Насущные вопросы жизнедеятельности сельчан обсудили на районном семинаре-совещании

Старасты вёсак карыстаюцца выключным аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. Да таго ж яны з’яўляюцца звязуючым звяном паміж жыхарамі населенага пункта і мясцовай уладай. Спектр пытанняў, які вырашаецца з удзелам старастаў, досыць шырокі. Накіраваны яны на жыццезабеспячэнне і стварэнне бяспечных умоў пражывання вяскоўцаў. Аб тым, што сёння хвалюе сяльчан і на якія моманты неабходна звярнуць пільную ўвагу, ішла размова ў мінулую пятніцу, 13 сакавіка,  на семінары-нарадзе з удзелам раённай вертыкалі ўлады, пракурора Карэліцкага раёна Аляксандра Мельнікава, прадстаўнікоў службаў і арганізацый Карэліччыны, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Папярэдзіць трагедыі

Адкрыў семінар-нараду старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, які падкрэсліў, што інстытут грамадскага самакіравання дае магчымасць простым людзям удзельнічаць у прыняцці важных рашэнняў на мясцовым узроўні, а прадстаўнікам улады ведаць меркаванне вяскоўцаў наконт асноўных пытанняў жыццезабеспячэння.

– На сённяшні дзень у склад органаў мясцовага грамадскага самакіравання ўваходзяць 27 вулічных камітэтаў і 109 старастаў, – адзначыў Аляксандр Шкадаў. – Гэта тыя ініцыятыўныя людзі, якія без аніякай матэрыяльнай зацікаўленасці аказваюць нам значную падтрымку і дапамогу ў рашэнні сацыяльных праблем сяльчан, праводзяць прафілактычную і інфармацыйную работу з насельніцтвам.

Так, мы жывём у мірны час. Аднак толькі задумайцеся над лічбамі загінулых ад знешніх прычын: у 2019 годзе ў краіне ад атручвання няякасным алкаголем памерла каля 1500 чалавек, на пажарах – прыкладна 500-600 жыхароў, ад самазабойства – каля 1800 чалавек, забойства – 300.

Такія трагічныя прыклады ёсць і ў нашым раёне. Таму мы павінны зазірнуць унутр кожнай праблемы і весці якасную прафілактыку ў тым ці іншым напрамку.

Заслужаныя людзі з ліку старастаў сёння з’яўляюцца годным прыкладам і памочнікам сельскіх Саветаў дэпутатаў:

– імя старасты в. Рап’ёва Ніны Свірыд занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна;

– за апошнія 15 гадоў 5 старастаў: П. Мацук, А. Палуян,  М. Дасько, С. Абламейка, Т. Манько занесены на раённую Дошку гонару;

– Пётр Мацук удастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Старасты вёсак Радунь і Лемнікі Валянціна Манюк, вёсак Трашчычы і Уша Таісія Куневіч, в. Кожава Святлана Абламейка, в. Любанічы Мікалай Пахолак, в. Скорычы Пётр Мацук, вёсак Беражна і Крынічнае Яніна Часновіч, в. Некрашэвічы Анатолій Палуян, в. Мінакі Ганна Сінкевіч неаднаразова ўзнагароджваліся Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі абласнога і раённага выканкамаў, абласнога і раённага Савета дэпутатаў.

Надзею на актыўнае ўзаемадзеянне органаў грамадскага самакіравання з праваахоўнікамі раёна выказаў начальнік Карэліцкага РАУС Аляксей Гаўрош.

– Асноўнай праблемай жыхароў сельскай мясцовасці, якая становіцца прычынай большасці правапарушэнняў і злачынстваў, з’яўляецца п’янства, – падкрэсліў начальнік райаддзела. – Чарговы трагічны прыклад, у якім алкаголь сыграў ракавую ролю, адбыўся на мінулым тыдні ў Сіняўскай Слабадзе. Брат забіў брата. А колькі выпадкаў, калі дарослыя дзеці, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, забіраюць пенсіі састарэлых бацькоў, каб набыць чарговую бутэльку. Таму, калі вы ведаеце аб існаванні такіх сітуацый, не заставайцеся безуважнымі да чужой бяды, абавязкова інфармуйце праваахоўнікаў раёна. З’явіліся ў вёсцы прадстаўнікі народнасці рома, (альбо цыганы) — патэлефануйце па нумары 102. Тым самым вы папярэдзіце правапарушэнні з іх боку.

Усё выступленне начальніка Карэліцкага РАНС Дзяніса Стадольніка таксама было накіравана на стварэнне бяспечных умоў пражывання сяльчан, дзе асаблівая роля адводзіцца прафілактычнай рабоце з насельніцтвам.

– Калі раней асноўнымі прычынамі пажараў былі няспраўнасць пячнога абсталявання, электраправодкі, то цяпер на першы план выйшаў чалавечы фактар, – адзначыў Дзяніс Стадольнік. –  Як правіла, да трагедыі прыводзяць неасцярожнае абыходжанне з агнём, п’янства. Нярэдка пажары адбываюцца ў дамах, якія выкарыстоўваюцца для часовага пражывання. У раёне налічваецца 2660 дач, уладальнікі якіх часцей за ўсё з ліку гарадскога насельніцтва і не ведаюць пра ўсе нюансы пячнога ацяплення.

Начальнік РАНС звярнуў увагу прысутных на пачатак пажаранебяспечнага перыяду, які традыцыйна стартуе з вясенніх палаў травы, калі сяльчане прыступаюць да генеральнай уборкі прысядзібных тэрыторый.

На парадку дня — смеццевае пытанне

Тэма збору і вывазу цвёрдых камунальных адходаў была і застаецца надзвычай актуальнай для сельскай мясцовасці. У сувязі з закрыццём і рэкультывацыяй на тэрыторыі раёна міні-палігонаў востра ўстала праблема ўзнікнення несанкцыянаваных звалак. Як будзе развівацца смеццевае пытанне надалей, агучыў галоўны інжынер РУП ЖКГ Мікалай Лукашкоў.

– На сённяшні дзень крыху больш за 14 тысяч карэліччан, альбо 72,6% насельніцтва, заключылі дагаворы на аказанне паслугі па вывазе цвёрдых камунальных адходаў. Куды ж выкідваюць смецце астатнія? – задаўся пытаннем Мікалай Лукашкоў. – Ствараюць несанкцыянаваныя звалкі. Згодна закону, сёння кожны абавязаны заключыць дагавор на вываз смецця. А плата ў памеры 1,66 руб. у месяц за паслугу не такая і вялікая. Толькі пры падтрымцы старастаў вёсак мы зможам дайсці да кожнага.

Што ж рабіць з тым смеццем, якое не адносіцца да цвёрдых камунальных адходаў? Напрыклад, будаўнічае смецце, спілаваныя дрэвы і інш. Можна за пэўную плату заказаць тэхніку РУП ЖКГ і вывезці яго на палігон каля в. Беразавец. Альбо самастойна прывезці смецце на палігон, заплаціўшы 4,79 руб. за ўтылізацыю аднаго кубічнага метра адходаў.

Аб навядзенні належнага санітарнага парадку ў населеных пунктах, на тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, стане палігонаў, смеццевых кантэйнераў падрабязна расказалі галоўны ўрач Карэліцкага райЦГЭ Аляксандр Германюк і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Ляўковіч.

Пустуючыя і небяспечныя

На тэме пустуючых і старых дамоў, якія псуюць знешні выгляд населеных пунктаў, з’яўляюцца пажаранебяспечнымі аб’ектамі і нясуць пагрозу здароўю і нават жыццю сяльчан, падрабязна спынілася начальнік аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірына Малышава. Ужо абследавана больш за 700 будынкаў. Інфармацыя аб такіх домаўладаннях размяшчаецца ў рэестры на сайце райвыканкама, а таксама размяшчаецца на старонках раённай газеты “Полымя”. На працягу месяца з даты атрымання апавяшчэння альбо з моманту апублікавання звестак у раённай газете “Полымя” (калі ўладальнік невядомы) уладальнік дома павінен апавясціць аддзел ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама аб намеры выкарыстання будынка. У выпадку, калі гаспадар не аб’явіўся, дом будзе ўключаны ў рэестр пустуючых. У 2019 годзе былі знесены 8 пустуючых і 32 старыя дамы. У бягучым годзе работа будзе працягвацца.

Дарогам — першаступенную ўвагу

Падвёў вынікі раённага семінара-нарады старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

– Усе мы хочам, каб у адзін момант вакол нас стала чыста і прыгожа. Аднак так не атрымаецца. Толькі паступовая работа, якая можа працягвацца не адзін год, прывядзе да жадаемых вынікаў. А мэта ў нас адна – зрабіць жыццё жыхароў раёна больш якасным і камфортным. Тут першаступенную ўвагу неабходна надзяліць стану дарог Карэліччыны. Яны – галоўная сувязь паміж населенымі пунктамі. Па іх імчацца на дапамогу жыхарам раёна медыкі, праваахоўнікі, пажарныя, у рабоце якіх кожная хвіліна на вагу золата. Так, праблемныя пытанні ёсць, але на ніводнае з іх мы не закрываем вочы, а імкнёмся вырашыць па меры магчымасці.

Завяршылася мерапрыемства прыемным момантам узнагароджвання. Так, за шматгадовую добрасумленную работу ў органах мясцовага самакіравання, актыўную грамадскую дзейнасць па месцы жыхарства Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны дэпутат Турэцкага сельскага Савета дэпутатаў, стараста в. Лыкавічы Наталля Ясюля і дэпутат Красненскага сельскага Савета дэпутатаў, стараста вёсак Жукі і Востухава Таццяна Дзедуль.

З першых вуснаў:

Пётр МАЦУК, старшыня Савета старастаў раёна, стараста в. Скорычы Ярэміцкага сельсавета:

– Старасты ў вёсках пачалі з’яўляцца ў 2005 годзе. Якія пытанні знаходзяцца ў нашым полі зроку? Іх шмат: добраўпарадкаванне вуліц, утрыманне ў належным стане прыдамавых тэрыторый, могілак, вулічнае асвятленне, работа аўталаўкі, сумесная работа з суб’ектамі прафілактыкі. Адным словам, усе пытанні, якія хвалююць мясцовых жыхароў і ад якіх залежыць іх дабрабыт. З асабістага вопыту адзначу, што быць старастам вельмі адказна. Бо ты служыш своеасаблівым прыкладам для ўсіх астатніх. Менавіта да старасты аднавяскоўцы ідуць і ў горы, і ў радасці. Заслужыць давер у людзей нялёгка. Ні ў якім разе нельга даваць пустых абяцанняў. Сказаў – зрабі. Іншага варыянту быць не можа.

Галіна ЛЫНЬКО, дэпутат Ярэміцкага сельскага Савета дэпутатаў, стараста в. Лядкі:

– Старастай Лядак з’яўляюся каля 15 гадоў. Людзі ў нас добрыя, дружныя. Калі ўзнікае якая-небудзь праблема, тэлефануюць мне, раяцца. Сёння на семінары вельмі шмат гаварылі аб цэнтралізаваным вывазе смецця. Гэтае пытанне мы ўжо вырашылі. 100% жыхароў вёскі і дачнікаў заключылі дагаворы з ЖКГ.  Безумоўна, спачатку далёка не ўсе згаджаліся плаціць грошы за вываз цвёрдых камунальных адходаў. Сёння ж мясцовыя жыхары вельмі задаволены. Як толькі пятніца — усе мяшкі са смеццем на вуліцу выстаўляюць.

Оксана ЯНУШ

Фото автора