Маленькаму пасажыру – вялікі клопат. У Карэлічах прайшоў чарговы сумесны рэйд з інспектарамі ДАІ

З 17 па 24 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычную акцыю “Прышпіліўся сам – паклапаціся пра дзіця”. Сімвалічна, што стартаваў комплекс мерапрыемстваў у Міжнародны дзень спантаннага праяўлення дабрыні. А клопат пра самых маленькіх пасажыраў – выдатны спосаб прадэманстраваць яе.

Рэйд з інспектарамі ДПС міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Яўгеніем Шавейкам і Андрэем Гірысам паблізу сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы на вуліцы Гастэлы паказаў, што ўдзельнікі дарожнага руху сур’ёзна ставяцца да бяспекі дзяцей.

Было відаць, што вадзіцелі добра знаёмыя з п. 178 Правілаў дарожнага руху, дзе гаворыцца пра абавязак перавозіць пасажыраў ва ўзросце да 12 гадоў на заднім ці пярэднім сядзенні з выкарыстаннем спецыяльных утрымліваючых сродкаў. Калі рост дзіцяці большы за 150 сантыметраў, то наяўнасць аўтакрэсла неабавязковая, але п. 9 ПДР патрабуе прымянення ў такіх выпадках рамянёў бяспекі. Калі маленькаму пасажыру яшчэ няма 5 гадоў і яго рост 150 сантыметраў, аўтакрэсла неабходна. Калі пры такім жа росце ўзрост дзіцяці ад 5 да 12 гадоў, магчыма выкарыстанне іншых сродкаў утрымліваючага тыпу: падушак для сядзення, бустэраў, дадатковых сядзенняў.

Варта памятаць і пра тое, што за парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў, у прыватнасці дзяцей, без утрымліваючых сродкаў, на вадзіцеля накладаецца штраф у памеры да 108 беларускіх рублёў ці яму выносіцца папярэджванне згодна артыкулу 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь. Паўтарэнне сітуацыі пагражае штрафам да 216 беларускіх рублёў.

Гэта інфармацыя прагучыць працягам тыдня ў межах акцыі “Прышпіліўся сам – паклапаціся пра дзіця” падчас наведвання супрацоўнікамі ДАІ працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі Карэліччыны. Але важна, каб веды ішлі побач з практыкай. Асабліва, калі гаворка ідзе пра самае каштоўнае – жыццё і бяспеку нашых дзяцей.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара