На скрыжаванні карэліцкіх дарог прайшоў сумесны рэйд газеты “Полымя” і ДАІ

Чарговы пятнічны рэйд па дарогах Карэліч разам з інспектарам ДПС міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС капітанам міліцыі Дзянісам Брынкевічам прывёў нас напачатку на скрыжаванне – толькі не сямі дарог, як у вядомай песні гурту “Машына часу”, а вуліц 8 Сакавіка, Арцюха і Гагарына.

– У Гродзенскай вобласці ў 2019 годзе адбылося 55 дарожна-транспартных здарэнняў па віне вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія парушылі правілы праезду скрыжаванняў, дзе 2 чалавекі загінулі, а 44 атрымалі цялесныя пашкоджанні. Гэта і стала падставай для правядзення ДАІ з 20 па 22 студзеня комплексу дадатковых прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне звязаных з парушэннем правіл праезду скрыжаванняў ДТЗ, – патлумачыў Дзяніс Брынкевіч. – На тэрыторыі, якая абслугоўваецца нашым міжраённым аддзелам, летась было зафіксавана 2 ДТЗ па аналагічнай прычыне, у якіх 2 чалавекі атрымалі цялесныя пашкоджанні. І мы зараз накіроўваемся якраз на скрыжаванне вуліц Гагарына і Школьнай, дзе ў 2019 годзе адбылося адно са здарэнняў – сутыкненне двух транспартных сродкаў.

Сапраўды, дадзены ўчастак дарогі, як і папярэдні, аказаўся не самы простым і сустрэў нас інтэнсіўным рухам. Таму парады дзяржаўтаінспектара вадзіцелям прагучалі надзвычай актуальна. Мы таксама іх яшчэ раз нагадаем:

? – пры павароце налева альбо направа вадзіцель абавязаны саступіць дарогу пешаходам, якія пераходзяць праезную частку дарогі (па пешаходным пераходзе, а пры яго адсутнасці – па лініі тратуараў ці абочын), на якую ён паварочвае;

? – забараняецца выязджаць на скрыжаванне, калі ўтварыўся затор, які прымусіць вадзіцеля спыніцца;

? – пры павароце налева ці развароце вадзіцель транспартнага сродку абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам, якія рухаюцца па раўназначнай дарозе прама ці направа і спадарожнаму трамваю;

? – на скрыжаванні нераўназначных дарог вадзіцель транспартнага сродку, які рухаецца па другаснай дарозе, павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, якія набліжаюцца да яго па галоўнай дарозе, незалежна ад напрамку іх далейшага руху;

? – на скрыжаванні раўназначных дарог вадзіцель транспартнага сродку, апроч трамвая, абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія набліжаюцца справа;

? – калі вадзіцель не можа вызначыць паслядоўнасць праезду скрыжавання праз немагчымасць распазнаць наяўнасць пакрыцця на праезнай частцы дарогі, ці адсутнічае дарожны знак прыярытэту ў напрамку руху, ён павінен дзейнічаць так, як бы знаходзіўся на другаснай дарозе.

Але што будзе, калі вадзіцель парушыць правілы манеўравання альбо праезду скрыжаванняў? Дзяржаўтаінспекцыя дае на гэта адназначны адказ: такога чалавека чакае папярэджанне ці штраф у памеры ад адной да пяці базавых велічынь. Пры паўторным аналагічным парушэнні на працягу года вадзіцелю давядзецца выплаціць штраф у памеры ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.

Таксама ў ДАІ звярнулі ўвагу на тое, што ў апошнюю пятніцу месяца адбудзецца Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад назвай “Добрая дарога”. Бо як ігнараванне ПДР, так і неспрыяльныя дарожныя ўмовы разам з дрэнным станам праезнай часткі, неналежнае ўладкаванне і праектаванне вулічна-дарожнага асяроддзя нярэдка прыводзяць да аварыйных сітуацый. Нездарма, апошнія гады ў гэтым напрамку дзяржаўтаінспектары цесна супрацоўнічаюць з мясцовымі ўладамі і арганізацыямі, якія абслугоўваюць дарогі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

? Далучайцеся да тэлеграм-канала «Гродно Медиа Group» па спасылцы @GrodnoMediaGroup.