1 апреля проводим на Кореличчине усиленный курс смехотерапии

Надвор’е, як і вірусы, сёлета не даюць нам засумаваць. І мы прапануем вам нестандартны варыянт, як падняць жыццёвы тонус ды ўмацаваць імунітэт, – курс смехатэрапіі па-беларуску.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Марыя Шульц

Але дзе знайсці ў Карэлічах такія дзіўныя лекі? У звычайнай аптэцы беларускі гумар па рэцэпце наўрад ці можна купіць. Затое ў нашых сяброў – супрацоўнікаў Карэліцкай раённай бібліятэкі – такіх прэпаратаў знайшоўся не адзін стос.

А пачалі мы нашу смехатэрапію са зборніка “Беларусы смяюцца”, дзе Алена і Вячаслаў Кліменка сабралі творы і жыццёвыя гісторыі 20 знакамітых айчынных карыкатурыстаў. Працягнулі аздараўленчы курс кнігай “Пісаравы імяніны” Якуба Коласа з гумарыстычнымі апавяданнямі. Замацавалі класічнае лячэнне зборнікам “Беларускія байкі” ў кампаніі з Францішкам Багушэвічам, Максімам Багдановічам, Янкам Купалам, Кандратам Крапівой і іншымі майстрамі трапнага слова. Сярод іх – Эдуард Валасевіч, які, дарэчы, парадаваў нас яшчэ кнігамі “Моваю Эзопа” і “Рагаты анёл”, ды Міхась Скрыпка і яго жартаўлівыя творы “І з перцам, і з сэрцам”. Завяршылі курс сатырычным лекавым зборам. Тут нам дапамаглі Панас Палітыка з “Праверкай”, Георгій Юрчанка з “Парнаскімі ўхабамі” і “У натхнёнай паграбенцы”, Аляксей Карпюк са “Свежай рыбай”, Валянцін Зуб з “Чорным катом”, Васіль Вітка з “Для дома, для альбома і трохі для эпохі”, Алесь Кавалевіч з “Ноччу з Юзікам” і калектыў аўтараў зборнікаў “Ад варот паварот” ды “Эліксір маладосці”.

Рыцар

З клуба Анку вёў Іван.
Глянеш збоку – д’Артаньян!
А сустрэлі хулігана –
Толькі бачыў д’Артаньяна!

Апанасава бяда

Бяда ў Апанаса:
Ён часам
У жонкі сядзеў пад абцасам.
Пазбыць каб бяду такую –
Узяў сабе жонку другую.
Як птушачка тая шчабеча…
Усеўшыся мужу на плечы.

Міхась СКРЫПКА

Мёд і рэдзька

– Калі мяне ў мядку прыгатаваць –
Ласунку лепшага і ў сне не прыгадаць!
За цукар саладзей, смачней за грушы!
Старога і малога ад мяне не адарвеш за вушы!
Вось гэта ежа – проста асалода! –
Захліпвалася Рэдзька з агарода.
– Вядома, — адгукнуўся жоўты Агурок, –
І я з ім меў бы іншы смак,
Ды і без нас з табой нішто мядок!
Бывае так:
Сябе мы часам выстаўляем,
А добрага ў другіх не прыкмячаем.

Эдуард ВАЛАСЕВІЧ

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ