У газеты «Полымя» з’явіліся новыя маленькія сябры

Рэдакцыю газеты “Полымя” наведалі цікаўныя і разумныя вучні 4 “Б” класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы разам са сваёй настаўніцай Святланай Комар.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем акунуліся ў свет журналістыкі, даведаліся, які шлях праходзіць раёнка, перш чым трапіць да чытача, і нават пазнаёміліся з камп’ютарнай праграмай для газетнай вёрсткі, дзякуючы тэхнічнаму рэдактару Анжаліцы Забродскай.

Прафесійным вопытам і гісторыяй газеты, а таксамі сакрэтамі, як з вялікай колькасці інфармацыі выбраць патрэбную і зрабіць з яе ўнікальны матэрыял, з юнымі гасцямі падзялілася галоўны рэдактар “Полымя” Іна Лейка. Закранулі ў размове і такую важную тэму, як абарона інфармацыі ў сучасным свеце. Час сустрэчы праляцеў незаўважна, развітваліся чацвёракласнікі з рэдакцыяй на сяброўскай ноце і абяцалі абавязкова зазірнуць яшчэ.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара