Хуткая птушыная дапамога. Што рабіць, калі бусел пабудаваў гняздо на апоры ліній электраперадачы?

Буслы адляцелі ў вырай, а іх гнёзды на апорах дзеючых паветраных ліній электраперадачы засталіся, як і пытанне “Што з імі рабіць?”

Яшчэ ў жніўні прадстаўнікі Міністэрства прыроды і Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь разам са спецыялістамі з розных зацікаўленых арганізацый сышліся на тым, што там, дзе ідзе ток, гнёздаў не павінна быць. Бо гэта пагражае самім птушкам лятальным зыходам, а людзям – кароткімі замыканнямі і адключэннямі электрасеткі. Варта звярнуць увагу і на маштаб праблемы. Бо на дадзены момант у Беларусі на апорах ліній электраперадачы буслы звілі 40% ад агульнай колькасці ўсіх гнёздаў.

Вядома, дэмантаж буслінага жылля – рашэнне сур’ёзнае, але, пры гэтым, улічаны “інтарэсы” птушак. На аснове распрацовак Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах для белых буслоў павінны ўладкаваць гнездавыя платформы на адлегласці ад паветраных ліній на спецыяльных слупах, асобных высокіх дрэвах ці розных пабудовах з дапамогай мясцовага насельніцтва, прыродаахоўных грамадскіх і іншых арганізацый.

Як гэта зрабіць, існуе багата варыянтаў: сярод распаўсюджаных – пабудаваць дом для буслоў на даху ці дрэве, больш працаёмкія – на спецыяльна ўстаноўленым слупе ці над дымаходам. Але, у любым выпадку, варта ведаць агульныя правілы. Па-першае, працы па дэмантажы праводзім з канца жніўня да сярэдзіны сакавіка. Па-другое, месца для новага гнязда абіраем адкрытае і сонечнае, а за аснову для буслінай “кватэры” – платформу дыяметрам 120-130 см, лепш за ўсё з сасновых ці яловых жэрдак дыяметрам 6-9 см без кары, замацаваных у адзіную канструкцыю цвікамі. Па-трэцяе, узводзім сцены новага жылля буслоў. Імі служыць зроблены з доўгіх тонкіх вярбовых ці бярозавых галінак вянок (таўшчынёй 20 см, адпаведны па дыяметры платформе і надзейна замацаваны да яе). Нарэшце, старанна высцілаем платформу галінкамі, саломаю і перавернутым дзірваном, глядзім, наколькі добра гняздо праветрываецца і наскрозь праліваецца дажджом, а таксама правяраем канструкцыю на адсутнасць доўгіх канцоў і петляў, бо птушкі могуць у іх заблытацца.

– Беларусы кажуць, што, дзе бусел гняздзіцца, там дабро вядзецца, і мець суседам такую птушку – значыць запрасіць у свой дом шчасце, паразуменне і дабрабыт. Ці таксама, як актуальны ў наш час варыянт, аднойчы застацца без святла, з абрывам правадоў ці парушэннем кантактаў, калі бусел пасяліўся паблізу на апорах ліній электраперадачы, – адзначае начальнік Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Ляўковіч. – Што тады рабіць з такім мілым беларускаму сэрцу, але небяспечным суседам? Скажу адразу, мала дэманціраваць гняздо. Важна пабудаваць непадалёку новае птушынае жыллё. Не факт, што бусел яго з першага разу абярэ, бо гэта птушка кансерватыўная ў “кватэрным пытанні”. Таму трэба набрацца цярпення: вам хутчэй за ўсё давядзецца не адзін раз займацца перасяленнем. Таксама раю звярнуцца да вопыту польскіх энергетыкаў, іх ідэямі, дарэчы, ужо дзевяць гадоў карыстаюцца на Віцебшчыне. Сутнасць простая – трэба дзесьці на метр над электрычнымі правадамі падняць старое гняздо. Для гэтага бярэцца металічная канструкцыя, якая надзейнымі скобамі замацоўваецца на вяршыні бетоннай апоры лініі электраперадач. Саму ж платформу выкладваюць галінкамі са старога гнязда. Адным словам, было б жаданне, а кампрамісныя варыянты паміж птушкамі і людзьмі абавязкова знойдуцца.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара