сытой, рытуальным хлебам курчыкам, напоем канунам ды дэсертам саламаткай, запрашэннем на вячэру і праводзінамі дзядоў, інакш – душ спачылых.

Ушанаванне памерлых у хрысціянскім свеце мае іншае значэнне. Гаворка ідзе не пра рытуалы, а найперш пра шчырую і глыбокую малітву, адзначаюць карэліцкія святары абедзвюх канфесій.

Благачынны Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса ў звароце да праваслаўных вернікаў падкрэсліў: “2 лістапада Святая Царква збірае нас на памінальнае Богаслужэнне, названае Дзімітрыеўскай бацькоўскай суботай, дзеля таго, каб кожны ў знак памяці і па меры сваёй любові да спачылых горача памаліўся за іх супакаенне, каб нашы малітвы зліліся ў супольную, каб мы адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам прасілі літасцівага Госпада памілаваць памерлых і накіраваць іх у месца святла і спакою. Таму ў гэты дзень нам важна ўзгадаць іх добрыя справы і якасці з той самай чыстай і бязмежнай любоўю, пра якую нам казаў Ісус Хрыстос. Бо памерлыя дапамагчы сабе ўжо нічым не могуць, большасць з іх адыходзіць з гэтага свету з грахамі, і ўся іх надзея на палягчэнне сваёй замагільнай долі – толькі на міласэрнасць жывых. Да таго ж, у кожнага чалавека канец зямной дарогі аднолькавы, усе мы сустрэнемся на тым свеце, але ці здолеем без сораму глянуць у вочы сваіх продкаў – залежыць толькі ад нас. Таксама важна памятаць, як мы молімся за памерлых, так і нашы нашчадкі будуць у малітвах узгадваць нас. Гэта наш агульны хрысціянскі абавязак. Ды і смерці, па сутнасці, няма. Проста чалавек у пэўны час пакідае сваё цела і гэты бачны свет, каб перайсці ў нябачны. Збаўца кажа, што “Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывыя” (Лк. 20, 38). І здараліся выпадкі, калі памерлыя, па волі Госпада, з’яўляліся жывым, каб распавесці ім пра сваё новае жыццё, заахвоціць да малітвы ці папярэдзіць аб небяспецы, і тым самым сведчылі пра бессмяротнасць чалавечай душы. Дарагія браты і сёстры, сапраўды, хрысціяне, жывыя і спачылыя, – адна сям’я, паяднаная Божай ласкай. Таму вельмі важна ў Дзімітрыеўскую бацькоўскую суботу наведаць літургію ў храме, бо, згодна сведчанню ўсіх Святых Айцоў, прынясенне Бяскроўнай Ахвяры – лепшае праяўленне пашаны да памерлых. Але, калі няма такой магчымасці, то варта звярнуцца да асабістай малітвы. Узгадайце тых, хто пакінуў гэты свет, з адкрытым і любячым сэрцам шчырага верніка, і Бог прыме такую малітву. Таксама важна прывесці ў парадак могілкі сваіх родных і блізкіх. Дарэчы, з гэтай мэтай у Навагрудскай епархіі штогод праходзіць акцыя “У Бога ўсе жывыя”. І яшчэ нагадаю, што памінальныя багаслужэнні пройдуць у храмах Карэліцкага раёна ў суботу, 2 лістапада, у 9.00”.

Пра даўнюю традыцыю ўшанавання памерлых у каталіцкім свеце распавёў пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў Варончы айцец Ежы Саковіч: “Напачатку апошняга восеньскага месяца мы маем аж дзве асаблівыя даты. 1 лістапада адзначаем урачыстасць Усіх Святых, перанесеную ў 835 годзе з 13 мая папам Грыгорыем IV, а 2-га – успамін Усіх памерлых вернікаў, закладзены ў 998 годзе святым з Францыі Адыліёнам Клюнійскім. Напярэдадні гэтых дзён важна адведаць месца спачыну сваіх родных і блізкіх, прыбрацца на іх магілах, занесці лепш жывыя кветкі, запаліць лампадку ці свечку, задумацца аб зямных шляхах спачылых, агарнуўшы малітвай, і пра тое, што наша жыццё тут – толькі невялікая пілігрымка, мэта якой – Нябёсы. Таксама неабходна самому быць у асвячальнай ласцы, значыць прыступіць да споведзі, каб уласныя грахі не перашкаджалі малітве за памерлых і яна мела збаўленчы плён. У памяць аб іх варта звярнуцца да Ружанца і да Каронкі да Божай Міласэрнасці, з якой, дарэчы, у мяне звязана асаблівая гісторыя. Багата год таму, калі я яшчэ быў настаўнікам, да мяне нечакана звярнулася адна жанчына са словамі: “Мая мама зараз памірае, але доўга і цяжка, не можа адысці, нібы штосьці не пускае. Вы чалавек веруючы, ходзіце да касцёла, можа, памоліцеся над ёй?” Спачатку я хацеў адмовіцца, але ж пераадолеў сябе, узяў ружанец і пайшоў. Шмат год мінула, але і зараз памятаю, як прасвятлеў твар паміраючай, калі я пачаў маліцца над ёй Каронкай да Божай Міласэрнасці. Для мяне і ўсіх прысутных гэта стала сведчаннем бясконцай ласкі Айца і моцы шчырай малітвы. Таму так цудоўна, што напачатку лістапада, мы маем добрую нагоду ажывіць светлую памяць аб адышоўшых родных і блізкіх, сведчыць перад Богам аб іх цнотах і зямных здабытках, дапамагчы ім сваёй верай і любоўю на тым свеце здабыць супакой. 1 лістапада набажэнства ў касцёле ў Варончы адбудзецца ў 17.00, а ў Карэлічах – у 19.00. Мы будзем з малітвай дзякаваць Усім Святым за іх слаўны зямны шлях, поўны гераічных цнотаў, і за тое, што з Нябёсаў клапоцяцца пра нас. 2 лістапада, у так званы Задушны дзень, звернем нашы сэрцы да ўсіх памерлых вернікаў і пачнем вычытваць выпамінкі. Працэсія на могілках у Варончы пройдзе ў суботу пасля св. Імшы ў 11.00, а ў Карэлічах – у 16.00, пасля чаго вернемся на набажэнства ў касцёл. Да таго ж, на працягу актавы – першых васьмі лістападаўскіх дзён — мы будзем асаблівым чынам прасіць Бога, каб быў літасцівы да нашых памерлых, прабачыў ім правіны і запісаў іх імёны ў Кнігу Жыцця. Таксама запрашаю ўвесь лістапад маліцца ў іх інтэнцыі на Ружанцы”.

Марына КАЗЛОВІЧ