В Кореличском районе сельхозтехника почти на 100% готова к выходу в поле

Дзяржтэхагляд сельгастэхнікі перад пасяўной кампаніяй – мерапрыемства надзвычай адказнае. Штогод механізатары гаспадарак Карэліччыны з веданнем справы рыхтуюць замацаваную за імі тэхніку, бо добра разумеюць, што вясной у полі трэба працаваць, а не прастойваць. Сёлета, пачынаючы з пачатку сакавіка, на лінейку гатоўнасці паступова пастаўлены трактары, прычэпы і пагрузчыкі 10 сельгаспрадпрыемстваў раёна, а таксама ААТ “Карэлічы-Лён” і ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.

У дзяржтэхаглядзе прынялі ўдзел галоўны дзяржінспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пярэська, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрый Шугля, інжынерныя службы гаспадарак, а таксама інспектар міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Уладзімір Брынкевіч, які правёў з прысутнымі механізатарамі прафілактычную гутарку і нагадаў ім аб правілах дарожнага руху.

Як вядома, у тэхнічным аглядзе дробязяў не бывае, а ў спраўнасці тэхнікі механізатар павінен быць поўнасцю ўпэўненым. У полі зроку правяраючых аказаліся знешні выгляд кожнага транспартнага сродку, рухавік, яго тармазная сістэма, рулявое кіраванне, электраправодка і электраабсталяванне, знешнія светлавыя прыборы, гукавая сігналізацыя, стан шын і колаў. Да таго ж пільная ўвага падчас дзяржтэхагляду была накіравана на наяўнасць у механізатараў усіх неабходных дакументаў на кіраванне транспартным сродкам, медыцынскай аптэчкі ў кабіне кожнага трактара.

– Інжынерныя службы гаспадарак Карэліччыны добра падрыхтавалі трактарныя паркі да дзяржтэхагляду, – канстатаваў Мікай Пярэська. – Аб гэтым сведчыць працэнт гатоўнасці тэхнікі да палявых работ – 93%. Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца 472 трактары, з якіх 57 энерганасычаных, 326 прычэпаў і 81 пагрузчык.

Асабіста давялося паназіраць за правядзеннем тэхнічнага агляду на мехдвары СВК “Жухавічы” ў агр. Вялікія Жухавічы. З самага ранку адрамантаваныя і пафарбаваныя трактары пастаўлены на лінейку гатоўнасці.

Па словах галоўнага інжынера СВК “Жухавічы” Васілія Казлоўскага, кожны механізатар з адказнасцю падыйшоў да рамонту і абслугоўвання сваёй тэхнікі. Таму падрыхтоўка транспарту да дзяржтэхагляду прайшла ў штатным рэжыме. У асноўным усе работы выкананы сіламі інжынернай службы гаспадаркі. Толькі рамонт двух рухавікоў энерганасычаных трактароў ажыццяўляўся на Барысаўскім рамонтным прадпрыемстве “Полымя-Агра”.

Адным з першых паспяхова вытрымаў галоўны тэхнічны экзамен механізатар СВК “Жухавічы” Дзмітрый Собаль. Да трактара “Беларус 3022”, на якім працаўнік ужо прыступіў да пасяўной, не было ніякіх заўваг у правяраючых. Адразу пасля дзяржтэхагляду механізатар адправіўся сеяць яравы авёс.

– У гаспадарцы працую чатыры гады, – адзначае працаўнік. – Безумоўна, да дзяржтэхагляду рыхтавацца трэба загадзя, на працягу зімовых месяцаў. Ісціна простая: зробіш усё на сумленне, тады ўвесь аграрны сезон адпрацуеш без праблем.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара