Пункт погляду журналіста: Як на свеце без любові пражыць?

Любоў. Які вялікі сэнс закладзены ў гэтым слове! Яна не мае межаў, і без яе няпроста пражыць на зямлі — акрыляе, прыдае сілы, вяртае з небыцця, усяляе надзею ў заўтра. Яе хапае на ўсіх, і робіць людзей шчаслівымі.

❤ РАДЗІМА

У кожнага ёсць мілы сэрцу куточак. І колькі б часу ні прайшло ад развітання з маленькай радзімай, любоў да яе з кожным годам толькі расце. Куды б ні закінуў лёс, не можам забыць родныя мясціны. Любім Бацькаўшчыну ўсім сэрцам.

Не раз у думках і наяве вяртаемся да роднага парога. Перабіраем у памяці пражытае і перажытае. З дзяцінства з намі застаўся пах антонаўкі і смак сырадою, а перад вачамі — васількі ў жыце, дзьмухаўцы на лузе, кусты вяргіні ў агародчыку. І знаёмая сцяжынка, якая вяла да роднай школы, а затым шырокая дарога, якая вывела ў дарослае жыццё.

Гады бягуць імгненна. І толькі тэлефонныя званкі з роднай вёскі вярэдзяць душу, а навіна раз-пораз аглушае: зноў не стала земляка. Разумееш, што такі закон прыроды (чалавек павінен пакінуць гэты свет), але з гэтым аніяк не можаш змірыцца, як і з тым, што нашы вёскі з кожным годам усё больш пусцеюць. Крыўдна і балюча.

❤ ДОМ

Хто з нас не марыць мець сваю прыстань, дзе можна адпачыць пасля працоўнага дня і раздзяліць хвіліны з роднымі людзьмі? І так было заўжды: родны дом саграваў і аб’ядноўваў усіх сямейнікаў, і яны адчувалі сябе камфортна.

“У сваёй хаце і сцены дапамагаюць” — не раз даводзілася чуць ад састарэлых вяскоўцаў. Некаторыя з іх не жадаюць ехаць да дзяцей у гарады, калі нават і здароўе падводзіць. Што гэта: звычайная адгаворка ці адданасць роднаму куточку — адназначна не скажаш.

А вось тое, што бацькоўскі дом мае вялікую прыцягальную сілу, праверана на ўласным вопыце. Сустрэча з ім напаўняе душу асаблівым і непаўторным, ад чаго вырастаюць крылы. Хочацца радавацца жыццю і здзяйсняць добрыя ўчынкі. Такая вялізарная сіла ў астраўка дзяцінства, і трэба спяшацца на маленькую радзіму, каб пазней не пашкадаваць.

❤ СЯМ’Я

Бадай, няма чалавека, які б не марыў аб вялікай і дружнай сям’і. Вось толькі шанцуе не ўсім. Хаця, праўда, шчасліўчыкі ёсць, і ў гэтым іх заслуга і штодзённая праца ўсіх сямейнікаў.

Менавіта ў сям’і чалавек адчувае сябе самім сабою. Ён любіць родных людзей, і яны адказваюць тым жа.

Тэма бацькоў і дзяцей заўсёды была на слыху, яна і сёння застаецца актуальнай. Акрамя шчаслівых сем’яў ёсць тыя, якія патрабуюць да сябе павышанай увагі. Пра іх клапоцяцца дзяржава, педагогі, апекуны. Аднак некаторыя бацькі не могуць зразумець, што дзецям у першую чаргу патрэбна іх любоў.

Яе немагчыма параўнаць ні з чым у свеце. Так, як маці, ніхто не зразумее, не паспачувае, не прыгалубіць. Яе малітва — самы надзейны абярэг у жыцці. А як патрэбны бацькавы мудрыя парады і яго надзейнае плячо! І штосьці змяніць у жыцці ніколі не бывае позна. Дзеці чакаюць сваіх бацькоў і любяць іх такімі, якія яны ёсць.

❤ ПРАЦА

Як знайсці любімую справу, якая б прыносіла карысць грамадству і людзям і самому была па душы — аб гэтым мараць многія. І як добра, калі выбраўшы аднойчы прафесію, прадаўжаеш служыць ёй усё свядомае жыццё. Мне пашанцавала: прафесія журналіста не дазваляла заспакойвацца на дасягнутым. Ты знаходзіўся пастаянна ў творчым пошуку, атрымліваў задавальненне ад гутарак з будучымі героямі сваіх артыкулаў. І сапраўды, у кожнай вёсачцы раёна сустракала цікавых субяседнікаў. У іх шмат мудрасці, дабрыні, шчырасці, а галоўнае: яны — добрыя працаўнікі, моцна любяць сваю зямлю і самааддана ёй служаць. Праца спрадвеку была ў пашане, а працавіты чалавек — паважаны ў грамадстве. Мы праслаўляем рукі хлебаробаў, нізка схіляемся перад настаўнікамі, удзячны ўрачам за вернутае здароўе, кіраўнікам — за ўвагу да запытаў людзей — усім, хто працуе добрасумленна і робіць наша жыццё больш дастойным.

❤ СЯБРЫ

Як добра, калі ёсць сябар, які дапаможа і падтрымае, на якога можна пакласціся ў складанай жыццёвай сітуацыі. А яшчэ той лічыцца сябрам, з кім можна раздзяліць і радасць, і каму даверыць сакрэты. І, вядома, той, хто будзе радавацца тваім поспехам не менш за цябе самога, і ўсё ад таго, што любіць цябе і зычыць табе дабра.

“Стары сябар лепш за новых двух” — гэтую даўно вядомую выснову пацвярджае само жыццё. Школьных сяброў мы любім і памятаем. Колькі гадоў прайшло, а яны для нас усё такія. І тэлефонныя званкі ад іх і сёння жаданыя, бо нават завочнае вяртанне ў школьныя гады — самыя шчаслівыя хвіліны для кожнага з нас.

І сапраўды, мы любім сваіх сяброў. Нярэдка імі ў жыцці бываюць тыя, хто штодзённа побач з намі, — маці, дачка, суседка, калега па працы. Людзі блізкія па духу, з імі ўпэўнена і надзейна ў жыцці.

❤ МОВА

Родная мова, як глыток крынічнай вады, як цёплы сонечны промнік, патрэбна нам. Гэта наша мова, такая непаўторная і мілагучная, прыслухаешся да яе гучання — і пераканаешся ў гэтым.

Матчына мова — сапраўдны скарб. Мова, на якой размаўлялі нашы дзяды і прадзеды. Люблю чытаць напісанае на ёй: казкі, аповесці, апавяданні, раманы і асабліва паэзію, бо вершаваныя радкі глыбока западаюць у душу. А яшчэ — прыказкі і прымаўкі, у кароткіх выслоўях якіх сабрана мудрасць нашага народа. Таксама глядзець фільмы і слухаць пастаноўкі, у якіх гучыць родная мова.

Але, на жаль, не ўсе яшчэ валодаюць беларускай мовай. У любові да яе прызнаюцца, а каб, як кажуць, з галавою акунуцца ў яе — не спяшаюцца.

З задавальненнем і зараз чытаю артыкулы аўтараў, якія напісаны па-беларуску. Пра цікавыя мерапрыемствы, якія прысвячаюцца знакамітым пісьменнікам і паэтам роднай Беларусі, захаванню народных традыцый, услаўленню роднай мовы і г. д.

А як прыемна, калі дзеячы рэспублікі размаўляюць на роднай мове! Слухаеш іх у радыёперадачах і тэлепраграмах, захапляешся мілагучнасцю і шчырасцю гаворкі і марыш, што яшчэ шмат людзей любоў да роднай мовы будуць выказваць не толькі на словах, а на канкрэтных справах. І будуць размаўляць па-беларуску.

Галіна СМАЛЯНКА