Постам, міласцінай і малітвай. 26 лютага Папяльцовай Серадой у католікаў распачынаецца Вялікі пост

Самы цёмны час – перад світаннем, самая чаканая сустрэча – пасля доўгага расстання, так і найважнейшай хрысціянскай урачыстасці – Вялікадню, святу Ўваскрашэння Збавіцеля нашага Езуса Хрыста – папярэднічае 40-дзённы Вялікі пост. У Касцёле сёлета ён распачынаецца 26 лютага ў Папяльцовую Сераду.

Традыцыі Вялікага посту адсылаюць нас у часы першых хрысціянаў, а яго працягласць звязаная з памяццю пра саракадзённы пост Езуса Хрыста ў пустыні і саракагадовую вандроўку Ізраэлітаў з Егіпту ў Абяцаную Зямлю.

Гэта час духоўнага ачышчэння, глыбокага паяднання хрысціянаў у малітве і супольнага пакаяння. Адпаведны сэнс нясе і пачатак Вялікага посту, калі ў Папяльцовую Сераду святар пасыпае галовы вернікаў попелам са спаленых вярбовых галінак на знак нашай пакуты, жалобы і сыноўяй залежнасці ад Бога са словамі “Ты прах і ў прах вернешся” ці “Навяртайся і вер у Евангелле”. Сапраўды, калі мы прызнаём свае грахі і недасканаласці, нанова адкрываемся на Бога і Яго Слова, то абавязкова вяртаемся да Яго.

Апроч таго, у Папяльцовую Сераду варта ўстрымацца ад мясных і малочных страваў, і лепш, калі здароўе і ўзрост дазваляюць, з’есці толькі адзін сыты пасілак у дзень. Наконт астатняга перыяду Вялікага посту нагадаем, што вернікам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, належыць у гэты час адмовіцца ад ужывання мяса па пятніцах. Што датычыцца яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў, тут абмежаванняў няма.

Але посцімся мы найперш не целам, а душой – стараннай у малітве, уважлівай на Божае Слова, шчодрай на міласціну ў адносінах да іншых, стрыманай у забавах і пустым правядзенні часу, дзейснай на добрыя ўчынкі і трывалай у пакаянні. Таксама вернікаў на дарозе Вялікага посту чакаюць удумлівыя рахункі сумлення і споведзі, рэкалекцыі і духоўныя практыкаванні, набажэнствы Мукі Пана – Крыжовы шлях і Песні жальбы. Так, гэта перыяд пэўных выпрабаванняў і выклікаў, але ён здольны назаўжды перамяніць наша жыццё і надаць яму выключны Божы сэнс.

А напрыканцы Вялікага посту вернікі перажывуць Святы Пасхальны Трыдуум, які пачнецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер, працягнецца Вялікай Пятніцай Мукі Езуса і Вялікай Суботай, будзе мець свой цэнтр у Пасхальнай Вігіліі на ўшанаванне Збаўцы і завяршыцца Нешпарамі Нядзелі Уваскрасення, а разам з тым, пасля 40 дзён, настане доўгачаканы, светлы і бласлаўлёны час святкавання Пасхальнай таямніцы.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ