21 лютага — Дзень роднай мовы. Давайце пагаворым па-карэліцку!

Мова жыве ў народзе, на ціхіх вясковых вуліцах, у жартаўлівых і трапных словах мясцовых дыялектаў, у тапонімах з незвычайнымі гісторыямі. Гэты скарб мы знайшлі ў Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Нам у рукі трапілі два каштоўныя выданні “Слоўнік мясцовых дыялектаў Карэліцкага раёна” і “Тапонімы Міршчыны”, складзеныя адпаведна ў 2001 і 2003 гадах нашай зямлячкай – лаўрэатам прэміі імя А. Дубко “За творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва” ў намінацыі “Бібліятэкар года” Святланай Рудзько. Менавіта яна першай сярод бібліёграфаў Гродзеншчыны стварыла сістэму краязнаўчых бібліяграфічных падручнікаў, зрабіла картатэку прымавак і прыказак, фразеалагізмаў, крылатых выразаў і народных гаворак Карэліцкага раёна. Дакранемся і мы да народнай мудрасці нашых продкаў.

Пачнём са “Слоўніка мясцовых дыялектаў Карэліцкага раёна” – сумеснай працы Святланы Рудзько і Алены Кажына, дзе можна знайсці багата моўных сюрпрызаў. Пераважная большасць слоў тут адносіцца да розных галін старых мясцовых заняткаў і апісвае разнастайныя адносіны паміж людзьмі. Прывядзем найбольш запамінальныя прыклады. У Міры: абэржа – вялікае памяшканне, гарцулька – вечарынка, гіморы – капрызны, гэмка – гатунак белай бульбы, дэрба – высокая тонкая жанчына, знанасць – павага, кухоль – кружка, пацука – крупнік. У Турцы: аляндэрка – карова галандскай пароды, выдрыгоўваць – танцаваць, мусяляк – нязграбны чалавек, мятлюга – завея, пацэтны – смешны, пляцянік – вялікі кот, смажэнікі – булачкі з макам. У Сімакаве: ворыўнік – цёплы дождж пад ворыва, гарнашка – кашаміравая хустка, гатавізна – грошы, імбражэрак – трохлітровы слоік, прыбышовы год – высакосны год, сявец – вясенні дробны дождж. У Загор’і: абтатурыцца – разгультаіцца, абхваціцца – аб’есціся, абмішкаваць – знайсці, акрыванка – коўдра, болбаты – пухір на вадзе падчас дажджу, вярэнік – торбачка, зімнік – мароз, матылькі – кветкі валошкі, пячарка – грыб шампіньён, сенажарнік – ліпень. У Крышылоўшчыне: абэрджня – вялікая бочка, вывіхны – вясёлы, кундаліха – кудлатая жанчына. У Ушы: адзічына – звяр’ё, венічнік – калючы вецер, дафіляда – дэманстрацыя, дзюрчык – струменьчык, любосці – заляцанні, эзуснік – трава зверабой. У Кайшоўцы: адура – клопат, лешына – лысіна. У Саленіках: бадылісты – высокі, брося – неахайная жанчына, стральбач – даўганогі чалавек, вальчэйшы – лепшы, вясёлка – бусел. У Забалацці: акорак – абцас, бэрло – пустазелле, укладанка – саматканая посцілка, укручванка – цёплая хустка, фетры – валёнкі з тонкага войлаку. У В. Слабадзе: апаноўка – патэльня, дрыгва –  калодзеж. У Жухавічах: аполец – кавалак сала, ландрынкі – цукеркі-ледзянцы. У Ятвезі: арэшкавы – светла-аранжавы, гарэлачка  – расліна майнік, гопа – бульбяная бабка, паніч – падасінавік. У Ярэмічах:  атрабянка – калбаса з вантробаў, байдун – жартаўнік, боцень – бусел, лупякі – грыбы маслякі. У Райцы: бімбус – тоўсты, гультаяваты падлетак, гарлач – чалавек, які хоча перакрычаць другога. У Любанічах: брыскотлівы – халодны. У Луках: важанё – дзіцянё вожыка, пацягушкі – частыя выхады да суседзяў. У Валоках: віж – хітрэц. У Варончы: гоціць – задавольваць, палічастае – квас з грыбамі, шастун – матрац. У Пагарэлцы: даўгахвостка – сарока, зімоўка – сінічка, кахлянка – печка, падстрэшнік – верабей, рама – паляўнічы сабака, сняжок – снягір. У Цырыне: дзівавідны – удалы, калдыбан – калодзеж, немарач – бездань. У Малюшычах: кагут – певень, мэляс – смажаная морква, ражон – палка, куды вешаюць каўбасы. У Мінаках: казодрыца – пралеска, павіргоня – хатняя кветка. У Асташыне: курдунель – малы ростам мужчына. У Чыжыноўцах: манарка – піджак. У Міратычах: пабаешка – біта для гульні ў гарадкі, салёнікі – моцна салёная вараная бульба. У Кальчычах: падхлябач – падхалім, трыноўка – хустка ў кветкі. У Любанічах: прачвэра – выдумшчык, жартаўнік. У Трашчычах: рыначка – патэльня. У Новым Сяле: рэзнікі – чатырохкантовыя булачкі. У Камаровічах: спарыжавацца – пасябраваць. У Лядках: цёс – столь. У Радуні: тушанка – тушаная бульба.

Выданне “Тапонімы Міршчыны” для нас нанова адкрывае сэнс назваў родных мясцін, якія нашы продкі далі ім у далёкім мінулым. Слоўнік складзены на аснове гутарак з гісторыкамі, географамі, краязнаўцамі, членамі мірскага бібліятэчнага клуба “Нашчадкі” і жыхарамі нашага краю.

Так, усе мы ведаем з фільма пра Сонную Лагчыну, а на Карэліччыне ёсць Асонавая лагчына каля вёскі Любна. Назва пайшла ад слова “аса”, бо на альховых дрэвах у гэтай мясцовасці вадзіліся осы. Ёсць каля Любна і Бродзішча. Аказваецца, гэта лес, дзе, кажуць мясцовыя, лёгка заблукаць. За дзіўным словам Вомх хаваецца возера каля аграгарадка Аюцавічы. Раней тут было балота, дзе рос мох, адсюль і назва. А мясціну ў вёсцы Сімакава паміж дзвюма ўзвышшамі, дзе знаходзілася меліярацыйная канава, якая па форме нагадвала карыта, так і празвалі – Карыціна. Ёсць на Карэліччыне і Млынавая дарога, што злучае вёскі Мядзвядка і Макашы. Нашы продкі па ёй ездзілі ў млын. Дарэчы, не здзіўляйцеся, калі жыхары вёскі Сімакава адправяць вас ісці Сцяной, бо так называецца яшчэ адна дарога. Раней паабапал яе раслі дрэвы, таму была яна, як за сцяной. Ды і Сымоніха – гэта не мянушка кабеты, а назва ўзвышша каля вёскі М. Мядзвядка, якая паходзіць ад імя парабка, якому калісьці багаты гаспадар падарыў тут кусок зямлі.

Вядома, пра мову тутэйшых на Карэліччыне можна распавядаць бясконца. І мы жадаем вам самім дакрануцца да гэтага скарбу.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ