Преподаватели аграрного университета и инженеры белорусских льнозаводов приехали за опытом на «Кореличи-Лён»

Не сакрэт, што ААТ “Карэлічы-Лён” з’яўляецца выдатнай базай для навучання і пераняцця вопыту выкарыстання перадавых тэхналогій пры перапрацоўцы льнотрасты. У пачатку тыдня ў рамках курсаў павышэння кваліфікацыі Карэліцкі льнозавод наведалі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і інжынерна-тэхнічныя работнікі васьмі льнозаводаў рэспублікі.

Лёну ў гэтым годзе на прадпрыемстве нарыхтавана амаль удва разы больш, чым летась: прыкладна 12 тысяч тон сыравіны пры ўраджайнасці льнотрасты звыш 35 ц/га. Да таго ж атрыманы высокі нумар ільновалакна – 1-1,15, што дазваляе гаварыць аб высокай якасці канчатковага прадукта. На сённяшні дзень завод працуе на поўную магутнасць: расійская лінія МТА – у дзве змены, высокавытворчая лінія па выпрацоўцы доўгага і кароткага льновалакна бельгійскай фірмы Depoortere – у тры змены.

Падчас экскурсіі па льнозаводзе галоўны інжынер ААТ «Карэлічы-Лён» Іван Лаўровіч пазнаёміў удзельнікаў семінара з тэхналагічным працэсам вытворчасці льновалакна. З непадробнай цікавасцю выкладчыкі ўніверсітэта і інжынерна-тэхнічныя работнікі льнозаводаў рэспублікі назіралі за працэсам перапрацоўкі льнотрасты і атрыманнем якаснага льновалакна, звяртаючы асаблівую ўвагу на тэхнічныя характарыстыкі абсталявання.

Затрымаліся ўдзельнікі семінара каля выставы гатовай прадукцыі Карэліцкага льнозавода, дзе былі прадстаўлены льняное масла, ільнонасенне, вяроўкі і шпагаты, кастрабрыкет, макуха для кармлення буйной рагатай жывёлы, а таксама зшытая на прадпрыемстве спецвопратка. Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з паркам сельскагаспадарчай тэхнікі Карэліцкага льнозавода, якая выкарыстоўваецца для атрымання льнянога ўраджаю.

– Я вельмі ўражаны забяспечанасцю і станам тэхнікі “Карэлічы-Лён”, – адзначыў старшы выкладчык сельскагаспадарчых машын БДАТУ Дзмітрый Бандарэнка. – Тое, што тэхніка пастаўлена на зімовае захоўванне пачышчанай і пафарбаванай, гаворыць аб беражлівых адносінах механізатараў і правільнай пазіцыі кіраўніцтва завода.

Сваімі думкамі таксама падзяліўся дацэнт кафедры сельскагаспадарчых машын БДАТУ Генрых Радзішэўскі:

– На Карэліцкім ільнозаводзе я не ўпершыню. Аднак, прыязджаючы сюды ў чарговы раз, абавязкова знаходжу для сябе нешта новае. А гэта значыць, што прадпрыемства пастаянна развіваецца. Мне давялося наведаць усе рэспубліканскія льнозаводы. Безумоўна, кожнае прадпрыемства мае свае асаблівасці. Адной з пераваг ААТ “Карэлічы-Лён” з’яўляецца лінія замежнай вытворчасці Depoortere. Сёння мы пабачылі ўвесь тэхналагічны працэс ад перапрацоўкі льнотрасты да атрымання гатовай прадукцыі і, шчыра кажучы, былі ўражаны.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара