К 80-летию Кореличского района. Директор мельницы Павел Железнякович был избран кандидатом в депутаты Мирского райсовета

Карэліцкі раён сёлета адзначае свой 80-гадовы юбілей. Утвораны ён быў хутка пасля пачатку Другой сусветнай вайны і вераснёўскіх падзей 1939 г., калі войскі Чырвонай Арміі  вызвалілі землі Заходняй Беларусі, якія з 1921 г. знаходзіліся ў складзе Польшчы. 22 кастрычніка 1939 г. адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які  прыняў рашэнне аб устанаўленні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель і прызнанні ўсёй зямлі ўсенароднай уласнасцю. 14 лістапада 1939 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла “Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР”.  Праз два месяцы, 15 студзеня 1940 г., з’явіўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларусі. У склад Баранавіцкай вобласці ўвайшло 26 раёнаў, сярод іх Валеўкаўскі з раённым цэнтрам у в. Валеўка і Мірскі – з раённым цэнтрам у гарадскім пасёлку Мір. 12 кастрычніка 1940 г. Валеўкаўскі раён быў падзелены на 14 сельсаветаў, сярод якіх быў і Карэліцкі, але ўжо 25 лістапада цэнтр раёна з в. Валеўка быў перанесены ў м. Карэлічы і раён перайменаваны ў Карэліцкі. Пражывала ў ім тады 37058 чалавек. У Мірскім раёне, падзеленым на 12 сельсаветаў, налічвалася 35162 жыхары, з іх у Міры – 6437 чалавек.

У сакавіку 1940 г. адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы БССР і СССР ад заходніх абласцей Беларусі. Дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР ад Баранавіцкай вобласці сярод іншых былі выбраны Фама Ласко (Валеўкаўская акруга), Людміла Гаўрыловіч (Мірская акруга) і Уладзімір Царук (Стаўбцоўская акруга).

Уладзімір Царук

15 снежня 1940 г. прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Кандыдатамі ў дэпутаты Мірскага раённага Савета былі вылучаны намеснік старшыні калгаса імя 17 верасня Алена Куневіч, старшыня калгаса “1 Мая” Уладзімір Штыцько, былы член КПЗБ, дырэктар млына Павел Жалезняковіч. У Карэліцкім раёне кандыдатам у раённы Савет была вылучана калгасніца Марыя Марчук, у абласны Савет – старшыня калгаса Іван Гладкі.

Павел Жалезняковіч

На працягу лістапада 1939 г. – студзеня 1940 г. у заходніх абласцях былі створаны абласныя, раённыя і гарадскія камітэты партыі. Партыйныя арганізацыі ўзначалілі прысланыя з усходніх раёнаў партыйныя кадры. Так, першым сакратаром Мірскага РК КП(б)Б быў прызначаны Еўна Сосінаў, былы кіраўнік справамі мастацтваў пры СНК БССР. Першым сакратаром Валеўкаўскага райкама партыі стаў Гаўрыла Дзянісаў, былы другі сакратар Багушэўскага райкама партыі.

1 лютага 1940 г. была створана камсамольская арганізацыя Валеўкаўскага раёна, якую узначаліў Чучынскі. Спачатку ў яе саставе было ўсяго 5 чалавек, але ўжо ў верасні ў раёне налічвалася 13 пярвічных камсамольскіх арганізацый, на ўліку якіх састаяла 104 камсамольцы. Адначасова была створана піянерская арганізацыя Валеўкаўскага раёна, якая ў верасні вырасла да 80 чалавек. Камсамольская арганізацыя Мірскага раёна пачала дзейнічаць з 10 лютага 1940 г. Спачатку ў ёй было 5 камсамольцаў, якія прыбылі з усходніх абласцей. У верасні на тэрыторыі раёна існавала ўжо 15 пярвічных арганізацый, у якіх налічвалася 113 камсамольцаў, з іх 45 чалавек прыбыло з усходніх абласцей. У піянерскай арганізацыі на той час налічвалася 149 піянераў.

Уладзімір Царук (першы злева) і Сяргей Прытыцкі (другі злева)

28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся народны сход Заходняй Беларусі.

Ён прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі.

(Працяг будзе)

Спасылка на частку 2: «К 80-летию Кореличского района. Чем жил наш край в 1940-1941 годах?»

 Святлана Кошур
Фота з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея