Как весеннее настроение участников дорожного движения в Кореличах согласуется с ПДД, газета «Полымя» узнала во время совместного рейда с ГАИ

Сонца свеціць, птушкі спяваюць, вясна натхняе, але не час расслабляцца. З прыходам цёплай пары на дарогах у разы ўзрастае інтэнсіўнасць руху. Якая дарожная сітуацыя складваецца зараз у Карэлічах, мы даведаліся падчас сумеснага рэйда з прадстаўнікамі міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС – старшым дзяржаўтаінспектарам Аляксандрам Палуянам і інспектарам ДПС Яўгеніем Лукашуком.

Пад пільную ўвагу супрацоўнікаў ДАІ ў райцэнтры трапілі вадзіцелі, пасажыры і пешаходы ў раёне вуліцы Гагарына, а таксама паблізу сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы на вуліцы Гастэлы. Асноўнай нагодай для прафілактычных размоў з імі стаў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Прышпіліся да бяспекі!”, прысвечаны прапагандзе выкарыстання рамянёў бяспекі, дзіцячых утрымліваючых сродкаў і моташлемаў.

Дзяржаўтаінспектары нагадалі жыхарам і гасцям Карэліч не толькі пра важнасць выканання ПДР, але і пра адказнасць у выпадку іх парушэння. Так, калі вадзіцель ігнаруе рамяні бяспекі і моташлемы, то для яго прадугледжана пакаранне ў выглядзе папярэджання альбо штрафа ў памеры да 1 б.в. Пры паўторным парушэнні на працягу года штраф узрастае ад 2 да 5 б.в. Нядбайнага пасажыра таксама чакае папярэджанне альбо штраф у памеры ад 1 да 3 б.в.

Што датычыцца дзяцей, то тут, вядома, адказнасць нашмат большая. Гаворка ідзе не толькі пра тое, што ў выпадку парушэння правіл перавозкі юных пасажыраў прадугледжана папярэджанне альбо штраф да 4 б.в., а пры паўтарэнні непрыемнай сітуацыі працягам года – ад 2 да 8 б.в. Галоўнае – маральная адказнасць за самых неабароненых удзельнікаў дарожнага руху, за іх здароўе і жыццё.

Асабліва гэта актуальна гучыць у час вясновых канікул. Для дзяцей – гэта свабода, ровары, скейты, ролікі і гульні на свежым паветры, а для дарослых – сур’ёзны перыяд, калі неабходна пільна сачыць за тым, каб з юнымі пешаходамі і пасажырамі не здарылася бяды.

Тым больш, раён у нас сельскагаспадарчы, і пасяўная кампанія актыўна стартавала. А значыць на дарогах інтэнсіўнасць руху сельгастэхнікі, у тым ліку буйнагабарытных і ціхаходных машын, заўважна ўзрасла.

Таму важна памятаць: вясна – гэта цудоўна, але ўважлівасць і адказнасць для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху ніхто не адмяняў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара