В Мире стартовали работы по водообеспечению поселка

Гарадскі пасёлак Мір, уключаны ў рэспубліканскую праграму па комплексным добраўпарадкаванні, мяняецца на вачах. Пачынаючы з 2018 года, на добраўпарадкаванне гістарычнага мястэчка выдаткавана амаль 4,5 млн рублёў.

Абнавіліся фасады Дома культуры, кафэ «Рагнеда», аўтастанцыі, шэрагу магазінаў і іншых будынкаў, праведзена добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, рэканструяваны вуліцы Сташэўскай, Танкістаў, Першамайская, Школьная, Зорная, Перамогі і Маладзёжная, наладжана сістэма вулічнага асвятлення, паглыблена рэчышча ракі Міранка. Прайшла мадэрнізацыя газавай кацельні на пл. 17 Верасня.

Работы па добраўпарадкаванні працягваюцца і ў бягучым годзе. У кастрычніку завершаны капітальны рамонт дома па вуліцы Сташэўскай. Адрамантаваны дах, фасады, балконы, заменены ўваходныя дзверы і вокны на лесвічных пляцоўках, праведзены сантэхнічныя і электрамантажныя працы, уцеплены тарцавыя сцены. Кошт работ склаў 350 тысяч рублёў. Жыхары дома задаволены тым, як змянілася іх шматпавярхоўка. Дзмітрый Гаральскі кажа, што зараз дом не толькі зайграў новымі фасаднымі фарбамі, але і стаў больш абароненым ад непагадзі. Калі раней жыхароў верхніх паверхаў магло затапіць, то цяпер пасля правядзення рамонту даху можна не баючыся рабіць якасны рамонт. Жыхарка пятага паверха Аляксандра Шэпяленка кажа, што вельмі чакала капітальнага рамонту: «Дом змяніўся, ліквідаваны многія праблемы, сярод якіх галоўная — працяканне даху. Зараз ідзе добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Важна, каб жыхарам было дзе прагуляцца, а дзецям пагуляць».

Дарэчы, вырашыць праблему з месцам для баўлення вольнага часу маладых мам з дзецьмі дапамог Карэліцкі камунгас. Па вуліцы 17 Верасня ўстаноўлена новая дзіцячая пляцоўка з горкамі, арэлямі і пясочніцамі. Месца для адпачынку аздоблена драўлянымі фігуркамі казачных герояў, якіх з любоўю стварылі ўмельцы Мірскага мастацкага каледжа. Маладая маці Кацярына Варановіч з дачушкамі ўжо абнавілі ўсе атракцыёны і засталіся задаволенымі. “Дзякуй за новую пляцоўку, — кажа яна, — цяпер дзецям ёсць дзе пабегаць. Хацелася б дадаць сюды яшчэ некалькі турнікоў”.

Цяпер асноўная ўвага надаецца якасці пітной вады і сістэме водазабеспячэння гарпасёлка. Пачаты падрыхтоўчыя работы. У кастрычніку ўжо асвоена 52 тысячы рублёў. Будуць пабудаваны тры артэзіянскія свідравіны, сетка водазабеспячэння, станцыя абезжалезвання, рамонт існуючай воданапорнай вежы. Існуючыя свідравіны (іх пяць) будуць ліквідаваны. Па вуліцы Першамайскай будзе пабудаваны водаправод, і людзям не трэба будзе хадзіць да калодзежа або калонкі па ваду. У гэтым годзе па інвестыцыйнай праграме на мэты водазабеспячэння пасёлка выдзелена 904 тысячы рублёў. Кошт аб’екта складае амаль 2 млн рублёў. Работы па забеспячэнні міран чыстай пітной вадой плануецца завяршыць у 2020 годзе. По словах намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандра Быліча, у 2020 годзе чакаецца рэканструкцыя наружных цепласетак на ўчастку ад кацельні Мірскага спіртзавода да Мірскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, мадэрнізацыя вуліцы Першамайская і пачатак будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Міра.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара