«Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». На каталіцкім календары — свята Хросту Пана

?? Сёлета свята Хросту Пана ў Касцёле выпадае на 12 студзеня. Падзея традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана і завяршае перыяд Божага Нараджэння, хаця яшчэ да 2 лютага спяваюцца калядкі і не разбіраюцца стаенкі.

Гісторыя свята Хросту Пана адсылае нас да літургіі Усходняга Касцёла. Доўгі час яно адзначалася як успамін, а свой сучасны статус і дакладную дату ў каталіцкім літургічным календары займела толькі ў 1969 годзе.

Найбольш падрабязнае апісанне хросту Пана дае св. Мацвей, апостал і евангеліст. Хрыстус, ужо будучы дарослым 30-гадовым мужчынам, прыходзіць на бераг Ярдана, каб з рук Яна Хрысціцеля, свайго папярэдніка, прыняць хрост. Хоць Ён не мае першароднага граху, але не адасабляе сябе ад грэшных людзей: разам з імі ўваходзіць у воды ракі і прымае хрост вадой як сімвалічны акт пакаяння і прагнення духоўнага ачышчэння. Нездарма гэтую еднасць і выключную сувязь Езуса з чалавечым родам Ян Хрысціцель падкрэслівае, прамовіўшы: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”. I адразу, калі Хрыстус выходзіць з Ярдана, бачыць нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго. I чуе голас Айца з вышыняў: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”. Вось яна – Добрая Навіна, якая асаблівым чынам сведчыць пра Божае Валадарства на зямлі. Адгэтуль Езус нясе яе людзям, удзяляе ім праз хрост Духа Святога і асвячальную ласку, а ўскладзеную Айцом місію пацвярджае незвычайнымі знакамі. Урэшце Ён замацуе Божую навуку пакутай, смерцю і ўваскрашэннем, што стане для людзей збаўленнем.

Дарэчы, падзея Хросту Езуса таксама з’яўляецца першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы ў бачных постацях, калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечым абліччы, а Дух Святы з’яўляецца ў выглядзе голуба.

Што датычыцца нас, людзей, то, прымаючы хрост “у імя Айца і Сына і Святога Духа”, мы таксама ачышчаемся душой ад першароднага граху і набліжаемся да Нябёсаў, прыядноўваемся да Езуса, узрастаем у веры, атрымліваем вялікую ласку Пана і пачынаем новы плённы этап у сваім жыцці ў Божай прысутнасці. Св. Ірэней так апісаў гэты слаўны момант: “Як высахлая зямля не прынясе плада, калі яе не арасіць, так і мы, нібы тыя сухія карані, ніколі бы не далі пладоў жыцця, калі нас не акрапіў бы дождж з вышыняў”.

Мы атрымалі вялікі дар называцца дзецьмі Божымі і ўвайшлі ў хрысціянскую сям’ю, таму маем кожнае зямное імгненне вітаць з надзеяй, радасцю і падзякай. Так, наперадзе нас чакаюць выпрабаванні, але ва ўсякую гадзіну з намі міласць і любоў Бога.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
?? Паводле grodnensis.by, katolik.life, slowo.grodnensis.by, catholic.by