В Кореличском районе открыт сезон школьных лагерей

Вясновыя канікулы пачаліся па-зімоваму снежна. Але сонечны настрой карэліцкіх дзяцей, якія зараз адпачываюць у школьных лагерах, гэты факт ніяк не сапсаваў.

Усмешкамі і зарадам бадзёрасці з намі падзяліліся ў сярэдняй школе №2 г.п. Карэлічы, дзе 30 сакавіка распачаў сваю працу дзіцячы лагер.

– Сёлета вясновы адпачынак у школьных сценах абралі 23 чалавекі, – распавяла начальнік лагера Кацярына Варанко. – Па 4 красавіка ўключна хлопчыкаў і дзяўчынак чакае насычанае і актыўнае жыццё. Мы хочам, каб канікулы для дзяцей былі багатымі на яркія фарбы. Нездарма наш лагер называецца “Вясёлка”. Нашых выхаванцаў чакаюць такія тэматычныя дні, як смеха і зачаравання, талентаў і разумнікаў, дзіцячай кнігі і дружбы, здароўя і спорту. Лагер запомніцца дзецям творчымі і спартыўнымі святамі, конкурсамі фотаздымкаў і малюнкаў, заняткамі па інтарэсах і музычнымі гасцёўнямі, віктарынамі і спаборніцтвамі, пазнавальнымі і забаўляльнымі хвілінкамі. А калі дадаць да гэтага смачнае і карыснае харчаванне, прадуманы рэжым дня, дзе ёсць час і для зарадкі, і для дзённага сну, і для прагулкі на свежым паветры, то атрымаецца формула выдатнага дзіцячага адпачынку.

Усяго ў раёне на вясновых канікулах працуюць 8 школьных лагераў, якія наведваюць 104 юныя карэліччаніны.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара