Маленькія пасажыры трапілі ў поле зроку дзяржаўтаінспектараў у межах рэйда ў Карэлічах

Пра бяспеку дзяцей на дарогах нашага раёна 10 студзеня паклапаціўся цэлы дэсант мясцовых дзяржаўтаінспектараў. Да яго далучылася і газета “Полымя” ў межах сумеснага рэйда ў Карэлічах.

Пракаментаваў падзею начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка:

– Завяршаюцца зімовыя канікулы. А гэта значыць, што самы час нагадаць вадзіцелям і бацькам не забываць пра бяспеку дзяцей на дарозе. Бо, хоць пешаходы і маленькія, але іх неналежныя паводзіны могуць стаць прычынай вялікіх дарожных здарэнняў. Таму ў межах акцыі “Зберажы дзіцяці жыццё!” Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца з просьбай да дарослых, каб яны пагаварылі з падрастаючым пакаленнем пра неабходнасць уважлівых паводзін на дарозе і ў час гульняў на свежым паветры. Таксама мы звяртаем увагу вадзіцеляў на тое, каб яны былі больш пільнымі за рулём і ўзгадалі правілы руху ў жылых зонах, праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей.

Мы пацікавіліся ў Дзмітрыя Аскерка, якія парады ён можа даць, каб юныя пешаходы і пасажыры былі максімальна абароненыя на дарозе, на што атрымалі наступны адказ:

– Пачніце з адпрацоўкі з дзецьмі пэўнага алгарытму дзеянняў пры перасячэнні праезнай часткі дарогі, асабліва на нерэгулюемым пешаходным пераходзе: перш чым ісці, паглядзіце, што вадзіцелі вас заўважылі і спыніліся, толькі тады стартуйце, калі дасягнеце сярэдзіны, зноў варта ўпэўніцца, што транспартныя сродкі, якія едуць справа, таксама даюць вам “зялёны калідор”, і спакойна пераходзьце. Наступнае правіла: забараніце дзіцяці раптоўна выбягаць на праезную частку ці гуляць паблізу яе. І, нарэшце, раскажыце малечы пра тое, што на дваровай тэрыторыі перад тым, як выйсці на праезную частку, неабходна выглянуць з-за прадметаў, якія абмяжоўваюць бачнасць, бо можна трапіць пад колы аўтамабіля.

Гэтыя простыя і жыццёва неабходныя правілы Дзмітрый Аскерка агучыў і вадзіцелям усіх спыненых падчас рэйда транспартных сродкаў. Маленькія пасажыры таксама з цікавасцю паслухалі парады начальніка міжраённага аддзела ДАІ.

Апроч таго, прафілактычныя размовы былі праведзены з калектывамі сярэдняй школы №1 райцэнтра і ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.

Таксама на базе сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы адбылася сустрэча з вадзіцелямі школьных аўтобусаў раёна. Асаблівую ўвагу дзяржаўтаінспектары звярнулі на правілы перавозкі дзяцей і важнасць святлоадбівальных элементаў на верхняй вопратцы школьнікаў .

– Увогуле, з установамі адукацыі Карэліччыны ў нас наладжана цеснае і эфектыўнае супрацоўніцтва. А напрыканцы хачу сказаць наступнае. У мінулым годзе на нашых дарогах адбыліся два дарожна-транспартныя здарэнні, дзе дзецяй выратавалі ад сумных наступстваў якраз рамяні бяспекі і ўтрымліваючыя сродкі. Таму, шаноўныя вадзіцелі і бацькі, заўсёды памятайце пра бяспеку юных пешаходаў і пасажыраў і галоўнае – самі будзьце падрастаючаму пакаленню прыкладам ва ўсім, – падвёў рысу чарговага сумеснага рэйда Дзмітрый Аскерка.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» — это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
? Телеграм-канал «Гродно Медиа Group», ищите только самые интересные новости по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.