На Кореличчине подвели итоги работы животноводческой отрасли района за 2019 год

Малако невыпадкова называюць беларускім белым золатам. Сёння гэта самая рэнтабельная сыравіна. Сельгаспрадпрыемствы, якія адпраўляюць на перапрацоўку якасны тавар, маюць стабільнае фінансавае становішча. Гэта дазваляе плаціць высокія заробкі калектыву гаспадаркі, закупляць угнаенні, паліва, тэхніку і запчасткі. Адпаведна і на палях работы праводзяцца якасна і своечасова. Менавіта таму колькасным і якасным паказчыкам вытворчасці малака была нададзена пільная ўвага на раённым семінары-нарадзе па падвядзенні вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны Карэліччыны за 2019 год пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.

Выязны характар правядзення семінараў неаднаразова даказаў сваю эфектыўнасць. А ўлічваючы тое, што ў гаспадарках раёна існуюць пэўныя пытанні, звязаныя са зніжэннем якасці малака, за станоўчым вопытам удзельнікі семінара накіраваліся ў СВК “Свіцязянка-2003” – флагман жывёлагадоўчай галіны раёна і вобласці. Па выніках 2019 года гатункам “экстра” гаспадарка адправіла на перапрацоўку 91,9% атрыманага малака.

У маршрут удзельнікаў семінара, на якім прысутнічалі кіраўніцтва і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя ветурачы і галоўныя заатэхнікі гаспадарак раёна, увайшлі два жывёлагадоўчыя аб’екты “Свіцязянкі” – МТФ “Міратычы” і МТК “Райца-1”.

Разумеючы неабходнасць прымянення сучасных тэхналогій для павелічэння колькасці і паляпшэння якасці малака, кіраўніцтва СВК вырашыла правесці рэканструкцыю кароўніка на МТФ “Міратычы”. На ферме з’явіўся невялікі даільны зал з абсталяваннем фірмы “DeLaval”.

– Рэканструкцыя будынка на 145 месцаў стартавала вясной 2019 года, а 3 снежня гэтага ж  года мы змаглі запусціць новы будынак, – адзначыў старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач. – У выніку будаўнічых работ прывязнае ўтрыманне жывёл заменена на бяспрывязнае, значна палепшыліся ўмовы ўтрымання жывёл, забетаніраваны выгульныя пляцоўкі для кароў, пляцоўкі для часовага захоўвання гною. На рэканструкцыю кароўніка было затрачана 535 тысяч рублёў, з якіх 223 тысяч пайшлі на закупку абсталявання.

Падчас наведвання МТК “Райца-1” галоўны заатэхнік СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Саўко падзяліўся з удзельнікамі раённага семінара асноўнымі прынцыпамі кармлення, утрымання і даення кароў, ад якіх залежаць штодзённыя надоі і якасць малака.

– Амерыку не адкрыю, калі скажу, што на якасць малака ў значнай ступені ўплываюць умовы ўтрымання дойнага статку. Тэмпература і вільготнасць у кароўніку павінны быць камфортнымі для жывёлы. Адмоўна дзейнічае на стан кароў, іх прадуктыўнасць і якасць малака павышанае ўтрыманне ў паветры памяшкання вуглякіслага газу, аміяку, серавадароду. Калі ў кагосьці яшчэ ўзнікаюць сумненні, трэба падсцілаць жывёлу саломай ці не, маё меркаванне адназначнае – трэба. Безумоўна, вялікі ўплыў на якасць малочнай сыравіны аказвае асабістая гігіена работнікаў фермы, на колькасць малака – адказнасць аператараў машыннага даення, якія часам дапускаюць «сухое» даенне, наносячы шкоду жывёле. Для павышэння колькасці і якасці атрыманага малака неабходна выключыць усе магчымыя стрэсавыя фактары, да якіх адносяцца парушэнне спакойнай абстаноўкі ў кароўніку, гучны шум і рэзкія гукі, невыкананне распарадку дня жывёлы і іншыя. Упэўнены, што кожны з прысутных добра ведае гэтыя простыя ісціны.

Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў высока ацаніў малочныя поспехі СВК “Свіцязянка-2003”, якія сталі рэальнасцю дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій на кожным этапе вытворчасці малака.

– Прыемна наведаць жывёлагадоўчыя аб’екты СВК “Свіцязянка-2003” і пераняць перадавы вопыт гаспадаркі. У аснове жывёлагадоўчых дасягненняў сельгаспрадпрыемства ляжыць нескладаная формула трох «К» – каровы, кармы, кадры. У раёне ёсць высокапрадуктыўнае пагалоўе, з якім неабходна граматна працаваць. Штогод Карэліцкі раён займае лідзіруючыя абласныя пазіцыі ў корманарыхтоўчай кампаніі. Зразумела, нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў – задача адказная. Але не менш важна – захаваць якасць сіласу і сенажу. Таму сіласна-сянажныя траншэі павінны быць закрыты ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Што датычыцца кадраў, то ў “Свіцязянцы” кожны са спецыялістаў кампетэнтны ва ўсіх пытаннях і знаходзіцца на сваім месцы. Увогуле, кадры неабходна шукаць, рыхтаваць, зацікаўліваць і берагчы.

 

Падчас другой часткі выязнога семінара на пленарным пасяджэнні ў Райцаўскім сельскім клубе былі агучаны паказчыкі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 12 месяцаў 2019 года. Так, агульнае пагалоўе дойнага статку гаспадарак Карэліччыны складае 13206 галоў, колькасць свіней – 43634 галавы. Валавая вытворчасць малака склала 81226,4 тоны, альбо 103% да ўзроўню мінулага года. Ад адной умоўнай рагулі надоена 6177 кілаграмаў малака, што дало прыбаўку на 145 кілаграмаў. Самы вялікі надой атрымалі жывёлаводы СВК “Свіцязянка-2003” – 9613 кілаграмаў (+425 кілаграмаў) і СВК “Жухавічы” – 7872 кілаграмы (+349 кілаграмаў).

Таварнасць малака па раёне склала 87,2%. Лідарам у гэтым накірунку з’яўляецца СВК “Свіцязянка-2003”, дзе таварнасць малака дасягнула 91,6%.

На перапрацоўку гаспадаркамі раёна рэалізавана за 12 месяцаў 2019 года 70839,1 тоны малака (103,3% працэнта да ўзроўню мінулага года). Прычым гатункам “экстра” прададзена 34,9%, вышэйшым – 41,7%, першым – 23,3%. Сярэдняя тлустасць малака склала 3,75%.

Што датычыцца іншых паказчыкаў развіцця жывёлагадоўчай галіны Карэліччыны, то за гэты ж перыяд атрымана 6521,6 тоны валавай прывагі буйной рагатай жывёлы (102,4% да мінулага года). Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 734 грамы, дадаўшы 13 грамаў да паказчыка мінулага года. Перадавікамі па сярэднясутачных прывагах з’яўляюцца СВК “Свіцязянка-2003” (826 грамаў), СВК “Жухавічы” (774 грамы) і КСУП “Племзавод Карэлічы” (734 грамы).

– Нават невялікае парушэнне тэхналагічнага ланцуга адразу сказваецца на канчатковым выніку, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Коршун. – Здаць заваяваныя пазіцыі лёгка, а вось узняцца на былы ўзровень дастаткова цяжка, не кажучы пра больш высокія паказчыкі. Кожны работнік фермы павінен добра разумець, што ў выкананні тэхналогій кармлення, утрымання і даення жывёл дробязяў не бывае. Толькі ў такім выпадку жывёлагадоўля будзе развівацца і мець пэўныя вынікі.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.
📢 Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» — это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
👥 Телеграм-канал «Гродно Медиа Group», ищите только самые интересные новости по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.