С благодарностью за мир. На мемориальном комплексе «Звезда» прошёл митинг, посвящённый Дню защитников Отечества (фоторепортаж)

Штогод 23 лютага наш народ урачыста адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта свята ўжо многія дзесяцігоддзі лічыцца ўсенародным, перадаючы з пакалення ў пакаленне глыбокую павагу да тых, хто мужна абараняў свабоду і незалежнасць нашай дзяржавы. З нагоды гэтай памятнай даты мемарыяльны комплекс “Зорка” на мінулым тыдні запрасіў усіх нераўнадушных на мітынг-рэквіем пад назвай “Мы будзем памятаць”.

Як трапна адзначыў у прамове намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч, 23 лютага – асаблівы дзень для беларусаў: “У гэтае свята мы аддаем даніну павагі тым, хто стаіць на варце мірнага жыцця. Ушаноўваем усіх, хто выканаў свой грамадзянскі доўг у радах арміі і флоту, выказваем шчырую падзяку людзям, для каго воінская служба стала прызваннем альбо лёсам. Таму дзякуй вам, нашы абаронцы, за мірнае жыццё і спакой, цішыню ў кожным доме”.

Што значыць абараняць інтарэсы Радзімы, як ніхто іншы ведае начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін: “Ва ўсе часы для кожнага мужчыны былі свяшчэннымі паняцці доўгу, вернасці і любові да Бацькаўшчыны…Перамогі і дасягненні нашага народа не маглі з’явіцца на пустым месцы, таму гэты дзень – лепшая нагода для віншаванняў у адрас тых, хто каваў мірную будучыню для сваіх нашчадкаў”.

Асаблівую атмасферу мерапрыемству на мемарыяльным комплексе надавалі пранізлівыя вершы, якія чыталі юныя зоркі карэліцкай зямлі Дар’я Мокат і Арына Ханько. Здаецца, кожны з прысутных адчуў сапраўдны боль і гонар за тых, хто загінуў дзеля міру на нашай планеце…

Старшыня Карэліцкай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, маёр у адстаўцы Вячаслаў Дробны ўзгадаў час, калі пачалася яго служба ў арміі і заклікаў прысутных шанаваць кожны пражыты дзень, які не палохае нас жудасным грукатам бомбаў.

Пасля шматлікіх слоў падзякі за Перамогу юныя і дарослыя карэліччане ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа мемарыяла і ўшанавалі герояў былых часоў хвілінай маўчання. Прадоўжылася мерапрыемства святочным канцэртам, які адбыўся ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Мітынг-рэквіем даў пачатак абласному патрыятычнаму праекту “Памяць. Адзінства. Перамога”, прысвечанаму 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ініцыятарамі праекту выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, а таксама абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Як адзначаюць арганізатары, праект створаны дзеля захавання гістарычнай памяці аб ваенных дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны і яе безумоўных героях. На мемарыяльным комплексе «Зорка» прагучаў перазвон званоў у памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў павучанне сучаснікам, у першую чаргу, маладому пакаленню, памятаць страшныя старонкі гісторыі і берагчы мір.

Фотагалерэя

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара