Навагодняе віншаванне старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева

Паважаныя жыхары раёна, дарагія сябры!

У гэтыя дні, збіраючыся ў цесным коле родных і блізкіх людзей, мы ўспамінаем падзеі адыходзячага года, падводзім вынікі, будуем планы на будучыню.

2019 год быў адзначаны 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў. Жыхары Карэліччыны аддалі даніну павагі воінам-землякам у рамках праекта «Дзеля славы агульнай Перамогі» і сустрэлі на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір Агонь II Еўрапейскіх гульняў. Пры высокай яўцы выбаршчыкаў у раёне адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Адыходзячы год не быў простым. Ён правяраў нас на трываласць, рашучасць, уменне пераадольваць цяжкасці – і мы справіліся. Адыходзячы год на Карэліччыне пражылі ў міры і згодзе, забяспечылі развіццё ўсіх сфер жыццядзейнасці, палепшылі якасць жыцця людзей.

У раёне плённа працавалі над рэалізацыяй важнейшых народнагаспадарчых праграм, рашэннем многіх надзённых праблем. Праводзіцца работа па мадэрнізацыі эканомікі, павышэнню тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны, узроўню кіравання. Нягледзячы на ўсе складанасці, са станоўчай дынамікай, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, завяршаецца чацвёрты год пяцігодкі для аграрыяў. З палёў раёна сабрана 107 тысяч тон збожжа. Ураджайнасць склала 53 цэнтнеры з гектара. Дзякуючы зладжанай працы каманды раслінаводаў Карэліцкі раён заняў другое месца ў абласным спаборніцтве на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2019 годзе. Раён з’яўляецца лідарам на Гродзеншчыне па ўраджайнасці рапсу, уваходзіць у дваццатку мацнейшых раёнаў Беларусі па вытворчасці малака і мяса.

Будаўніцтва жылля, добраўпарадкаванне і развіццё інфраструктуры, як пасёлкаў, так і аграгарадкоў, ставяць наш раён у шэраг рэгіёнаў з камфортнымі ўмовамі пражывання. У 2019 годзе ў эксплуатацыю ўведзена больш за 2700 квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 28 сем’яў, у тым ліку тры мнагадзетныя.

2019 год стаў годам шырокамаштабнага добраўпарадкавання для г.п. Мір. У пасёлку заасфальтаваны вуліцы, абноўлены фасады будынкаў, мадэрнізавана вулічнае асвятленне. Пачаты работы па водазабеспячэнні Міра, якія завершацца ў 2020 годзе. У выніку ў пасёлку з’явіцца новы вадавод, станцыя абезжалезвання, тры артэзіянскія свідравіны.

Многае было зроблена па ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры. Капітальна адрамантаваны харчаблок і некалькі навучальных кабінетаў сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы адкрыта аддзяленне гемадыялізу, пачаты рамонт харчаблока, маштабныя рамонтныя работы прайшлі ў Жухавіцкім Доме культуры.

Мінулы год прынёс нашаму раёну нямала перамог спартсменаў, творчых калектываў, нашых таленавітых дзяцей.

Новы год ставіць перад намі новыя задачы, адкрывае новыя шляхі і магчымасці для развіцця. Мы вызначылі для сябе найважнейшыя мэты, якіх, я ўпэўнены, абавязкова дасягнем. Карэліцкі раён будзе добраўпарадкоўвацца, мы будзем развіваць вытворчасць і павышаць узровень жыцця насельніцтва. 2020 год будзе адзначаны шэрагам важных падзей. Зусім хутка мы адзначым 75-годдзе Вялікай Перамогі, а затым — 80-годдзе ўтварэння раёна. Як даніна глыбокай павагі хай прагучаць сёння словы падзякі і віншавання ў адрас ветэранаў вайны і працы.

Галоўнай палітычнай падзеяй будучага года стануць выбары кіраўніка нашай дзяржавы. Для ўсіх нас гэтая кампанія стане своеасаблівым іспытам на сацыяльную і палітычную сталасць. Назіраючы за тым, што адбываецца ў іншых краінах, па-асабліваму ўсведамляеш значнасць палітычнага курсу, які праводзіцца Прэзідэнтам рэспублікі А. Р. Лукашэнкам па забеспячэнні міру і спакою на беларускай зямлі. Мы павінны берагчы адзінства і згоду ў грамадстве, бо кожны з нас у адказе за будучыню нашых дзяцей і нашай краіны.

Надыходзячы год будзе ў Беларусі Годам малой радзімы. Мы не павінны забываць тыя месцы, дзе нашы карані, і берагчы гэтую вялікую каштоўнасць. Дарагія сябры, я хачу падзякаваць кожнаму з вас за асабісты ўклад у развіццё Карэліччыны, за вашу працавітасць, талент, любоў да роднай зямлі. Новы год і Нараджэнне Хрыстова – гэта светлыя сямейныя святы. Няхай не толькі ў гэтыя дні, але і на працягу ўсяго наступнага года вас атачаюць шчасце, каханне, дабрабыт! Я жадаю ўсім моцнага здароўя, душэўных і фізічных сіл для новых дасягненняў, радасці, выканання самых запаветных жаданняў. Няхай у кожнай сям’і будзе мір і дастатак!

З павагай Генадзій ШАТУЕЎ,
старшыня Карэліцкага райвыканкама