В чем секрет таланта и где искать вдохновение в буднях, узнали гости творческой встречи с кореличской поэтессой Александрой Панасенко

Карэліцкая раённая бібліятэка – адно з тых месцаў, дзе жыве душа. Гэта можна сказаць з упэўненасцю, бо тыя імпрэзы, якія ладзяцца час ад часу ў чытальнай зале, запальваюць людскія сэрцы і зачароўваюць людскія душы. Вось і ў гэты раз адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя “З родным краем дыхаю заадно”, галоўным госцем якой стала таленавітая пісьменніца і шчырая, чулая жанчына Аляксандра Панасенка.

Нарадзілася яна ў адной з невялікіх вёсак Дзятлаўскага раёна, дзе бацькі і прывілі маленькай Сашы любоў да паэзіі і прыроды роднага краю. Як расказвае гераіня, бабуліны гісторыі і паданні сталі для дзяўчынкі сапраўднай дарогай у краіну любові, вернасці і гармоніі, якія праз гады знойдуць сваё адлюстраванне ў яе вершах.

Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута Аляксандра Панасенка выкладала рускую мову і літаратуру ў трох школах Карэліччыны, пасля чаго стала дырэктарам адной з іх.

– Здаецца, у маім жыцці было ўсё: і бяссонныя ночы за праверкай вучнёўскіх сшыткаў, і ролі сацыяльнага педагога, рэжысёра, сцэнарыста… Мой шлях праходзіў праз вялікую колькасць самых розных людзей, што дазволіла глыбей акунуцца ў паняцце чалавечай душы, яе мары і жаданні, – падзялілася Аляксандра Іванаўна.

Дарэчы, на думку гераіні, быць настаўніцай – гэта не толькі паспяхова скончыць інстытут. Гэта значыць любіць вучняў, бачыць і разумець тое, што непакоіць іх маладыя душы.

Узгадваючы далёкія часы, калі жанчына рабіла свае першыя спробы пяра, яна ўспамінае, што пачаткам творчага шляху стаў верш пра ваеннае ліхалецце, пасля чаго Аляксандра Іванаўна пачала пісаць пра каханне, складаны чалавечы лёс, родных людзей і тых, хто аказаў дапамогу жанчыне ў цяжкія часы. Так, у скарбонцы аўтара існуюць вершы, прысвечаныя сем’ям урачоў Жарскіх і Шут, з якімі па волі лёсу ёй давялося сустрэцца…

– Часта мяне пытаюць аб тым, ці з’яўляюцца мае вершы аўтабіяграфічнымі, бо большасць з іх пачынаецца са слова “Я”. Вядома, некаторыя з паэтычных гісторый сапраўды адлюстроўваюць мой жыццёвы лёс, але далёка не ўсе. Дзякуючы гэтаму займенніку людзі, якія чытаюць вершы, могуць убачыць і адчуць менавіта свае гісторыі, якія зусім выпадкова перапляліся з тым, што адчуваю я… Такім чынам, мы з чытачом нібыта становімся адным цэлым. І гэта цудоўна, – распавяла жанчына.

Што тычыцца таго, дзе паэт бярэ натхненне, то адказ у Аляксандры Іванаўны просты: у самім жыцці. Па яе словах, вершы складаюцца ў двух выпадках: або калі на душы хораша, або – калі дрэнна. Іншага не дадзена.

Былі ў жыцці сціплага паэта і рэчы, якія хоць і натхнілі яе на вершы, але зрабілі гэта хутка і неспадзявана: жанчыне давялося перажыць смерць мужа і любімага ўнука. Падчас шчырай размовы Аляксандра Іванаўна прызналася, што ў такія моманты вельмі цяжка знайсці ў сабе сілы і прадоўжыць жыць далей, але галоўнае – памятаць менавіта ўсё добрае і светлае, што не раз грэе людское сэрца.

Дарэчы, імпрэза была прымеркавана да Году малой радзімы, які сёлета завяршае сваю трылогію. Да супрацоўнікаў бібліятэкі, якія сталі галоўнымі арганізатарамі вечара, таксама прыядналіся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на чале з яго загадчыкам Вольгай Жук. Таму, акрамя вершаў, якія чытала Аляксандра Панасенка, за смачнай гарбатай і цукеркамі прысутных чакалі песні ў выкананні Тамары Юрчык, Лідзіі Алясюк і Мікалая Друцькі. Не засталіся без увагі і вершы беларускіх паэтаў: усім знаёмыя і любімыя радкі з радасцю прадэкламавалі Алена Толмач, Марыя Касцюкевіч і Вера Сцяцко.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара