В редакции газеты «Полымя» наградили победителей конкурса на лучшую осеннюю фотографию

Нягледзячы на тое, што на календары ўжо зіма, надвор’е на вуліцы не дае нам забыцца на прыгажуню-восень, якая толькі месяц назад здала свае паўнамоцтвы. Таму ўзнагароджанне самых таленавітых карэліччан — тых, хто ў шэрай штодзённасці ўмее бачыць прыгожае і незвычайнае — стала добрай нагодай для таго, каб яшчэ раз успомніць залатую пару года.

Конкурс на лепшае адлюстраванне прыгажосці навокал праводзіўся па ініцыятыве установы «Рэдакцыя газеты «Полымя», РК ГА «БРСМ» і РА РГА «Белая Русь». У выніку адкрытага галасавання, якое адбывалася на сайце газеты «Полымя», пераможцамі сталі вучаніца 6 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» Сафія Трафімчык (першае месца), краязнаўца Баляслаў Навіцкі (другое) і сацыяльны педагог ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» Аляксандра Спрынцына (трэцяе).

Падчас узнагароджвання галоўны рэдактар раённай газеты «Полымя» Іна Лейка падзякавала ўсім за ўдзел у конкурсе, а таксама за тое, што кожны з пераможцаў умее карыстацца сваім талентам, які яму падарыла прырода.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара