Художник, музыкант, фотограф и столяр. Николай Гиз из Мира рассказывает о движении поезда под названием «искусство»

Пра такіх людзей часта гавораць “майстар на ўсе рукі” або “таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. Гледзячы на работы Мікалая Іванавіча ГІЗА з гарадскога пасёлка Мір, ты спачатку захапляешся, а потым пачынаеш зайздросціць неверагоднаму таленту і адоранасці гэтага чалавека. Сталяр, музыкант, фатограф і мастак – колькі б прафесій у ім не ўжывалася, здаецца, адна ніколі не саступіць іншай, а будзе толькі дапаўняць і без таго творчую і жыццялюбівую асобу.

Непарыўнай ніткай мастацтва пранізвала ўсё жыццё мужчыны. У нейкі момант яно было поруч, а ў нейкі наадварот, адыходзіла на апошні план, аддаючы перавагу, як тады здавалася, больш мужчынскім прафесіям. Так, ураджэнец вёскі Малюшычы працаваў і электрыкам, і вадзіцелем тралейбуса, але імкненне да нечага больш высокага суправаджала Мікалая ўсё жыццё. Нават у маленстве, калі хлопчык вучыўся ў музычнай школе, ён меў свой гурт, які даволі паспяхова гастраляваў па Карэліччыне і за яе межамі.

– Склад у нас быў невялікі: труба, баян і барабан, – прыгадвае той далёкі час Мікалай Гіз. – Назвы ў нас не было, а вось папулярнасці хапала (смяецца). Мы з сябрамі гралі на праводзінах, вяселлях, і нам было цікава. Да таго ж гэты занятак прыносіў сякі-такі даход, таму і бацькі супраць не былі.

Пасля музыкі жыццё хлопца напоўнілася выяўленчым мастацтвам, калі аднойчы на проводзінах ён убачыў выяву жанчыны, якую тут жа захацелася паўтарыць. І ён паўтарыў. Зараз мужчына малюе ўсё: ад сямейных шаржаў да выяў розных забудоў Карэліцкага краю – гэту серыю замалёвак наш герой называе “Страчанай спадчынай”. У цэнтры ўвагі – знакавыя мясціны раёна, якія маюць багатае гістарычнае мінулае і выклікаюць натхненне і жаданне захаваць іх на паперы. Вялікая Слабада, Беразавец, Сэрвач, Цырын – спіс дастаткова вялікі. Цікава, што працуе Мікалай Гіз не ў рэжыме “тут і зараз”, а робіць гэта па здымках – свайго ці іншага аўтарства. Не абыходзяцца малюнкі і без асабістых дадаткаў, якія, на думку творцы, толькі дапаўняюць і без таго цэласную карціну: “Вось тут я дамаляваў дрэва, а вось тут – мастака, які спрабуе адлюстраваць на мальберце прыгажосць нашага куточка…”

Гледзячы на гэтыя невялічкія замалёўкі ў спецыяльным блакноце, які, дарэчы, называецца скетчбукам (скетч – эскіз, бук – кніга), здаецца, што гэта карпатлівая праца адымае шмат часу, якога можа не хапаць на іншыя захапленні героя – разьбярства і фатаграфію. Але Мікалай Гіз запэўнівае: час ёсць.

Сваё малюнкі мужчына робіць менавіта ў скетчбуку не проста так: акрамя таго, што гэты дапаможнік мае невялікія памеры – палову звычайнага альбомнага ліста, ён спецыяльна прыстасаваны для малявання алоўкам ці пяром і мае досыць вялікую шчыльнасць. Агульную колькасць сваіх карцін мастак не лічыў, а вось скетчбук у яго ўжо дзясяты…

– Раней я маляваў карыкатуры для газеты “Пікнік”, а потым, калі яна закрылася, мне прапанавалі гэта рабіць для дзіцячых газет, але я адмовіўся, – расказвае Мікалай Гіз. – Ведаеце, мне ўсё ж такі хацелася кранаць больш сур’ёзныя і значныя тэмы, таму дзеці – не мая аўдыторыя, на жаль гэта ці на шчасце (усміхаецца).

Яшчэ адно хобі – фатаграфія – з’явілася ў жыцці Мікалая Іванавіча, калі яго сябар прадаваў фотаапарат, вырашыўшы набыць сабе новы. Такую магчымасць юны талент упусціць не мог, таму хуценька яго сабе прыдбаў. Але, калі раней хлопчык нават не уяўляў сабе, што такое кампазіцыя ці дыяфрагма, то зараз пры дапамозе інтэрнэта гэтыя словы ўжо не выклікаюць у яго ступар.

– Акрамя работ з дрэва, я люблю фатаграфаваць… ежу, прыгатаваную маёй жонкай. Ведаеце, вось зробім “смачнае” фота і адправім дачушцы ў Мінск, глядзіш – і прыедзе (смяецца). А калі сур’ёзна, то быў час, калі мяне як фатографа вельмі вабілі “фактурныя” людзі, – працягвае свой расказ Мікалай Гіз. – Здымаць класічных і прыгожых, у якіх ні вугорчыка, ні маршчынкі, мне было нецікава. А вось калі я бачыў чалавека незвычайнай знешнасці – ці то з вялікім, як бульба, носам, ці то з вяснушкамі, – тады я бег за фотаапаратам і спрабаваў захаваць гэтую дзівосную знаходку на маленечкай карце памяці…

Працуючы сталяром у Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійным каледжы, дзе, дарэчы, наш герой і атрымаў прафесію разьбяра, атрымаць вялікую зарплату складана. А мастацтва – гэта не толькі прыгажосць, але і значныя затраты, на якія патрэбна набываць тыя ці іншыя прадметы для творчасці.

– Ведаеце, я аднойчы сеў і падумаў: колькі ўласна заробленых грошай мы трацім часам на дробязь, якая ўвогуле не варта нашай увагі… А шмат дзе людзі жывуць без тэлевізараў, аўтамабіляў і тым не менш адчуваюць сябе шчаслівымі, – разважае падчас размовы Мікалай Іванавіч. – Дык чаму б не атрымліваць асалоду ад таго, што дае табе натхненне і жаданне жыць? Вось на гэта патрэбны грошы, на гэта іх не шкада.

Важным перыядам у жыцці мужчыны быў час, калі ён працаваў рэстаўратарам у ААТ “Белрэстаўрацыя”, займаўся аднаўленнем сядзібы Агінскага ў Залессі, а таксама музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Зараз таленавіты разьбяр працуе над стварэннем дзіцячай пляцоўкі пры Лаўрышаўскім манастыры, што ў Навагрудскім раёне, а яго вырабы ўзяла сабе на рэалізацыю адна мінская крама…

У такіх стасунках з таленавітымі людзьмі, кожны раз пераконваешся, што чалавечыя здольнасці бязмежныя. І калі ёсць сапраўдная прага і жаданне, то ніякія перашкоды не здольныя запаволіць рух цягніка пад назвай “мастацтва”.

? НА МАЮ ДУМКУ…

?- Любімы пісьменнік? — Леў Талстой.
?- Любімы мастак? — Валянцін Губараў.
?- Любімая гістарычная асоба? — Францыск Скарына.
?- Любімая пара года? — Восень.
?- Галоўная крыніца натхнення? — Жанчына.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

?? У ДЗІВОСНЫМ СВЕЦЕ МІКОЛЫ ГІЗА