Рыхтуемся да Божага Нараджэння ў лепшых сямейных традыцыях разам з вернікамі з Мікалаеўскага касцёла ў Міры

✨? Кожнага з нас прыводзіць у храм свая дарога. Мы пакідаем за парогам віражы мінулага і знаходзім тут Дом і духоўную сям’ю. Гэта адзін з самых каштоўных падарункаў у жыцці – апынуцца ў месцы, дзе светла і цёпла ад любові і веры. На такі агеньчык адкрытых і пяшчотных сэрцаў я зазірнула напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння ў Мікалаеўскі касцёл у Міры.

Сям’я, і духоўная таксама, пачынаецца з усмешкі і ўвагі. Усе, каго сустракае ў Мікалаеўскім касцёле Марына Язерская, упэўніваюцца ў гэтым адразу. Здаецца, вакол столькі працы ды яшчэ ялінкі, гірлянды, каробкі з упрыгожваннямі, дзеці рэпеціруюць сцэнку, адным словам, перадсвяточная мітусня ў самым апагеі, а жанчына для кожнага мае хвілінку, каб прывітацца, абняць і сказаць штосьці прыемнае. І для мяне знаходзіцца крыху вольнага часу.

– Папа Францыск сказаў: “Нараджэнне Хрыста сведчыць пра тое, наколькі мы бясконца і ўнікальна любімы Богам”. Менавіта гэта пачуццё напаўняе мяне ў святочныя снежаньскія дні, – распавядае пра асабістае перажыванне ўрачыстасці Марына Язерская. – Любоў – вялікі Божы дар, якім пранізана ўсё. Дзякуючы ёй і моцнай веры, не мае значэння, якое ў нас духоўнае развіццё, ці мы знаходзімся на ўзроўні чакання, як у Евангеллі пастушкі, ці ў пошуках, як Тры Каралі, ці з бязмежным даверам крочым Божым шляхам, як Марыя і Юзаф, галоўнае – мы адкрытыя на Пана, а значыць бачым сябе і свет навокал Яго вачыма. За што я яшчэ люблю Божае Нараджэнне? За Адвэнт – перыяд радаснага чакання, добрых учынкаў і духоўнага перамянення. За малітву, якая вучыць бачыць незаўважнае воку, памнажае веру і дазваляе Езусу нанова нарадзіцца ў сэрцы. За Пастэрку – галоўную для мяне падзею ўрачыстасці, калі ў касцёле наш дарагі пробашч ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч беражліва нясе фігурку Езуса, а ты, укленчыўшы, углядаешся ў калядныя яслі, і раптам усё паўстае ў іншым святле, нібы Нябёсы зыходзяць у храм. За непаўторныя гадзіны ў коле родных, калі з першай зоркай мы разам молімся, звяртаемся да Божага Слова, дзякуем Айцу і запрашаем Яго са Святой Сям’ёй на вячэру. Так, у паўсядзённасці мы нярэдка сустракаемся з раўнадушшам, двуліччам, эгаізмам, чэрствасцю, здрадамі, крыўдамі, але ў тым і цуда Нараджэння Пана – мы становімся лепшымі і па-асабліваму блізкімі адзін аднаму!

Вось і ў Мікалаеўскім касцёле пануе атмасфера духоўнай лучнасці. Сюды вернікі прыходзяць сем’ямі. Сярод іх – Наталля Пархімовіч з дзецьмі Анастасіяй, Янай і Маркам, мужам Анатоліем і маці Рамуальдай Стульскай.

– Храм займае вельмі важнае месца ў нашым жыцці, а Божае Нараджэнне – адна з самых любімых урачыстасцяў, – дзеліцца парафіянка. – Узгадваю, як у дзяцінстве я з нецярпеннем чакала снежань, колькі радасці і цеплыні прыносілі гэтыя зімовыя дні! І зараз усё засталося нязменным – тое ж адчуванне шчасця. Мы збіраемся вялікай сям’ёй у бацькоўскім доме ў Аюцавічах, упрыгожваем елачку, разам гатуем вячэру з дванаццаці посных страў, дзе абавязкова прысутнічае куцця, пампушкі з макам, квас з грыбамі, запечаны матуляй шчупак, узносім Пану малітву і падзяку, абменьваемся падарункамі, шчодра кажам адзін аднаму цёплыя словы. Вядома, Божае Нараджэнне не ўявіць без любімага касцёла і сустрэчы з шаноўным пробашчам і парафіянамі, тым больш, нашы дзеткі традыцыйна прымаюць удзел у святочным тэтралізаваным прадстаўленні. Няхай такая радасць прыйдзе у сэрцы як мага больш людзей, каб іх жыццё змянілася і нязгаснай была надзея на лепшае!

Настрой маці раздзяляе і дачка Анастасія: “Зараз мы перажываем вялікія дні. І я шчаслівая, што магу раздзяліць іх з сям’ёй і нашай парафіяй у адзінсте і любові!”

Разам з верай і родным касцёлам па жыцці ідзе сям’я Прахарэнка. Бацькі Таццяна і Андрэй разам з сынамі Ільёй і Дзмітрыем знаходзяць у храме сілы і духоўную падтрымку.

– Раней мы не святкавалі Божае Нараджэнне так, як зараз. Усё перамяніла сустрэча з ксяндзом Аляксандрам Севасцьяновічам, – узгадвае Таццяна. – Пробашч нанова адкрыў для нас веру. Так і Нараджэнне Пана стала нашым сямейным святам. Для нас яно найперш звязана з духоўнай падрыхтоўкай: мы спавядаемся, молімся, разважаем над Святым Пісаннем. Таксама ў гэты час нашы сыны актыўна рыхтуюцца да каляднай сцэнкі ў касцёле. А наконт самага галоўнага падарунка на свята – мы яго ўжо атрымалі. Гэта тое, што Езус жыве ў нашай сям’і. Мы ўдзячныя за такую міласць і жадаем, каб Бог дакрануўся да сэрца кожнага і сагрэў яго!

Да пажаданняў прыядноўваецца і юная парафіянка Надзея Вянскевіч, якая, апроч таго, расказвае сваю калядную гісторыю: “Мае бацькі – тата Сяргей і мама Аліна – заўжды клапаціліся пра тое, каб мы з братам Іванам раслі з верай і хадзілі да касцёла, выхоўвалі ў нас лепшыя хрысціянскія рысы. Цяпер я ўжо студэнтка, але на святы заўжды прыязджаю дахаты ў Мір, тым больш на Божае Нараджэнне. Люблю кожнае імгненне гэтай урачыстасці: чытанне Евангелля, ламанне з блізкімі аплаткі як сімвала прымірэння і любові, супольную малітву, дзівосны спеў пад назвай “Ціхая ноч”, узнёслыя размовы за вігілійнай вячэрай і кульмінацыю – св. Імшу ў касцёле. Няхай і надалей Бог аберагае маю сям’ю і парафію, узмацняе нас усіх у веры пад чулым бацькоўскім кіраўніцтвам нашага пробашча”.

Пасля такой душэўнай размовы з парафіянамі я зноў адчула ўсё хараство натхняльнай сямейнай атмасферы мірскай святыні.

✨? А, між тым, пробашч парафіі св. Мікалая ў Міры ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч і пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў Варончы айцец Ежы Саковіч шчыра запрашаюць сустрэць Нараджэнне Пана ў супольнай малітве, а таксама жадаюць перажыць урачыстаць з падрыхтаванымі перыядам Адвэнту і напоўненымі радасцю сэрцамі, каб кожнае святочнае імгненне пакінула ўнутры асаблівы Божы след.

?⌚ У Мікалаўскім касцёле ў Міры 24 снежня св. Імша адбудзецца а 22 гадзіне, 25 снежня – а 12 гадзіне.

?⌚ У касцёле св. Ганны ў Варончы вернікі сустракаюцца 24 снежня а 18 гадзіне, у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах — а 21 гадзіне. 25 снежня ў Карэлічах св. Імша адбудзецца двойчы – а 9 і 18 гадзіне, у Варончы – а 11 гадзіне.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара