Журналист газеты «Полымя» по достоинству оценила после ремонта столовую средней школы №2 г.п. Кореличи

Выпраўляючы сына альбо дачку ў школу, кожны з бацькоў спадзяецца, што ва ўстанове адукацыі вучні атрымаюць не толькі трывалыя веды, але здаровае і якаснае харчаванне. Пераступіўшы парог адрамантаванай да новага навучальнага года сталовай СШ № 2 г. п. Карэлічы і прамовіўшы кароткае “Ваў!”, я шчыра ўзрадавалася за дачку-трэцякласніцу, якая штодзень харчуецца ва ўтульнай зале, атрымліваючы эстэтычнае задавальненне ад сучаснага дызайнерскага рашэння.

Прайшоўшы ўвесь шлях капітальных пераўтварэнняў ад пункту “было” да канчатковай кропкі “стала”, дырэктар СШ № 2 г.п. Карэлічы Вікенцій Браніцкі ў дэталях расказвае аб ходзе рамонту харчаблока і школьнай сталовай.

– Неабходнасць правядзення рамонту ўзнікла даўно, – адзначае дырэктар. – Харчаблок не адпавядаў сучасным санітарным нормам і правілам. Неабходны быў капітальны рамонт. Асноўным пытаннем заставалася фінансаванне, але яно было паспяхова вырашана. Наша школа ўвайшла ў інвестыцыйную праграму ў рамках рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” і атрымала фінансаванне ад Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця.

На распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і правядзенне ўсіх неабходных тэндэраў спатрэбілася нямала часу. Адпраўной кропкай капітальнага рамонту, калі ў школьнай сталовай, харчаблоку, кабінетах інфарматыкі, хіміі, біялогіі і матэматыкі пачаліся рамонтныя работы, стала 26 снежня 2018 года.

– Безумоўна, як у пачатку любой важнай справы, адчувалася пэўнае хваляванне, – гаворыць Вікенцій Арсеньевіч. – Падчас правядзення рамонту не абышлося без некаторых тэхнічных нюансаў, якія патрабавалі ўнясення змяненняў у праектную дакументацыю. Справа ў тым, што будынак школы быў пабудаваны ў 1961 годзе і за доўгі перыяд эксплуатацыі некаторыя элементы канструкцыі перарабляліся, пераносіліся. Аднак невырашальных пытанняў не было. Прыемную палёгку адчуў 30 жніўня бягучага года, калі стала зразумела, што з 2 верасня дзеці будуць вучыцца і харчавацца ў сваёй школе. Да пачатку навучальнага года быў завершаны рамонт харчаблока, праведзены ўсе неабходныя праверкі па вакананні існуючых патрабаванняў бяспекі. Утульнымі і камфортнымі для навучання сталі кабінеты біялогіі, хіміі, інфарматыкі і матэматыкі. У бліжэйшы час будуць скончаны работы па дабраўпарадкаванні ганка школы. Ужо адноўлены дах над уваходам у будынак, устаноўлены пандус для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, пакладзена кафляная плітка на прыступках.

На сённяшні дзень харчаблок, які абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, працуе на 100-працэнтную загрузку. Штодзень гарачае харчаванне атрымліваюць 427 вучняў школы. Да таго ж выхаванцы групы падоўжанага дня забяспечаны трохразовым харчаваннем. Меню школьнікаў распрацоўваюць тэхнолагі ўпраўлення адукацыі райвыканкама, якія арыентуюцца на рэкамендацыі спецыялістаў раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. А гэта значыць, што яно збалансаванае, каларыйнае і карыснае. Штодзённы кантроль за прадуктамі харчавання і гатовай прадукцыяй ажыццяўляе бракеражная камісія.

– Новае абсталяванне, напрыклад, параканвектамат, дазваляе нам гатаваць карысную ежу на пару, – адзначае школьны шэф-повар Ала Краскоўская. – Рыхтуем стравы толькі з якасных і свежых прадуктаў. Напрыклад, мяса атрымліваем са Слонімскага мясакамбіната выключна ў астуджаным выглядзе. Імкнёмся арыентавацца на пажаданні саміх вучняў і іх бацькоў. Нядаўна кіраўніцтва школы правяло апытанне, вынікі якога плануем абавязкова ўлічваць пры складанні меню. Безумоўна, змяніліся да лепшага і ўмовы працы работнікаў харчаблока. З’явіліся бытавыя памяшканні, якія прадпісаны існуючымі санітарнымі нормамі. Ды і працаваць у камфортным памяшканні з новым абсталяваннем удвая прыемней.

Не сакрэт, што лепшая ўзнагарода для повара – пустыя талеркі, і работнікі сталовай шчыра радуюцца, калі сваім кулінарным майстэрствам змаглі дагадзіць вучням. Тое, што ў школьнай сталоўцы кормяць смачна і па-хатняму, сцвярджае сямікласнік Аляксандр Шабан.

– Самае любімае страва многіх школьнікаў — курыная катлета з гарнірам. Яна заўсёды з’ядаецца на “ўра”. А салаты са свежай агародніны карысныя для здароўя. Пасля рамонту сталовая ў нас проста шыкоўная: прасторнае памяшканне, модны дызайн і сучасная мэбля.

?? Меню на чацвер, 31 кастрычніка:

Салат з буракоў з сырам і часнаком, бульбяное пюрэ са смажанай рыбай, кампот са свежых яблыкаў.

?? Група падоўжанага дня:

Сняданак: запяканка са смятанай, чай, хлеб пшанічны, сыр.
Абед: капуста (першая страва), салат з буракоў з сырам і часнаком, бульбяное пюрэ са смажанай рыбай, кампот са свежых яблыкаў.
Падвячорак: маннік з джэмам, малако, яблык.

? Кампетэнтна

Ірына Асташэвіч,
начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама:

— На сённяшні дзень у СШ № 2 г.п. Карэлічы навучаюцца 427 школьнікаў. Сёлета ўпершыню за парты селі 44 вучні. Напаўняльнасць класаў стабільна высокая. Таму сярэднюю школу № 2 г.п. Карэлічы можна смела назваць перспектыўнай. А калі назіраецца перспектыва, тады і рамонт хочацца рабіць. Агульны кошт праекту капітальнага рамонту харчаблока школы з мадэрнізацыяй вучэбных кабінетаў склаў 492,6 тысячы рублёў, з якіх 482,3 тысячы рублёў — фінансаванне Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця, 10,3 тыс. — з абласнога бюджэту. За сродкі раённага бюджэту былі набыты 30 камплектаў вучнёўскай мэблі, кошт якіх склаў 2912 рублёў, посуд для прыгатавання ежы і харчавання вучняў, прыбіральны інвентар — на суму 4100 рублёў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара