19 марта католический мир празднует торжество святого Иосифа

19 сакавіка каталіцкіх вернікаў у касцёлах збірае ўрачыстасць святога Юзафа — абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і аднаго з самых улюбёных у народзе святых.

Юзаф — муж Марыі, Маці Езуса Хрыста. Прафесію меў цесляра. Згодна Святому Пісанню, быў чалавекам пабожным, разважлівым, умелым, справядлівым і з мяккім сэрцам, а яшчэ слухаўся сноў. Нездарма і імя яго перакладаецца як «Бог памнажае», «дабаўленне, прырост».

На пачатку сямейнага жыцця з Марыяй на долю Юзафа выпаў няпросты выбар. У тыя часы за цяжарнасць пасля заручынаў жанчына каралася каменаваннем. Таму, калі Юзаф пачуў, што яго каханая Марыя носіць пад сэрцам дзіця, ён хацеў учыніць справядліва і міласэрна — патаемна расстацца з ёю і адпусціць, не прыцягваючы нічыёй увагі. Але ў сне Юзафу з’явіўся анёл Пана, расказаў яму пра таямніцу яго нарачонай і загадаў узяць да сябе Марыю. Мужчына ўсё так і зрабіў. Пасля нараджэння Езуса анёл накіраваў праз праследаванні цара Ірада Юзафа з Марыяй і Дзіцяткам у Егіпет, дзе той верна аберагаў сваю сям’ю. Затым ізноў у сне мужчына даведаўся, што Ірад памёр, пасля чаго выправіўся ў зямлю Ізраэля — але не ў Бэтлеем, а ў Назарэт. Такім чынам верны і чуйны на Божыя пасланні Юзаф узгадаваў Езуса ў бяспецы і клопаце, аберагаў ад непрыемнага і непажаданага, каб Той мог спакойна ісці духоўным шляхам. Просты цясляр, ён дапамагаў узрастаць Хрысту ў мудрасці, ласцы і годных якасцях, сваім прыкладам натхняў слухаць Святое Пісанне, суправаджаў па суботах у сінагогу Назарэта, вучыў Яго рамяству.

Такім чынам, на ўсе часы Юзаф служыць узорам для кожнага выхавальніка, асабліва для кожнага бацькі. А для нас ён — прыклад таго, як моўчкі, без лішніх слоў і сумненняў, верыць Божаму Слову, слухаць, прымаць і добрасумленна выконваць волю Айца. Таксама святы як апякун Езуса заклікае нас жыць моцнай верай і самым быць захавальнікамі Хрыста ў сваім жыцці. Вядома, мы часта сутыкаемся з рэчамі, якіх не разумеем. Але, калі мы, як Юзаф, будзем адказваць Богу «так», то ўбачым цуды, якіх раней не маглі сабе і ўявіць. А дапамогуць нам прыняць такую ласку пакора, паслухмянасць Айцу і малітва.

Ёсць яшчэ адна рыса ў Юзафа, на якую нам варта сёння скіраваць увагу. Ён — руплівы працаўнік, што проста робіць адпаведнае моманту і таму, чаго патрабуе сітуацыя. Але ў сваіх штодзённых клопатах Юзаф бачыць не абавязак, а магчымасць паслужыць Богу і бліжняму. І тым самым прыносіць духоўнасць у штодзённасць. Так і мы можам зрабіць свае будні больш асэнсаванымі, плённымі і захапляльнымі.

А напрыканцы варта звярнуцца да пажадання Папы Францыска. 19 сакавіка 2019 года ён напісаў: «Святы Юзаф, абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі, наглядай за ўсёй Царквой і будзь ёй абаронцам». Сапраўды, хочацца, каб святы апекаваўся кожным з нас ва ўсякую хвіліну жыцця, даваў цярпенне, мудрасць і духоўную сталасць.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Па матэрыялах viber-суполкі «Костел Святого Николая» і сайта catholic.by