Арест, расстрел и реабилитация через 20 лет. История уроженца Мира, редактора газеты «Беларуская справа» Алеся Вильчицкого

Трагічна склаўся лёс нашага земляка з Міра Алеся Вільчыцкага, які ў 1926 годзе рэдагаваў у Вільні газету рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку “Беларуская справа”. На працягу шэрагу гадоў я займалася пошукам звестак пра гэтага прадстаўніка беларускай культуры, але першапачатковыя запыты ў архівы Мінска, Масквы, Ташкента, зварот у арганізацыю “Чырвоны Крыж” не прынеслі станоўчых вынікаў. І ўсё ж мне ўдалося адшукаць сляды нашага земляка ў далёкім Алтайскім краі, але толькі праз 10 гадоў, калі я атрымала рассакрэчаныя дакументы з Дзяржаўнага архіва Алтайскага краю, з’явілася магчымасць дапісаць яго гісторыю.

Нарадзіўся Алесь Вільчыцкі (Аляксандр Сцяпанавіч Вільчыцкі) 15 лютага 1900 года ў мястэчку Мір Наваградскага павета Мінскай губерні (цяпер Карэліцкі раён). Яго бацька, Вільчыцкі Сцяпан Мартынавіч, у канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў вёў у Міры ўзорную гаспадарку, займаўся кавальскаю справаю, земляробствам, агародніцтвам і пчалярствам.

У сям’і Сцяпана Мартынавіча і Алены Георгіеўны Вільчыцкіх нарадзілася 9 дзяцей (двое з іх памерлі ў малым узросце). На фотаздымку, які зроблены ў Міры каля 1912 года, можна ўбачыць бацькоў і 5 дзяцей – Алеся, Аляксандру, Мікалая, Антаніну, Георгія і Надзею. Старэйшая дачка, 17-гадовая Антаніна, апранутая ў цёмную сукенку з шыкоўным белым карункавым каўняром, выглядае вельмі задуменнай, маленькая Надзея, якая нарадзілася ў 1910 годзе, прыхіліўшыся да матулі, нясмела глядзіць у аб’ектыў фотаапарата. Затое 12-гадовы Алесь, будучы рэдактар віленскай газеты, відаць, адчувае сябе даволі ўпэўнена ў сітуацыі, якая для любой сям’і ў той час станавілася сапраўднай падзеяй.

Праз некалькі гадоў Першая сусветная вайна прымусіць Вільчыцкіх пакінуць абжытае месца і накіравацца ў бежанства ў Расію, але ў пачатку 1920-х гадоў яны вернуцца ў Мір. Бацькі і старэйшыя дзеці будуць працаваць на гаспадарцы цяпер ужо ў іншай краіне, у Польшчы, але гаспадарка па-ранейшаму будзе моцнай, бо працавітасць у гэтай сям’і перадавалася з генамі, дый бацькі шмат чаму навучылі дзяцей. У 1937 годзе гаспадара не стала. Яго нашчадкі, прывучаныя да працы, працягвалі шчыраваць на зямлі. Адзін з сыноў, Мікалай, займаўся пераважна зямельнай гаспадаркай, а яго брат Ягор – кузняй і вырабам аўчын. Браты дапамагалі адзін аднаму і ў полі, і ў кузні. Дачка Антаніна працавала настаўніцай у Барысаве.

Трэці сын, Алесь Вільчыцкі, у час вайны разам з бацькамі выехаў у г. Растоў-на-Доне, дзе ў 1920 годзе скончыў рэальнае 7-класнае вучылішча, пасля чаго вярнуўся на Радзіму. Спачатку нейкі час дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а потым у пошуках працы адправіўся ў Вільню, дзе неўзабаве стаў удзельнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі «Беларуская сялянска-рабочая грамада» (БСРГ), якую ўзначальваў Браніслаў Тарашкевіч. Наш зямляк трапіў у акружэнне такіх выдатных асоб, як Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын, Пятро Мятла і іншых, пад уздзеяннем якіх у 1926 годзе пачаў рэдагаваць газету “Беларуская справа”. Рэдакцыя гэтага выдання знаходзілася на Віленскай вуліцы ў доме № 12, трохі далей на гэтай жа вуліцы ў доме № 37 працавалі кіраўнікі БСРГ. “Беларуская справа” з’яўлялася на свет у друкарні Н. Левіна, якая размяшчалася на вуліцы Нямецкай, 22. Трэба сказаць, што гэта было не першае выданне Грамады. З-за праследаванняў улад газеты часта закрываліся. У 1925 годзе наш зямляк з в. Жухавічы Уладзімір Варава рэдагаваў газету Грамады “Жыццё беларуса”, якая актыўна змагалася за асвету на беларускай мове. Хутка яе выданне было забаронена, а рэдактар, каб не трапіць у паліцыю, пакінуў Вільню. Наступная газета, “Беларуская ніва”, таксама праіснавала нядоўга, а пасля яе закрыцця пачала выдавацца “Беларуская справа”.

Праз газету БСРГ прапагандавала ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, выступала супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, асвятляла развіццё беларускай культуры і асветы ў Заходняй Беларусі і ў БССР. У нумары ад 19 траўня (мая) яна вызначыла мэту сваёй дзейнасці: перадача сялянству зямлі без выкупу, амністыя для палітзняволеных, скасаванне асадніцтва, увядзенне рабочага кантролю над прамысловасцю, нацыянальнае раўнапраўе. Газета мела рубрыкі: “Карэспандэнцыі”, “З Радавае Беларусі”, “Хроніка”, “Паштовая скрынка” і іншыя, пісала пра важнейшыя здарэнні ў Польшчы і за мяжой, пра эксплуатацыю парабкаў, пра беспрацоўе і дэманстрацыі беспрацоўных у Польшчы, пра святкаванне 1-га мая ў Вільні, Гродна, Баранавічах і іншых гарадах, пра тое, як спаганяюць падаткі з сялян, пра галадоўку зняволеных у Навагрудскай турме, пра закрыццё беларускіх школ і забарону беларускіх газет, пра дзейнасць ТБШ. На старонках газеты друкавалі свае вершы М. Васілёк, Н. Арсеннева, Хв. Ільяшэвіч, С. Волька, змяшчаў нарысы пасол П. Мятла. Многія аўтары друкавалі свае допісы пад псеўданімам.

? Перагартаем старонкі газеты.

? У №1 АД 9 КРАСАВІКА была змешчана карэспандэнцыя аб жыцці сялян на радзівілаўскіх землях у Стаўбцоўскім павеце (у Стаўбцоўскі павет у той час уваходзіла і мястэчка Мір): “За пасту каровы ў лесе – плаці, пабеглі дзеткі ў лес ягад назбіраць – панскія ляснікі ловяць іх, разбіваюць гаршчочкі, трэ’ чалавеку печку пратапіць, –ідзі да ляснічага, знімай перад ім шапку і прасі ласкі, каб даў квіт на дровы ці галлё – ведама ж, за грошы…і г.д. А загарыцца панскі лес, — дык тых жа сялян зганяюць прымусам тушыць пажар. І за гэта ня толькі нічога не заплацяць, але і дзякуй не скажуць!”

? У НУМАРЫ АД 23 КРАСАВІКА расказвалася, як з беларусаў у вёсцы спаганяюць падаткі. У сялян, якія не мелі грошай, паліцыянты забіралі ў каго швейную машыну, у каго цялушку, а ў некаторых нават адзенне і абутак.

? 15 ТРАЎНЯ (МАЯ) у рубрыцы “Хроніка” з’явілася паведамленне аб тым, што 6 траўня ў Вільні памёр ад сухотаў беларускі паэт Казімір Сваяк, аўтар зборніка вершаў “Мая Ліра”. Яго сапраўднае імя – Канстанцін Стэповіч, і ён быў каталіцкім святаром. 8 траўня святар, паэт, даматург і публіцыст быў пахаваны ў Вільні на могілках Роса. На яго пахаванні прысутнічала ўсё віленскае беларускае грамадства. У наступным нумары газета надрукавала нарыс Ант. Навіны, прысвечаны К. Сваяку.

? 22 ТРАЎНЯ (МАЯ) 1926 года газета “Беларуская справа” пісала аб тым, што ў суботу, 3 траўня, удзельнікі драматычнага гуртка ў Міры (створаны па ініцыятыве Ганны Сташэўскай, кіраўнік – яе брат Леанід – С.К.), збіраліся паставіць для насельніцтва дзве беларускія п’есы. З-за дрэннага надвор’я спектакль перанеслі на другі дзень. Аднак назаўтра артыстам зноў не пашанцавала: яны змаглі паказаць гледачам толькі адну п’есу Ф. Аляхновіча “На вёсцы”. Другі спектакль быў забаронены камендантам мірскага пастарунка, хаця раней камендант даў дазвол.

Камендант патлумачыў прычыну забароны тым, што нібыта артысты гаварылі са сцэны тое, чаго ў творы не было. Так, у п’есе напісана: “…будзем пяяць сваю родную песьню… насіць сваю родную вопратку…”, а са сцэны было сказана: “…будзем пяяць сваю родную, беларускую песьню…насіць сваю родную, беларускую вопратку”. Гэта слова “беларускую” так напалохала каменданта, што ён забараніў артыстам іграць другую п’есу.

? 16 ЧЭРВЕНЯ ў рубрыцы “Хроніка” з’явілася інфармацыя пра суд над рэдактарам адной з беларускіх газет: “11-га гэтага месяца ў акружным судзе разглядалася справа рэдактара “Голаса Беларуса” – Мікалая Шылы. Абвінавачаны ён быў за артыкулы, у якіх быццам “прызываў да бунтаўнічых учынкаў насяленьня і да адарваньня Зах. Беларусі ад Польшчы”. Рэд. Шыла засуджаны на год цяжкага вастрогу і пазбаўленьне грамадзянскіх правоў”. Хутка падобны лёс напаткае і рэдактара газеты “Беларуская справа”.

? 23 ЧЭРВЕНЯ газета расказала аб экскурсіі Наваградскай беларускай гімназіі, якую арганізаваў настаўнік беларускай мовы М. Чатырка. Экскурсія доўжылася з 5 да 11 чэрвеня, яе маршрут пралёг праз мястэчкі Карэлічы, Турэц, Ярэмічы і Любча. Па дарозе вучні гімназіі ставілі спектаклі, насельніцтву былі паказаны п’есы “Дзядзька Якуб”, “Мікітаў лапаць”, “На вёсцы”, “Янка Канцавы” і іншыя. Адначасова на сцэне выступаў хор вучняў, які выконваў народныя песні. Насельніцтва сустракала моладзь з вялікай радасцю, сяляне на спектаклі ішлі за 7-8 вёрст, у памяшканнях не хапала месцаў для гледачоў, і многія людзі гатовы былі стаяць, каб толькі пабачыць спектакль. Авацыям не было канца, і ўсюды прасілі застацца яшчэ на адзін дзень. Ад Ярэмічаў да Любчы экскурсанты падарожнічалі на лодках па Нёману. Сяляне з наднёманскіх вёсак выходзілі на бераг, каб сустрэць таленавітую моладзь, на сцэну кідалі букеты кветак, дзякавалі за хвіліны радасці, якія перажылі падчас выступлення артыстаў. Гэтая падзея падмацавала надзею жыхароў Наваградскага і Стаўбцоўскага паветаў на лепшую будучыню беларускага народа, якая ў свядомасці людзей звязвалася з верай у лепшых прадстаўнікоў беларускай моладзі.

Алесь Вільчыцкі рэдагаваў газету з 9 красавіка да канца чэрвеня, потым яшчэ месяц яго справу працягваў С. Макулік. З 20 нумароў газеты, якія выдаў наш зямляк, 5 былі канфіскаваны. № 3 не выйшаў у свет з-за артыкулаў “Безработныя” і “Да святкавання 1-га мая”, № 7 ад 14 траўня – за перадавіцу “Дыктатура буржуазіі” і артыкул “Ці ўсё ў парадку?” У № 8 былі канфіскаваны артыкулы “Тры праграмы” і “3 падарожжы па Радавай Беларусі”, але гэты нумар усё ж пабачыў свет. № 11 ад 27 траўня канфіскавалі за перадавы артыкул “Напярэдадні развязкі”. № 16 таксама не выйшаў, але найбольш пацярпеў № 13 ад 2 чэрвеня. На 1-й старонцы наступнага, 14-га нумара, ад 4 чэрвеня рэдактар змясціў інфармацыю пра тое, што газета канфіскавана за 8 артыкулаў, якія былі забаронены Камісарам ураду места Вільні панам Вімбарам. Што ж так напалохала апошняга? У некалькіх артыкулах апальнага 13-га нумара гутарка ішла пра маршалка Пілсудскага, якога БСРГ не падтрымала на прэзідэнцкіх выбарах, якія толькі што адбыліся. Далей рэдакцыя змясціла паведамленне, што члены Грамады не аддалі сваіх галасоў за кандыдатуру Пілсудскага, бо ён дзейнічае не ў імя інтарэсаў рабочых і сялян, што церпяць нацыянальны ўціск, а збіраецца захаваць надалей сацыяльныя адносіны, крыўдныя для працоўных. Акрамя таго маршалак Пілсудскі з’яўляецца ініцыятарам і прыхільнікам вайсковага асадніцтва на так званых “Крэсах”. Усё гэта не супадала з пазіцыяй Грамады. Калі ж Ю. Пілсудскі адмовіўся быць Прэзідэнтам, БСРГ не галасавала і за праф. Ігнація Масціцкага, кандыдатуру якога рэкамендаваў Пілсудскі. Кіраўнікі Грамады нібы прадчувалі, якую трагічную ролю ўжо хутка сыграе Ю. Пілсудскі ў разгроме арганізацыі і арышце яго актыўных членаў.

Праіснавала газета “Беларуская справа” да канца ліпеня 1926 года, а потым яе выданне, як і многіх іншых заходнебеларускіх газет, было забаронена, а яе рэдактар Алесь Вільчыцкі быў арыштаваны і асуджаны польскімі ўладамі. Некалькі месяцаў ён знаходзіўся ў Віленскай турме за змяшчэнне ў газеце антыдзяржаўных артыкулаў. Пасля вызвалення ў студзені 1927 года, каб пазбавіцца праследавання з боку паліцыі, наш зямляк пакінуў Вільню і апынуўся ў Савецкай Беларусі, але тут перабежчыка зноў арыштавалі і за нелегальны пераход мяжы на працягу двух тыдняў утрымлівалі ў зняволенні.

Пасля гэтых выпрабаванняў Алесь Вільчыцкі ўсё ж здолеў уладкавацца на працу настаўнікам пачатковых класаў у Барысаўскім раёне. Неўзабаве ён сустрэўся са сваёй будучай жонкай Таццянай Юхневіч, якая таксама была перабежчыцай з Заходняй Беларусі і працавала ў Барысаўскім дзіцячым доме кухаркаю. У 1928 годзе наш зямляк ажаніўся з Таццянай, і хутка ў сям’і нарадзіўся сын Кім. У пачатку 1930-х гадоў Вільчыцкія пакінулі Беларусь. З успамінаў сваякоў я даведалася, што ў апошнім лісце, які былы рэдактар даслаў сваякам з Масквы ў Мір, гаварылася, што сям’я пераязджае ў Ташкент, каб памяняць клімат, таму што сын Кім часта хварэе. Абяцаў, што адтуль напіша, але больш лістоў ад яго не было.

Далейшы лёс нашага земляка можна прасачыць па дакументах НКУС Алтайскага краю, якія ўтрымліваюць пратаколы яго допытаў. Сям’я накіравалася ў Ташкент, дзе ў той час жыў брат Таццяны Юхневіч, які працаваў токарам на заводзе. Прыпыніліся ў г. Янгіюль, чыгуначнай станцыі ў 28 км ад Ташкента. Раней тут быў пасёлак Каунчы, у 1934 годзе ён стаў горадам, які перайменавалі ў г. Янгіюль (Новы шлях). 18 снежня 1934 года Алесь Вільчыцкі атрымаў тут пашпарт. Дакумент, як сведчыць пратакол допыту, быў выдадзены “Янги-Юльским РО РК милиции НКВД Узбекской ССР”. Відаць, там сям’я страціла сына Кіма, бо пра яго ў дакументах няма ніякіх звестак, а ўпамінаецца толькі дачка Лілія, якой на момант арышту бацькі ў 1937 годзе было 3 гады. З пратакола допыту А. Вільчыцкага ад 29 снежня 1937 года: «Состав семьи – жена: Юхневич Татьяна Яковлевна – 32 лет, домохозяйка, дочь Вильчицкая Лилия Александровна – 3 лет. Жили при мне и на моём иждивении в с. Ребриха Ребрихинского района Алтайского края. Сестра – Бельская Антонина Степановна – учительница в г. Н. Борисов БССР, отец Вильчицкий Степан Мартынович – 63 лет, мать Вильчицкая Елена Георгиевна – 60 лет, братья – Николай – 39 л. и Георгий – 32 л. Все проживают в м. Мир Новогрудского воеводства в Польше».

У Янгіюлі Вільчыцкія надоўга не затрымаліся, яны пераехалі ў сяло Уцянка Даволенскага раёна Новасібірскай вобласці. Жонка Алеся Вільчыцкага захварэла, і ў пачатку 1936 года ён прывозіў яе з Уцянкі ў Барнаул для лячэння ў фізіялячэбніцы, якая нядаўна была адкрыта ў горадзе. У 1937 годзе наш зямляк працаваў дырэктарам Уцянскай НСШ, але ў той далёкі і трагічны час лёс былога рэдактара і перабежчыка з Польшчы быў прадвызначаны. Праверка, якая адбылася ў навучальнай установе ў сакавіку 1937 года, прызнала работу кіраўніка нездавальняючай і нават шкодніцкай, пра што сведчыць загад №27 па Даволенскаму райана ад 25 сакавіка 1937 г. У газетах у духу таго часу пачынаецца выкрыванне і цкаванне так званых “ворагаў народа”.

У нумары ад 4 студзеня 1938 года газета “Алтайская правда”, якая выдавалася ў Барнауле, пісала: “Недавно органами НКВД изъят из Ребрихинской средней школы враг народа Вильчицкий (у газеце памылкова – “Велицкий” – С.К.), орудовавший продолжительное время под носом районо и районных организаций. Знали ли районо, райисполком и райком партии об этой вражеской работе, о засоренности педагогического коллектива района. Да, знали. Но мер никаких не принимали, ибо в самом аппарате районо сидят люди, которые сами не остаются безучастными в этом деле.

Например, Вилкова – инспектор районо является прямым ставленником пособницы врагов народа Фоминой и врага народа Надлермана, тесно связана со всеми вышепоименованными людьми, творящими вражеские дела. Она является темным человеком, не внушающим политического доверия. Но Вилкова продолжает работать в аппарате, замещает заведующего районо. Районный же комитет ВКП(б) не вникал в работу школ. Врагам народа и их пособникам создавали условия для вражеской работы. Необходимо очистить педагогический коллектив района от этой нечисти, до конца разоблачить и выкорчевать врагов народа, мобилизовать всю честную часть учительства района на быстрейшую ликвидацию последствий вредительства”.

Звольнены з пасады, Алесь Вільчыцкі пераязджае ў сяло Рабрыха Рабрыхінскага раёна Алтайскага краю, дзе працуе настаўнікам мясцовай сярэдняй школы, але ўжо было зразумела, што і тут яго не пакінуць у спакоі. Пятля на яго шыі паступова зацягвалася.

6 студзеня 1938 года была арыштавана і жонка Алеся Вільчыцкага, Таццяна Юхневіч, а іх трохгадовую дачку Лілію здалі ў дзіцячы дом горада Змяінагорска.

Органы НКУС старанна фабрыкавалі чарговую ілжывую справу. Кола вінаватых пашыралася. У міфічную арганізацыю, якая існавала толькі ў хворай фантазіі НКУСаўцаў, увайшлі і намеснік старшыні праўлення калгаса Рабрыхінскага раёна Афанасій Нечупаеў, якога палічылі былым кулаком, і ўраджэнец Аўстра-Венгрыі, механік паравога млына Чырвонаазёрскага раёна Георгій Апальзанаў, і рахункавод Чырвонаазёрскай МТС Станіслаў Шлюберг, і латыш Эйнат Юліус, і яшчэ шмат людзей, часам з польскімі і латышскімі імёнамі. Усяго ў спіс міфічнай контррэвалюцыйнай арганізацыі супрацоўнікі НКУС уключылі 80 чалавек. Усіх асобымі мерамі ўздзеяння прымусілі прызнаць віну, якой не існавала, і ўсе гэтыя людзі былі расстраляныя.

Аляксандр Сцяпанавіч Вільчыцкі быў асуджаны “Особым совещанием при НКВД СССР” 11 лютага 1938 года і прыгавораны да расстрэлу. Прыгавор выкананы 27 сакавіка 1938 года ў г. Барнауле [Там жа, арк. 285].

Таццяна Якаўлеўна Юхневіч асуджана 9 ліпеня 1938 г. Расстраляна 5 жніўня 1938 года.

? З рассакрэчанага дакумента, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Алтайскага краю:

“Определение № 459.

Военный трибунал Сибирского военного округа (…), рассмотрев в заседании от 29 апреля 1958 г. протест Военного прокурора Сибирского военного округа на постановление Комиссии НКВД СССР и Прокурора СССР от 11 февраля 1938 года, согласно которому подвергнуты расстрелу:

(…) 4. Вильчицкий (Вельчицкий, Вильчинский) Александр Степанович, 1900 г.р., ур. быв. Минской губ., ар. 18.XII.1937 г., до ареста – преподаватель средней школы в с. Ребриха, Алтайского края (…) (Пералічваюцца прозвішчы 80 чал. – С.К.)

(…) проверкой установлено, что указанной контрреволюционной организации на территории Алтайского края не существовало, она была выдумана бывшими работниками УНКВД края, а уголовное дело по обвинению вышеперечисленных лиц сфальсифицировано.

Рассмотрев материалы дела, проверки и полностью соглашаясь с доводами протеста, Военный Трибунал Сибво, руководствуясь Указом Президиума Верховного Совета СССР от 19 августа 1955 года,

Определил:

Протест удовлетворить. Постановление Комиссии НКВД СССР и Прокурора СССР от 11 февраля 1938 г. в отношении: (Далей пералічваюцца прозвішчы 80 чалавек, у т.л. Вільчыцкага А.С. – С.К.) отменить и дело на них производством прекратить на основании п.5, с.4 УПК РСФСР за отсутствием в действиях обвиняемых состава преступления». [Там жа, арк.447].

? ДАВЕДКА

18 снежня 1937 года былы рэдактар быў арыштаваны органамі НКУС. Яго абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляецца агентам замежнай разведкі і актыўным удзельнікам контррэвалюцыйнай шпіёнска-дыверсійнай паўстанскай арганізацыі “Таварыства латышскіх стралкоў”, створанай замежнай разведкай, па заданням якой ён нібыта вёў актыўную контррэвалюцыйную работу. З дакументаў НКУС: “В контрорганизацию вошёл по заданию польской разведки, которой был переброшен на территорию СССР в 1927 г. для разведывательной и диверсионной работы. Вёл вербовку в контрорганизацию. Вёл активную подготовку к вооружённому восстанию против советской власти. Готовил совершение диверсионных актов” [Дзяржаўны архіў Алтайскага краю. Ф.Р-2, воп.7, спр.5647, арк.242]. Яго прымусілі прызнацца ў тым, што ён нібыта быў завербаваны ў гэту арганізацыю ў 1936 годзе механікам Барнаульскага тэкстыльнага камбіната Валенчуком, перабежчыкам з Літвы. Такім чынам, справа ў адносінах Вільчыцкага А. С. спынена “за отсутствием состава преступления”. 29 красавіка 1958 года ён быў рэабілітаваны. Таццяну Юхневіч рэабілітавалі 24 ліпеня 1989 года. Праз некалькі дзесяцігоддзяў справядлівасць перамагла, але людзей ужо не было ў жывых, і сваякі да нядаўняга часу не ведалі, які лёс іх напаткаў.

А што ж здарылася з маленькай дачушкай Алеся Вільчыцкага, якая ў трохгадовым узросце апынулася ў дзіцячым доме? Сёння я магу адказаць на гэта пытанне, бо мне ўдалося наладзіць перапіску з яе дачкой, унучкай Алеся Вільчыцкага, якая жыве ў Краснаярскім краі.

Да 14-гадовага ўзросту Лілія Вільчыцкая знаходзілася ў Змяінагорскім дзіцячым доме Алтайскага краю. У пасведчанні аб нараджэнні, якое было выдадзена, відаць, тады, калі дзіця трапіла ў дзіцячы дом, памылкова ўказваецца дата нараджэння – 1933 год, у той час як бацька, арыштаваны ў 1937 годзе, на допытах гаварыў, што ўзрост дачкі – 3 гады, а гэта значыць, што яна нарадзілася ў 1934 годзе. Імя па бацьку ў дакуменце запісана няправільна – Аляксееўна, у прозвішчы таксама зроблена памылка. Так Лілія Аляксандраўна Вільчыцкая стала Ліліяй Аляксееўнай Вельчыцкай. (У некаторых дакументах судовай справы прозвішча бацькі таксама напісана з памылкай – Вельчыцкі).

З дзіцячага дома дзяўчынку адправілі ў сяло Савушкі каля Змяінагорска. Цяжка жылося сіраце. Да гэтага часу яна скончыла 5 класаў, а далей давялося жыць у чужых людзей і працаваць спачатку нянькаю, потым на калгаснай ферме і буравой вышцы. Праз некаторы час пераехала з сяброўкаю ў г. Рубцоўск, дзе змагла ўладкавацца на Алтайскі трактарны завод. Скончыла курсы і пачала працаваць машыністам маставога крана ліцейнага цэха. У 18-гадовым узросце выйшла замуж за Анатоля Ягорава, які таксама працаваў на заводзе. Разам выгадавалі дваіх дзяцей – дачку Любу і сына Аляксандра. Сын скончыў Томскі інстытут па спецыяльнасці “геолаг”. Жыве ў Томску, працуе дырэктарам аднаго з ювелірных прадпрыемстваў. Дачка Люба скончыла педінстытут у Краснаярску, працавала дырэктарам школы сяла Гладкова Саянскага раёна Краснаярскага краю.

Шмат гадоў Любоў Анатольеўна Юркова шукала звесткі пра сваіх бабулю і дзядулю. Пошукі і яе прывялі ў Дзяржаўны архіў Алтайскага краю. Даведаўшыся пра лёс рэпрэсіраваных продкаў, унучка Алеся Вільчыцкага адшукала сваякоў у Міры. У 2012 годзе адбылася доўгачаканая сустрэча. У Мір прыехалі дачка Алеся Вільчыцкага Лілія з дзецьмі і ўнукам. Сустрэча была цёплая і кранальная. Многія сваякі прыехалі з розных гарадоў Беларусі, каб пабачыць сваіх далёкіх родзічаў. Яны і сёння падтрымліваюць сувязь паміж сабою. Нарэшце сірата Лілія Вільчыцкая даведалася аб тым, хто быў яе бацька, і які лёс яго напаткаў.

Зацікавіліся лёсам нашага земляка і настаўнікі Рабрыхінскай сярэдняй школы Алтайскага краю, з якімі мне ўдалося наладзіць сувязь. Нядаўна на будынку школы, дзе працаваў наш зямляк, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з прозвішчамі рэпрэсіраваных настаўнікаў. Сярод іх ёсць імя Алеся Вільчыцкага.

Святлана КОШУР