1 снежня — Дзень юрыста. Пра Літару Закона, нюансы працы і запамінальныя працэсы расказвае загадчык юрыдычнай кансультацыі Карэліцкага раёна Аляксандр Кузьміцкі

Права – справа тонкая. Дык як разабрацца звычайнаму чалавеку ў моры дакументаў? Вядома, звярнуцца да спецыяліста. Так і зрабілі мы, накіраваўшы напярэдадні прафесійнага свята пытанні пра Літару Закона, нюансы працы і запамінальныя працэсы загадчыку юрыдычнай кансультацыі Карэліцкага раёна Аляксандру КУЗЬМІЦКАМУ.

? – Заўжды хочацца спасцігнуць самую сутнасць прафесіі. Хто такі юрыст і, у прыватнасці, адвакат?

– Паняцце “юрыст” уключае ў сябе цэлы спектр розных відаў дзейнасці, адным з якіх з’яўляецца адвакатура – прававы інстытут, што аказвае, згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу ў мэтах ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб. У вас ёсць прававая праблема? Смела звяртайцеся да адваката, ён растлумачыць яе сутнасць, вызначыць і раскладзе для вас па палічках прававыя нормы, што рэгулююць тыя ці іншыя праваадносіны, таксама вы атрымаеце рэкамендацыі адносна спосабаў рэалізацыі і абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Гаворка ідзе пра любыя пытанні грамадзянскага, працоўнага, жыллёвага, шлюбна-сямейнага, зямельнага, крымінальнага, гаспадарчага, падатковага, адміністратыўнага і іншага характару. Да таго ж, як правіла, адвакаты складаюць заявы ў суды, скаргі на судовыя пастановы, а таксама заявы, скаргі, хадайніцтвы ў любыя дзяржаўныя органы і арганізацыі, камерцыйныя структуры. Яшчэ адзін важны накірунак працы адвакатаў – вядзенне справаў у судах і органах папярэдняга расследавання.

? – Літара Закона – даволі сухая і строгая, бо аб’ектыўная. Дзе ж знайсці тады адвакату натхненне ў прафесіі?

– У сваёй працы мы нярэдка сутыкаемся з нестандартнымі прававымі пытаннямі і, каб максімальна дапамагчы кліенту, шукаем часам такое ж неардынарнае выйсце ў межах закона са складаных сітуацый. Больш таго, спецыфіка адвакатуры яшчэ ў тым, што, у адрозненні, напрыклад, ад такіх юрыдычных прафесій, як суддзя, пракурор, следчы, мы не маем уладных паўнамоцтваў. І хоць гэта дадатковы выклік, але ён, разам з астатнімі вышэй абазначанымі фактарамі, робіць нашы працоўныя будні цікавымі і творчымі.

? – Удакладнім: атрымоўваецца, што асноўная задача адваката, насуперак усяму, любымі сродкамі і спосабамі, дабіцца таго, што хоча кліент?

– Асабіста для мяне адвакат – злучнае звяно паміж кліентам і Законам, рычаг, які прыводзіць у дзеянне, заўважу, прававыя сродкі, што дапамагаюць кліенту эфектыўна карыстацца сваімі правамі. Напрыклад, удзел адваката па крымінальных справах у якасці абаронцы падазраванага (абвінавачванага) забяспечвае чалавеку рэальную магчымасць не проста разумець сутнасць сваіх працэсуальных правоў, але карыстацца імі ў поўнай меры і, тым самым, нярэдка ўплываць на зыход ўсёй справы.

Адносна грамадзянскіх спраў, то нярэдка разабрацца ў іх па прычыне складанасці грамадзянін без дапамогі адваката не ў стане. Так, узгадваецца справа пра высяленне людзей з жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду ў сувязі з атрыманнем імі льготнага крэдыта на будаўніцтва жылля. На першы погляд, здавалася, што закон набаку ісца, а не жыльцоў. Аднак пры больш дэтальным вывучэнні пытання мы ўстанавілі, што нормы, на якія спасылаецца ісцец, не могуць прымяняцца ў дадзеным выпадку, так як уступілі ў моц пасля атрымання сям’ёй ільготнага крэдыту. Апроч таго, сям’я фактычна скарысталася льготным крэдытам у памеры, што прыходзіцца не на ўсіх членаў сям’і. У выніку суд пагадзіўся з пазіцыяй адваката, і ў іску аб высяленні было адмоўлена.

? – Выдатна, Вы дапамаглі захаваць сям’і дах над галавой. Такія гісторыі, сапраўды, матывуюць заставацца і расці ў прафесіі.

– Згодны, нездарма слова “адвакат” перакладаецца з латыні як “закліканы на дапамогу”. І я рады, што лёс мяне звязаў менавіта з гэтай прафесіяй. У 2006 годзе пасля прыняцця ў члены Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў я быў накіраваны ў юрыдычную кансультацыю Карэліцкага раёна, у 2007-м стаў яе загадчыкам. За час працы даводзілася весці розныя справы і сутыкацца з мноствам сітуацый, вырашаць прававыя праблемы, у тым ліку і за межамі нашага раёна. І ўсё гэта мяне глыбока пераканала ў тым, што кваліфікаваная юрыдычная дапамога на перыферыі, у невялікіх населеных пунктах неабходная людзям не менш, чым у мегаполісах. Таму забеспячэнне яе даступнасці для любога грамадзяніна, незалежна ад месца жыхарства і ўзроўню даходу, складае адзін з асноўных прынцыпаў у буднях карэліцкіх адвакатаў. Адзначу, што разам са мной у нашай юрыдычнай кансультацыі працуе яшчэ адзін адвакат Таццяна Свірыд. Калектыў зусім не вялікі, але затое згуртаваны і правераны не адной паспяхова вырашанай прававой справай. А ў сувязі з прафесійным святам хачу пажадаць калегам здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, аптымізму і поспехаў на юрыдычнай ніве!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара