«Самае каштоўнае – жыццё і здароўе нашых людзей». На медыка-санітарным савеце ў Карэліцкай ЦРБ падвялі вынікі працы за 2019 год і агучылі планы на будучыню

Чым жыве сфера аховы здароўя Карэліччыны сёння, што стаіць у першую чаргу на парадку дня перад нашымі медработнікамі і як, увогуле, адчуваюць сябе жыхары раёна? Гэтыя і шэраг іншых пытанняў былі агучаны падчас медыка-санітарнага савета, што адбыўся 29 студзеня на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Традыцыйна напачатку года дзясяткі работнікаў медыцынскіх падраздзяленняў ЦРБ сабраліся разам, каб падсумаваць мінулагоднія вынікі і абазначыць асноўныя накірункі дзейнасці на бліжэйшы час. Сёлета ў паседжанні медыка-санітарнага савета таксама прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк і загадчык ЦРА № 65 Карэліцкага раёна Ніна Краскоўская.

Свой даклад галоўны ўрач Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Майсак пачала з асноўнага – кадраў. Сёння – гэта 520 чалавек, з іх – 79 урачоў, 207 – сярэдніх медработнікаў. Касцяк складаюць спецыялісты, за плячыма якіх гады працы ў прафесіі, але прыходзяць і новыя кадры. Так, у 2019 годзе калектыў ЦРБ папоўніўся 20 маладымі спецыялістамі, 12 з якіх – урачы. Варта адзначыць, што ў параўнанні з 2018-м вырас працэнт замацавання моладзі, а цякучасці кадраў зменшыўся. Таксама сёння перад работнікамі сферы аховы здароўя, як і раней, застаецца актуальным пытанне рэгулярнага павышэння кваліфікацыі. Вядома, катэгарыраванасць медперсаналу расце, але ў гэтым напрамку ёсць што палепшыць. Гэты датычыцца і планаў больш актыўна ўкараняць новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

– Інфарматызацыя нашай сферы і прафесіяналізм каманды ЦРБ, вядома, шмат значаць, але і без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы ніяк не абысціся. І мы працягваем яе ўмацоўваць, – падкрэсліла Алена Майсак. – Для выканання бягучага рамонту засвоена 41870,57 рублёў. Значныя сумы выдаткаваны на афарбоўку фасада ЦРБ і капітальны рамонт харчаблока, які, дарэчы, зараз ідзе поўным ходам. Медыцынскага абсталявання набыта, дзякуючы дапамозе раёна і спонсараў, на суму 44469,85 рублёў. Гэта спірометр, манітор пацыента, электракардыёграфы, сістэма працяглага манітарыравання электракардыяграм, дэфібрылятар, абсталяванне для правядзення імунагематалагічных даследаванняў.

Значную частку выступлення галоўнага ўрача заняла характарыстыка дэмаграфічнай сітуацыі. Па дадзеных за 2019 год, у Карэліцкім раёне пражывала 19336 чалавек, з іх 3200 дзяцей. Колькасць гарадскога насельніцтва склала 8793 чалавекі, сельскага – 10543. За 2019 год дзяцей нарадзілася 162. Да слова, у 2018-м мы мелі 174 навароджаных. Пры гэтым хоць і знізілася смяротнасць ў працаздольным узросце, але вырас паказчык агульнай смяротнасці. Сярэдні ўзрост памерлых склаў 76 гадоў: мужчын – 71,3 гадоў, жанчын – 80,2 гадоў. Сярод прычын смерці першыя месцы займаюць захворванні сістэмы кровазвароту і розныя выпадкі анкалогій, а таксама знешнія фактары і захворванні органаў дыхання і стрававання.

– Хочацца, каб асабліва ў працаздольным узросце карэліччане надавалі больш ўвагі здароваму і актыўнаму ладу жыцця і прыслухоўваліся да рэкамендацый медработнікаў. Ды і кіраўнікам розных арганізацыў і ўстаноў раёна варта правесці адпаведную работу ў гэтым напрамку ў сваіх калектывах. Бо, калі работнік здаровы, то ён і працуе лепш, – выказала слушную думку Алена Майсак. – Яшчэ адна вострая тэма – дыспансэрызацыя. Медагляду не трэба баяцца, яго варта абавязкова праходзіць. Так, гэта патрабуе часу, але здароўе каштуе больш. А да медперсаналу мае пажаданні простыя: без фармалізму ў гэтым пытанні. Належны медагляд пацыента – гарантыя таго, што захворванне будзе выяўлена на ранняй стадыі. Асабліва гэта тычыцца новаўтварэнняў, бо хацелася бы, каб выпадкаў анказапушчанасці не было ў нашай практыцы. Разумею, што часам пацыенты дабраахвотна адмаўляюцца ад агляду ці нейкіх дадатковых абследаванняў. Але ж задача ўрача – усё растлумачыць чалавеку і пераканаць яго ў неабходнасці такіх мер.

Закранулі на медсансавеце і даступнасць атрымання кваліфікаванай дапамогі у сельскай мясцовасці. Галоўны ўрач адзначыла, што на сёння арганізаваны рэгулярныя выязды спецыялістаў з райцэнтра на ФАПы і ў амбулаторыі. Таксама наладжана праца ўрачоў агульнай практыкі: у раёне працуе 14 каманд такіх спецыялістаў.

Падзялілася Алена Майсак з прысутнымі і станоўчымі вынікамі дзейнасці міжраённага аддзялення гемадыялізу. На сёння яно абслугоўвае 16 чалавек, але ў бліжэйшы час яшчэ 6 пацыентаў з Дзятлаўскага і Лідскага раёнаў будуць праходзіць тут жыццёва неабходную працэдуру.

– І я, і пацыенты бачым, што з кожным годам цэнтральная раённая бальніца змяняецца да лепшага. Але ж паказчыкі па смяротнасці, інваліднасці і некаторыя іншыя лічбы яскрава дэманструюць нам, што час шукаць новыя, больш эфектыўныя формы работы з насельніцтвам, каб людзі актывізаваліся ў плане адносін да свайго здароўя. І я ўпэўнена: разам мы зможам зрабіць нашу медыцыну яшчэ больш якаснай і даступнай, і што важна – стабілізаваць смяротнасць у раёне, – падвяла рысу ў сваім выступленні галоўны ўрач.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў адзначыў аб’ём і грунтоўнасць заслуханага даклада і выказаў словы падзякі ўсім работнікам медыцынскіх падраздзяленняў ЦРБ: “Вашу працу цяжка ацаніць звычайнымі словамі, нярэдка яна становіцца подзвігам у імя здароўя нашых людзей. Так, як і ў любой сферы ёсць пытанні, але ўсе яны вырашальныя. Вядома, якасць і кваліфікаванасць медыцынскай дапамогі насельніцтву залежыць ад вас, а раён, у сваю чаргу, будзе працягваць вам дапамагаць ва ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Бо толькі комплексна, у моцнай звязцы, мы зможам палепшыць паказчыкі, за якімі стаіць самае каштоўнае – жыццё і здароўе нашых людзей”.

Завяршыўся медсансавет на прыемнай ноце – уручэннем заслужаных узнагарод. Старшыня прафкама Карэліцкай ЦРБ Аляксандр Шашко падвёў вынікі дзейнасці медустаноў раёна за 2019 год. Пераможцамі сталі Цырынская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ і Палужскі ФАП. Пачэсныя месцы на Дошцы гонару Карэліцкай ЦРБ занялі фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Вянскевіч, урач-эндакрынолаг Алена Хілімон, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Юлія Бальцэвіч, фельчар-лабарант КДЛ Галіна Дрозд, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Мірскай гарпасялковай бальніцы Святлана Панкрат, старшая медсястра аддзялення рэабілітацыі Раіса Супрановіч, медсястра па фізіятэрапіі Лукскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ларыса Дзяшкевіч, вадзіцель Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Васілій Канатка.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара