Как кореличчане относятся к тому, чтобы отказаться от использования пластиковой посуды в местах общественного питания

У хуткім часе Беларусь плануе цалкам адмовіцца ад выкарыстання пластыкавага посуду ў месцах грамадскага харчавання. Пастанова Савета Міністраў № 797 прадугледжвае поўную забарону на выкарыстанне і продаж гэтай прадукцыі з 1 лютага 2021 года. А што наконт гэтага думаюць карэліччане?

Лізавета КАРВІГА,
вучаніца 11 класа ДУА “Лукская сярэдняя школа”:

– Вядома, звыкнуць да гэтага будзе няпроста, але ўсе мы разумеем, што гэта неабходныя меры, улічваючы тыя прыродныя катаклізмы, якія сёння адбываюцца ў свеце. Нават я, калі гляджу тэлевізар і бачу, як ад забруджвання гінуць ні ў чым не вінаватыя жывёлы, разумею: трэба штосьці мяняць. Таму гэтая пастанова – добрая падстава для таго, каб зрабіць першыя крокі да зменаў на нашай планеце. Што тычыцца альтэрнатывы пластыку – фарфора або шкла – то нічога дрэннага ў тым, што яна будзе шматразовай, я не бачу. А як у рэстаранах, шматлікіх сталовых?.. Да таго ж я лічу, што наша краіна павінна ісці ў нагу з часам, а ў Еўропе праблемай экалогіі займаюцца ўжо даўно. У любым выпадку, адмова ад пластыку – гэта яшчэ адзін напамін аб тым, што ўсё залежыць ад нас. Галоўнае – гэта ўсвядоміць.

Аляксандр РУДАК,
дырэктар РУП ЖКГ:

– Думаю, я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што пластык – гэта рэч, якая дрэнна і доўга раскладаецца. Што ў гэтым добрага? Нічога. Калі нашы службы збіраюць смецце ад насельніцтва, то мы бачым, што людзі яшчэ не гатовыя да таго, каб займацца сартыроўкай… Яны не прывыклі, не ўсвядомілі. Я ж заўсёды выкідваю шкло да шкла, паперу да паперы і г.д., бо разумею важнасць і неабходнасць гэтага ўчынку. Дарэчы, да гэтага звыкнуў не толькі я, але і ўся мая сям’я. А што тычыцца пластыка, то яго можна перапрацаваць і вырабіць, напрыклад, плітку. Менавіта гэтым пачалі займацца два гады назад на Гродзенскім смеццесартавальным заводзе. Выпрабаванні паказалі, што такая плітка больш моцная і воданепранікальная, і гэта цудоўна. Такім чынам, мы адначасова пазбаўляемся ад смецця і вырабляем новую прадукцыю.

Анастасія УРБАНОВІЧ,
намеснік дырэктара Карэліцкага райспажыўтаварыства:

– У нашым раёне на дадзены момант ідзе рэалізацыя папяровых пакетаў і стаканчыкаў, якія з’яўляюцца добрай альтэрнатывай пластыку. Не сказаць, каб яны прадаваліся добра, але, напрыклад, у райцэнтры ўсе пакеты раскупілі, чаго, на жаль, не скажаш пра гандлёвыя кропкі ў аграгарадках і вёсках. Вядома, у людской свядомасці яшчэ не закладзена разуменне, што пластык – гэта зло. Ім прасцей набыць звычайны пакет за пяць капеек, чым папяровы – за адзінаццаць. Але, безумоўна, пэўныя крокі ў паляпшэнні гэтай сітуацыі ёсць. Што тычыцца месцаў грамадскага харчавання, то, напрыклад, асабіста мне больш прыемна піць каву ці гарбату са шклянога ці фарфоравага кубка, чым з пластыкавага. А яшчэ калі ты разумееш, што дапамагаеш прыродзе, то ўвогуле на душы становіцца лягчэй.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц