Кореличская молодежь встретилась с активистами общественных объединений

Дзесяць вучняў ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” сабраліся ва ўтульнай зале Карэліцкай бібліятэкі, каб прыняць удзел у дыскусійным стале “Беларусь на скрыжаванні часоў”. Мерапрыемства, накіраванае на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, сабрала прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў раёна і супрацоўнікаў бібліятэкі.

Адкрыў сустрэчу загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі Міхаіл Лагута, які зрабіў гістарычны экскурс у гісторыю нашай Радзімы, расказаў аб дасягненнях краіны за гады незалежнасці, пра яе перспектывы і надзеі на будучае. Затым слова прадаставілі аднаму з гасцей мерапрыемства, сакратару раённага савета ветэранаў Галіне Ульянка.

– Па доўгу службы часцей за ўсё мне даводзіцца сустракацца з людзьмі сталага ўзросту, ветэранамі. Таму сёння бачыць вас, маладыя і прыгожыя дзевяцікласнікі, мне прыемней удвая, бо, як вядома, вы і ёсць будучыня нашай краіны, – звярнулася до вучняў Галіна Аляксандраўна. – А для таго, каб насамрэч зразумець, за што змагаліся вашы дзядулі і бабулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, я шчыра раю не пашкадаваць часу і наведаць ветэранаў вайны, бо кожны з вас з’яўляецца часткай таго пакалення, якое апошнім бачыць іх ужывую…

Яшчэ адзін госць вечара, бібліятэкар Палужскай сельскай бібліятэкі і член РА РГА “Белая Русь” Таццяна Варабей расказала моладзі аб дзейнасці арганізацыі, яе гісторыі, мэтах і задачах, а таксама аб шматлікіх мерапрыемствах, якія перыядычна ладзяцца на Карэліччыне. З дзейнасцю яшчэ адной раённай арганізацыі – ГА “Беларускі саюз жанчын” – прысутных пазнаёміла дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх, пасля чаго вучняў чакала самае цікавае – віктарына.

Так, у гульнёвай форме моладзь узгадала (а недзе і даведалася), пра геаграфію Рэспублікі Беларусь, яе цікавую гісторыю, шматлікія падзеі ў палітыцы і культуры. Напрыканцы сустрэчы кожны з прысутных прапанаваў уласныя ідэі наконт развіцця малой радзімы, прыняўшы ўдзел у акцыі “100 ідэй для Карэліччыны”. Аказалася, што больш за ўсё падрастаючае пакаленне марыць аб месцах для адпачынку і гандлёвых цэнтрах. Не засталіся па-за ўвагай гарадскі транспарт і добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка, у прыватнасці – зона адпачынку ў гарадскім парку і рамонт дарожак.

Вікторыя КАСЦЮК

Фота аўтара