26 января — Международный день без Интернета. Могут ли кореличчане прожить без Всемирной паутины?

Сёння кожны з нас можа за хвіліну даведацца сэнс незнаёмага слова, паглядзець прагноз надвор’я ці хутка замовіць сабе штосьці смачнае. Дзякуючы Інтэрнету, які ўзнік у 1969 годзе, жыццё чалавецтва хоць і стала прасцей, але разам з тым прынесла шмат загубленага часу… Напрыклад, ці заўважалі вы, як хутка ляцяць хвіліны падчас прагляду стужкі навін? А ці задумваліся, колькі ўсяго карыснага маглі б зрабіць, калі б не так часта сачылі за жыццём іншых людзей?.. Аб плюсах і мінусах Глабальнай сеткі мы пагаварылі з карэліччанамі, якія разам з усёй краінай 26 студзеня будуць адзначаць Міжнародны дзень без Інтэрнету.

? Ганна КІКНАДЗЕ, 26 гадоў, бухгалтар СВК “Жухавічы:

– Дакладна сказаць, што такое Інтэрнет – карысць ці зло – цяжка. З аднаго боку, ён робіць добрую справу: мы можам сябраваць з жыхарамі розных краін нягледзячы на адлегласці, нам не трэба чакаць адказу на пісьмо некалькі тыдняў ці нават месяцаў, бо мы атрымліваем паведамленні ўмомант. Таксама дзякуючы Глабальнай сетцы мы маем адкрыты доступ да шматлікіх адукацыйных рэсурсаў і можам развіваць свае здольнасці ў тых ці іншых напрамках. З другога боку, у сацыяльных сетках з’явілася шмат махляроў і ашуканцаў, кіберзлачынцы абкрадаюць банкаўскія рахункі, а людзі значна аддаліліся адзін ад аднаго, як бы парадаксальна гэта не гучала… Што тычыцца асабіста мяне, то Інтэрнэтам я карыстаюся часта: гадзін пяць на дзень, не менш. Раніцай заўседы чытаю эканамічныя навіны, а па вечарах гляджу адукацыйныя ролікі, чытаю цікавыя блогі, праглядаю сацсеткі.

? Аляксандр БАЗАР, 46 гадоў, сістэмны адміністратар:

– Для мяне карыстанне Інтэрнетам з’яўяляецца часткай функцыянальных абавязкаў, таму адказацца ад яго я не магу. Ды і навошта? Чалавецтва нічога не прыдумляя проста так: яно гэта робіць, каб палепшыць умовы жыцця, аблегчыць працу ў тых ці іншых сферах. Напрыклад, зараз актыўна выкарыстоўваюцца агульныя чаты, дзе кіраўніцтва за адну секунду можа папярэдзіць работнікаў аб правядзенні відэаканферэнцыі ці проста якога-небудзь схода. Не трэба тэлефанаваць, прасіць аднаго чалавека перадаць гэта іншаму і г.д. Момант – і ўсе ў курсе, што трэба рабіць. Зручна? Яшчэ як. У вольны час я аддаю перавагу электронным кнігам і розным адукацыйным рэсурсам, якія не патрабуюць выходзіць з дому, эканомячы пры гэтым свой час. Увогуле, можна адначасова займацца двума справамі: рабіць штосьці карыснае па доме і слухаць аўдыязапісы, назапашваючы веды.

? Людміла КВЯДАРЭНЭ, 59 гадоў, пенсіянерка:

– Інтэрнет увайшоў у маё жыццё каля сямі гадоў назад, калі нявестка вырашыла абучыць мяне камп’ютарнай грамаце. З цягам часу я зразумела, што Глабальная сетка – гэта цудоўная магчымасць падтрымліваць сувязь з тымі, каго няма побач. Напрыклад, каля сарака хвілін у дзень я трачу на перапіску з блізкімі і аднакласнікамі ў сацыяльных сетках. Дзякуючы вынаходніцтву ХХ стагоддзя ў мяне ёсць магчымасць бачыць фотаздымкі і чуць родны голас на адлегласці ў некалькі дзясяткаў і сотняў кіламетраў. Ці не дзіва?.. Вядома, увесь вольны час марнаваць на сядзенне за камп’ютарам нельга, бо так можна прапусціць рэальнае жыццё… Ды і на здароўі гэта добрым чынам не скажацца. Увогуле, тыдзень без Інтэрнету я магу правесці спакойна, а вось больш – ужо не. Буду сумаваць.

Вікторыя КАСЦЮК