Стало известно, какие дороги в Кореличском районе отремонтируют в 2020 году

Дарогі з’яўляюцца неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця. Штогод на іх утрыманне, добраўпарадкаванне і рамонт затрачваюцца значныя фінансавыя сродкі, прыцягваюцца тэхніка і працоўныя сілы дарожна-рамонтных будаўнічых упраўленняў вобласці. У пачатку года складаюцца спісы дарог, стан якіх будзе палепшаны ў бягучым перыядзе.

У 2019 годзе работнікі Карэліцкага ДРБУ № 158 адрамантавалі 8 км мясцовых дарог. Капітальны рамонт праведзены на трох кіламетрах, бягучы – на пяці. Да таго ж у мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю ўчастак вуліцы Танскістаў у г.п. Мір працягласцю 2 км.

– У 2020 годзе плануецца адрамантаваць 14,5 км дарожнай вопраткі раёна: на 0,6 км дарожнікі раёна правядуць капітальны рамонт, на 13,9 км – бягучы, – адзначыў начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага ДРБУ № 158 Юрый Бабанскі. – Як і ў мінулым годзе, сёлета работы праводзяцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця і ўтрымання мясцовых дарог на 2017-2020 гады. Для выканання запланаванага аб’ёму работ выдзелена 1 млн 409 тысяч рублёў. Да таго ж 468 тысяч рублёў пойдзе на ўтрыманне мясцовых дарог. Ужо ў лютым прыступім да бягучага рамонту жвіровага пакрыцця дарог, які плануем завяршыць у сакавіку-красавіку. Тэрмін здачы аб’ектаў, на якіх будзе праводзіцца паверхневая апрацоўка па асфальтабетоне, – ліпень-пачатак жніўня. Аднак у графікі работ нязначныя карэктывы могуць унесці ўмовы надвор’я.

Падрыхтавала Аксана ЯНУШ
Фота аўтара