Знаёмім з гісторыямі ўдзельнікаў конкурсу газеты «Полымя» «Сімвал 2020 года»

Па ўсходнім календары сёлета – год Белага Металічнага Пацука. А мы ў Карэліцкім раёне па 31 студзеня ўключна на сайце газеты “Полымя” шляхам народнага галасавання разам з вамі абіраем свой уласны асаблівы сімвал 2020 года. І настаў час больш дэтальна пазнаёміцца з удзельнікамі нашага конкурсу.

У сястрычак Марыі і Кацярыны Белых на ўсё хапае часу. Яны і добра вучацца, і часта выступаюць на розных мерапрыемствах і конкурсах ад Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, і ўжо паўгода клапоцяцца пра незвычайны падарунак бацькоў – хамячкоў. Дзяўчаткі кажуць, што з серабрыстым Клёпай лягчэй, ён спакойны і лагодны, а з рудым Фунцікам – не засумуеш, бо яго заўжды цягне на прыгоды. Але хоць хамякі і розныя па характары, затое аднолькавы любімыя ў сям’і.

У Вольгі Касцюк з аграгарадка Жухавічы трое сыноў – Данііл, Вадзім і Уладзімір. Хлопчыкі шмат вольнага часу праводзяць на свежым паветры. І аднойчы восенню на сваім падворку яны сустрэлі сапраўднага пацука, не разгубіліся ад такой неспадзяванкі і нават паспрабавалі прыручыць нечаканага госця. Праўда, карэліцкіх дрэсіроўшчыкаў Запашных з братоў не атрымалася, затое гэтыя прыгоды нашы хлапчукі запомняць надоўга.

Чорна-белую прыгажуню-пацука Розу прыручаць не трэба, яна і так хатняя, валодае добрыі манерамі і ўжо шэсць месяцаў жыве ў юнай карэліччанкі Маргарыты Баярэнка. Дзяўчынка распавядае, што “яе Розачка такая вясёлая, жвавая, любіць лашчыцца ды сядзець у кішэні ў гаспадыні”. А яшчэ гэты мілы пацучок з задавальненнем прымае душ і надзвычай радуецца такім прысмакам, як смятана, ёгурт, хурма і банан.

Наступная гісторыя пачалася з таго, што аднойчы напачатку зімы сямігадовая Дар’я Мокат з Карэліч уладкавала ля хатняй ялінкі фотасесію ў вобразе мышаняці. А калі пазней разам з бацькамі яна даведалася пра конкурс “Сімвал 2020 года”, то вырашыла падзяліцца з намі сваімі мілымі святочнымі здымкамі. Дарэчы, эксперыментаваць з вобразамі для Дашы – справа звыклая. Яна паспяхова займаецца ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў і тэатральнай студыі “Эксперымент” пры РЦКіНТ.

Незвычайны грызун мінулай позняй восенню пасяліўся на падворку Леанілы Малевіч. Творчым вокам карэліччанка ў двух камянях разгледзела сімвал 2020 года і зрабіла з іх белае мышаня. Цяпер яно падымае настрой не толькі Леаніле з мужам, але і ўсім, хто праходзіць міма. А яшчэ пазітыўнае мышаня ўпадабала гаспадарская кошка Маша. Яна часта прыходзіць ля яго пасядзець ды памурлыкаць.

З каменным мышанём мы пазнаёміліся, але ці вы ведаеце, хто такая Нюша з Карэліч? Аказваецца, гэта любімая марская свінка юнай Карыны Есьман. Між іншым, калі вы раптам завітаеце да Нюшы ў госці, абавязкова пачашыце ёй жывоцік і за вушкам ды пачастуйце гуркамі і яблыкамі.

Таксама Нюша, але ўжо хамяк, жыве ў Карэлічах у Валерыі Уцінай. Дзяўчынка яго атрымала на свой шосты дзень нараджэння. Вочкі-пацеркі, бела-шэрая шорстка, Нюша – сапраўдная прыгажуня. А якая гарэза! Нездарма лепшая сяброўка Валерыі – Кіра Сак – так палюбіла Нюшу, што і яе бацькі мусілі падарыць дачцы ўласнага Пушка. Апроч таго, Нюша натхняе Валерыю пісаць вершы.

Славная зверюшка – Нюшка,
Шустрая, игривая, белая, красивая.
Много нежности, тепла
С собой Нюшка принесла.
Только Нюшка – не игрушка,
А любимая подружка!

Бясконца можа расказваць пра свайго хамяка Цімку і Крысціна Салалыкіна з аграгарадка Райца: “Ён у мяне вельмі смешны: наб’е шчокі ежай ды так, што не можа пралезці ў сваю хатку. А каб вы бачылі яго экстрэмальныя пабегі, шляхі якіх не паўтараюцца! Вось гляджу на яго зараз: здаецца, такі рахманы, а насамрэч ужо, напэўна, рыхтуе план новых прыгод па-за клеткай. Проста цуда, а не хамяк!”

Яшчэ адна пухнатая і, між іншым, бялюткая, як такі чаканы гэтай зімой снег, зорка сімпатый маленькіх карэліччан жыве ўжо 9 месяцаў у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці нашага райцэнтра. Хамяк Зефірка ласы да семачак, мае надзвычай няўрымслівы характар і час ад часу, як і райцаўскі Цімка, робіць спробы, прычым паспяховыя, павандраваць на волі па ўстанове. Вось і даводзіцца дзеткам разам з выхавальнікамі адпраўляцца ў квэст “Злаві пухнаціка!”

Далей накіроўваемся на раён, дзе ўжо другі год званне любімца ў Палужскім дзіцячым садзе носіць надзвычай мілы хамяк-брунет Хома. Хлопчыкі і дзяўчынкі не только з радасцю забуляюцца з сімпацягай, але і дапамагаюць выхавальнікам даглядаць яго. А Хома дае прыклад малечы ў здаровым харчаванні, бо яго меню складаецца збольшага з карысных каш, садавіны і гародніны.

Таксама ў Палужжы ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Карэліцкага раёна можна сустрэць паслухмянага, разумнага і таленавітага трохгадовага хлопчыка Сашу Грыневіча. Ён любіць маляваць, у тым ліку і грызуноў – розных хамячкоў, марскіх свінак да хатніх пацучкоў. Таму і на Новы год абраў касцюм мышаняці. А яшчэ хлопчыку вельмі спадабалася фотазона ля елачкі з героямі мульціка пра Тома і Джэры. І хочацца верыць, што для Сашы ўсё гэта будзе адным са шматлікіх дзівосаў, якія добры Дзядуля Мароз падрыхтаваў яму ў 2020 годзе.

І вам, нашы шаноўныя чытачы, жадаем часцей усміхацца, бачыць вакол сябе хараство і асаблівае ў буднях, заўжды спадзявацца на лепшае, бо цуды здараюцца з тымі, хто ў іх верыць, а яшчэ абавязкова падтрымаць галасамі на сайце ўдзельнікаў нашага конкурсу!

Кто он - победитель конкурса "Символ 2020 года"?

  • Дарья МОКАТ (30%, 1 010 голоса)
  • Мария и Екатерина БЕЛЫЕ (30%, 1 009 голоса)
  • Карина ЕСЬМАН (13%, 448 голоса)
  • Валерия УТИНА и Кира САК (13%, 429 голоса)
  • Маргарита БОЯРЕНКО (4%, 138 голоса)
  • Дошкольный центр развития ребенка г.п.Кореличи (3%, 108 голоса)
  • Социально-педагогический центр Кореличского района (3%, 95 голоса)
  • Полужский детский сад (2%, 51 голоса)
  • Ольга КОСТЮК (1%, 38 голоса)
  • Кристина САЛАЛЫКИНА (1%, 23 голоса)
  • Леонила МАЛЕВИЧ (0%, 7 голоса)

Всего проголосовавших: 3 356

Загрузка ... Загрузка ...

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ

📢 Далучайцеся да тэлеграм-канала «Гродно Медиа Group» па спасылцы @GrodnoMediaGroup.